«У Польшчы ці Літве сітуацыю не вырашыш. Трэба быць тут і рабіць тое, што ў тваіх сілах»

Мікалай Бандарэнка заняў актыўную палітычную і грамадзянскую пазіцыю задоўга да жніўня 2020 года. Пасля таго, як сілавікі збілі Мікалая на Плошчы ў 2010 годзе, ён фактычна страціў зрок. Падзеі дзесяцігадовай даўніны сталі для яго своеасаблівай кропкай незвароту.

dsc_0022_logo.jpg


Плошча–2010

— Мне 52 гады, але на выбары я ўпершыню я пайшоў толькі ў гэтым жніўні, — адразу пачынае аповед Мікалай Бандарэнка. — Два разы за жыццё я быў незалежным назіральнікам: на мяне складалі пратаколы і выкідвалі з участкаў. Таму я ведаў, што такое выбары ў Беларусі.
Да 2010 года Мікалай актыўна не ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны. Ён тлумачыць гэта тым, што перажываў за жонку і малую дачку. Аднак Плошча ў 2010 годзе цалкам змяніла яго свядомасць.
— Увечары я прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, — узгадвае Мікалай дзень выбараў у 2010 годзе. — Мяне там збілі сілавікі — і выключыўся. Калі апрытомнеў, то быў прышпілены кайданкамі ў аўтобусе.
Там Мікалая збівалі нагамі і дручком: «Выкінулі мяне з каля Нямігі. Я не пайшоў дадому, бо баяўся спужаць жонку, таму выправіўся да сваякі». Яму экстранна зашылі разбітую галаву, пасля Мікалай звярнуўся да лекараў, яму паздымалі швы.
— Усё нібыта стала наладжвацца, — узгадвае Мікалай. — Я вярнуўся да працы: у мяне была кропка ў «Экспабеле».
Аднак у хуткім часе Мікалая стаў турбаваць часты галаўны боль: «Галава балела недзе тры гады. Ціск быў нармальны, але галава балела… Я проста думаў, што гэта наступствы таго збіцца, і ўсё глушыў абязбольваючымі».

dsc_0006_logo.jpg


Страта зроку

— У той дзень я быў на працы, як раптоўна, на працягу паўгадзіны я страціў зрок, — узгадвае Мікалай. — Мяне завезлі ў бальніцу. Жонка паехала дадому, каб прывезці неабходныя рэчы, бо на ранак мне прызначылі аперацыю.
Абследаванне паказала, што ў Мікалая было адслаенне і разрыў сятчаткі. Мембрана, якая была на правым воку, пасля збіцця стала расці. У выніку, яна закрыла ўсё вока.
Практычна год я ляжаў у бальніцы, мне зрабілі тры аперацыі. Яны былі не вельмі ўдалымі: зробяць, праходзіць два тыдні — зноў разрыў сятчаткі. Аднак доктарка сказала, што будзе біцца за мяне да канца. Пасля апошняй аперацыі, калі мяне рыхтавалі на выпіску, з роспаччу спытаў: «Дык што, гэта ўсё?» А мне адказалі, маўляў, я мушу дзякаваць за гэта, бо раней нічога не бачыў, а цяпер бачу абрысы людзей, калідор, сам магу распранацца і апранацца…

12439436_1042507512452194_1792658423707642612_n.jpg


Аднак Мікалай змагацца не кінуў, хоць яму і казалі, што мембрана неаперабельная: «Мне сказалі, што калі зараз я бачу перыферыйным зрокам, то пасля аперацыі наогул не змагу бачыць нічога. Праз год я паехаў у Германію ў афтальмалагічную клініку. На жаль, там таксама мне не дапамаглі».
Зрок на левым воку, якое бачыць абрысы, — мінус 20. Аднак праблема ў тым, што яго немагчыма скарэктаваць з дапамогай акуляраў.
— Пасля гэтага ў мяне з’явілася нейкая злосць, ці што на гэту ўладу. Да 2010 года я стараўся аказваць грашовую дапамогу апазіцыйнаму руху, бо быў звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Пасля — стаў хадзіць бадай на ўсе шэсці, якія толькі былі. Гэта стала маёй прынцыповай пазіцыяй.

13124439_1057743837595228_5571988550785361737_n_logo.jpg


Да нязручнасцяў, якія звязаныя з кепскім зрокам, сям’я Мікалая дагэтуль не прывыкла. «Тэарэтычна, я магу нешта згатаваць і сам, але пасля маёй гатоўкі жонцы яшчэ больш працы, — распавядае Мікалай. — Натуральна, што мне не хочацца быць цяжарам. Жонка на мяне сварыцца, калі, напрыклад, я іду па лужынах… Але ж я не бачу, што ў мяне пад нагамі…».
— Нязручнасцяў шмат, але мы ўсё яшчэ прывыкаем, — дадае Вольга, жонка Мікалая.
Хоць Мікалай не бачыць тое, што паказваюць па тэлевізары, аднак адным вокам можа чытаць і глядзець відэа з тэлефона. Да таго ж, Мікалай — актыўны карыстальнік сацыяльных сетак.

dsc_0011_1_logo.jpg


«Мне не патрэбная была іх пенсія»

Пасля выпіскі Мікалаю далі 1 групу інваліднасці. Аднак ён не карыстаўся аніякімі льготамі, якія прапаноўвае пры гэтым дзяржава: «Мне не патрэбная была ні іх пенсія, ні бескаштоўныя кітайскія гадзіннікі, ні іх кій для сляпых».
Ні паляпшэнняў, ні пагаршэнняў зроку ў Мікалая не было: «Святлафор я не бачу. Нумары аўтобусаў не бачу…» Аднак пасля чарговага абследавання МРЭК дала Мікалаю 2 групу.
— У мяне чатыры гады была 1 група інваліднасці. Лепш мне не стала. Да таго ж у мяне дадалася катаракта, глаўкома… Я стаў змагацца за тое, каб мне патлумачылі логіку такога рашэння. Эпапея пачалася ў 2017 годзе. За гэтыя тры гады я прайшоў 11 камісій, суды на розных узроўнях, аднак 2 групу ўсё адно мне пакідаюць.

