У Мазыры на «хіміі» стварылі невыносныя ўмовы для зняволеных

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 21 у Мазыры, так званая «хімія»  – адна з тых, дзе рэжым катуе шматлікіх палітвязняў. Пры гэтым кіраўніцтва ўстановы наўмысна стварае для вязняў кепскія ўмовы і не хоча вырашаць побытавыя праблемы будынка.

file_1385.jpg

Палеская Вясна атрымала фотаздымак аднаго з пакояў установы. У ім усталявана пяць ложкаў, пасярэдзіне шчыльна да аднаго з ложкаў стаіць стол. А праходы паміж сталом і астатнімі ложкамі такой шырыні, што туды не змяшчаецца нават звычайнае драўлянае крэсла. Пры гэтым на ўсіх насельнікаў пакоя не хапае крэслаў, бо пятае крэсла папросту няма дзе паставіць.
Як паведамляюць зняволеныя, зараз на адным з паверхаў установы адбываецца рамонт. Але, відавочна, на колькасць вязняў гэта не ўплывае. Іх накіроўваюць ва ўстанову не зважаючы на тое, што вялікая колькасць пакояў выведзеная з выкарыстання.
Акрамя таго, праблемай установы з’яўляецца тое, што ў актавай залі і ў некаторых памяшканнях побач, а таксама ў памяшканні для сустрэчаў з наведвальнікамі ўвесь час трымаецца смурод ад каналізацыйнага паху. Магчыма, нейкія праблемы ў падвале. Калі дзверы ў гэтыя памяшканні адчыненыя, то непрыемныя пахі разносяцца па іншых памяшканнях. Сядзельцы лічаць, што менавіта з-за іх цяпер адмененыя сустрэчы са сваякамі і блізкімі, хаця адміністрацыя тлумачыць гэта антыкавіднымі захадамі. Адміністрацыя ўстановы не можа альбо не хоча вырашаць праблему каналізацыйнага паху ўжо некалькі гадоў. Такое стаўленне да насельнікаў установы паказвае, што кіраўніцтва не лічыць патрэбным паважаць чалавечую годнасць зняволеных.
Ужо неаднаразова зняволеныя ў гэтую ўстанову скардзіліся пра ўмовы свайго знаходжання там у Генпракуратуру і іншыя інстанцыі. Але стварыць умовы, якія б не прыніжалі чалавечую годнасць засуджаных, карны орган так і не мае жадання стварыць.
palesse.press