Ухналёў са «Справядлівага свету» крытыкуе «нацыяналістычны запал» напярэдадні 100-годдзя БНР

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» супраць таго, каб адзначаць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі на афіцыйным узроўні. Партыя мяркуе, што Беларусь як дзяржава канчаткова сфармавалася толькі дзякуючы кастрычніцкай рэвалюцыі, паведамляе "Радыё Свабода"

fota_paula_aksinovicza.jpg

У артыкуле на «інфармацыйна-аналітычным» сайце «Тэлескоп», які рэдагуе колішні намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч, намеснік старшыні партыі Валеры Ухналёў выказаў здзіўленне, што чыноўнікі высокага рангу заявілі пра гатоўнасць удзельнічаць у святкаванні 100-годдзя БНР і адзначаць дату на дзяржаўным узроўні.

«Зусім нядаўна была іншая круглая дата — 100-годдзе кастрычніцкай рэвалюцыі, — піша ён. — І хоць гэты дзень з’яўляецца агульнарэспубліканскім святочным і непрацоўным днём, дзяржструктуры абмежаваліся правядзеннем навуковай канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. А прапановы Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» пра магчымы ўдзел структур дзяржаўнай улады ў святкаванні гэтай даты, накіраваныя ў прэзідэнцкую адміністрацыю і Савет міністраў, былі толькі «прынятыя да ведама».

fota_paula_aksinovicza2.jpg

У выніку гэтую дату, працягвае ён, шырока адзначылі толькі прыхільнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый камуністычных поглядаў.

«Дык няўжо дата стварэння БНР настолькі важная для Беларусі? — задаецца пытаннем Валеры Ухналёў. — Сёння няма адназначнай ацэнкі гэтай падзеі ў навуковай супольнасці. Дыскусійным застаецца пытанне пра ролю БНР у гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Ідэя поўнай незалежнасці Беларусі канчаткова аформілася ў асяроддзі беларускага нацыянальнага руху толькі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, у канцы 1917-га — пачатку 1918 гадоў. Абвяшчэнне БНР не прывяло да рэалізацыі гэтай ідэі».

Валеры Ухналёў, намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет»

Валеры Ухналёў, намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет»

Аўтар мяркуе, што нельга абвяшчаць незалежнасць на акупаванай немцамі тэрыторыі, не разлічваючы на наўпроставую ці ўскосную падтрымку захопнікаў, на іх патранат і апеку, і робіць выснову: дзяржаўнае ўтварэнне, створанае падобным чынам, не можа адлюстроўваць нацыянальныя інтарэсы беларускага народу.

«У Беларусі ёсць людзі, для якіх 100-годдзе БНР — свята. Але ёсць і тыя, хто не лічаць тую дату святочнай і маюць права застацца ад яе ўбаку. Гэта і ёсць дэмакратыя і права на свой погляд, якое трэба паважаць, а не насаджваць у грамадстве нацыяналістычны запал, спрабуючы прыцягнуць да гэтага дзяржаўныя структуры», — піша Валеры Ухналёў, намеснік старшыні партыі левых «Справядлівы свет», якая раней называлася Партыяй камуністаў Беларусі.