Надзея на змены і арышт жонкі

118000442_3373786396034697_3341208953050259293_n_logo.jpg


— Сёлета ў нас упершыню з’явілася нейкая надзея, — дзеліцца Мікалай, — мы вырашылі ісці на выбары.
Увечары 9 жніўня Мікалай і яго сям’я тры гадзіны чакалі вынікаў галасавання. Яны жывуць непадалёк ад Стэлы.
— Мы бачылі і АМАП, які прыехаў увечары да выбарчага ўчастку, і пагашанае святло ў школе, дзе ішоў падлік галасоў, — распавядае Мікалай.
Праз сваю грамадзянскую пазіцыю сям’я хутка пачала адчуваць ціск з боку міліцыі.
— Пачалося ўсё з таго, што ў лістападзе дадому прыйшлі два міліцыянеры, якія сказалі, што яны з Цэнтральнага РУУС, запрашалі на гутарку, — узгадвае Мікалай. — Вольга сказала, каб ёй даслалі позву, тады яна з’явіцца ў РУУС.
У хуткім часе позвы сталі прыходзіць. У іх было сказана, што супраць сужэнцаў вядуцца адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 23.34. Адну з позваў даслалі на імя дачкі Яны, якой на той момант было 15 гадоў.
— Мы сталі абурацца, наколькі гэта наогул законна: дасылаць позву на імя непаўнагадовага дзіця, — распавядае Мікалай. — Супрацоўнікі міліцыя выбачыліся. Аднак пасля гэты выпадак нам перакваліфікавалі як невыкананне бацькоўскіх абавязкаў. Камісія па справах непаўналетніх пакарала нас штрафам.
Мікалай з Вольгай 13 лістапада прыйшлі па позве РУУС і пачулі загад, што «абодвух — у камеру». Мікалай стаў абурацца: «Я паказаў пасведчанне інваліда. Супрацоўнікі выйшлі параіцца. Пасля прыйшлі і сказалі, што жонку трэба пасадзіць у камеру, а мяне — выпусціць пад роспіс».
— Размаўляюць яны па-скоцку, паводзяць сябе па-хамску, — распавядае Мікалай. — Я — «біты хлопец», а жонка першы раз за 52 гады трапіла на суткі. Праз слова ў іх прасочваецца мат, праз гэта жонка ім зрабіла заўвагу. Яны як раззлаваліся ды пачалі пагражаць…
Вольгу тады адвялі ў камеру, цёплыя рэчы ад мужа не ўзялі: праз некалькі гадзін Мікалаю сказалі, што яе ў РУУС ужо няма.
— Я ноч не спаў. А 7.30 у чат скінулі спісы тых, хто быў у ІВС на Акрэсціна. Так я даведаўся, што жонка там. А калі Вольга выйшла на чацвёрты дзень з ізалятара, то распавяла, што яе ў ІВС завезлі а 5 гадзіне раніцы. А мне ўвесь час казалі, што яе ў РУУС не было. У выніку справу перадалі ў суд. Суддзя вырашыла адправіць справу на дапрацоўку.
І ў Мікалая, і ў Вольгі агулам было два суды. Абедзве справы былі накіраваны на дапрацоўку.
— Для мяне быў стрэс, калі маму затрымалі, — уваходзіць у размову Яна, дачка Бандарэнкаў.
Яна распавядае, што за гэта час з ёй па гэтай справе ўжо некалькі разоў размаўляў сацыяльны педагог у ліцэі, адзін раз сарваўшы дзяўчынку з кантрольнай работы.
— Пакуль незразумела, што з гэтымі адтэрміноўкамі ў судзе будзе, — дзеліцца Мікалай. — Канечне, мы ж такая небяспечная каманда: дзіця, жанчына, інвалід.
Перад самым Новым годам сужэнцаў зноў прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 9.4 — невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Мікалаю і Вользе далі па 5 базавых штрафу.
— Я памятаю шмат, але такога раней не было, — разважае Мікалай. — Калі раней бачыў бясчынствы, то цяпер — глабальны тэрор. Я не памятаю такой вялікай колькасці палітзняволеных, якая яна цяпер. Я не памятаю, каб так моцна дзяўбалі людзей розных слаёў. Я пытаў раней і Паўла Севярынца, і Міколу Статкевіча пра тое, як падняць людзей, бо нас выходзіла на акцыі часам па 11 чалавек… А цяпер людзі падняліся.
Я не ведаю, калі гэта ўсё скончыцца, але я ведаю адно: калі знаходзіцца ў Польшчы ці Літве, сітуацыю не вырашыш. Трэба быць тут. І рабіць усё тое, што ў тваіх сілах.