«Усе вашы даныя перадам у КДБ». Звольненыя настаўніцы расказваюць пра настроі ў школе

«Свабода» пагаварыла з настаўніцамі, якія некалькі гадоў працавалі ў дзяржаўных школах і сышлі праз ціск з боку адміністрацыі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«На Дзень Волі загадалі трымаць дзяцей да вечара»
Настаўніца Алена (імя змененае па просьбе суразмоўцы) некалькі гадоў працавала ў адной з мінскіх школ. Яна кажа, што на пачатку мінулага навучальнага года, з верасня 2020-га, у школе было ўсё даволі спакойна.
«Месяца праз паўтара мяне разам з калегамі выклікалі да дырэктара. У нас адабралі тэлефоны, завялі ў іншы пакой і сказалі: „Дзяўчаты, прыйшоў ліст. Мы даведаліся, што вы хадзілі на мітынгі. Вы ж разумееце, што працуеце ў школе? Трэба неяк спыняць усе гэтыя дзеянні“. Мы тлумачылі, чаму і за што мы выходзім, але гэта не дзейнічала. Праз дзень-два нас тэрмінова выклікалі да начальніцы ўпраўлення адукацыі», — кажа Алена.
Яна расказвае, што кіраўніца ўпраўлення адукацыі крычала на настаўніц і пыталася, чаго ім не хапае, навошта яны выходзяць пратэставаць. Потым іх спрабавалі прымусіць пісаць заявы на звальненне.
«Я з ёю спрабавала размаўляць, тлумачыла — чаму я павінна сыходзіць, калі мне падабаецца мая праца, у мяне ёсць узнагароды, у мяне ўсё атрымліваецца? Спачатку яна казала: „Майце на ўвазе, усе вашы даныя я перадам у КДБ і з вамі разбяруцца“. А пад канец яе рыторыка змянілася: „Я бачу трох маленькіх дзяўчатак. Незразумела, за што вы тут спрабуеце змагацца. Не шуміце і проста працуйце“. Пасля яна прыязджала ў школу і пужала, што мы ў яе „на кручку“ і яна сочыць за намі».
У самой школе, кажа Алена, атмасфера была не такая напружаная.
«На працягу года дырэктарка спецыяльна давала нам розныя конкурсы, мне нейкі піянерскі марш — мабыць, для справаздачнасці, што „дзяўчаты працуюць на дзяржаву“. Але калі была разнарадка падпісаць паперы супраць еўрапейскіх санкцый, да нас нават не падыходзілі, не прымушалі, а запалохвалі тых, хто прыйшоў нядаўна, ім нават дырэктарка казала, што пазбавіць заробку. Потым яна супакоілася, бо зразумела, што яе выказванні могуць запісаць на дыктафон».
Дзяўчына сышла са школы летам. Кажа, разумела, што далей будзе горш, асабліва з увядзеннем патрыятычнага выхавання.
«У мяне і так быў канфлікт з дырэктарам праз гэтыя конкурсы ўсялякія, а тут яшчэ і на Дзень Волі зладзілі цырк. Нам, класным кіраўнікам, было вельмі цяжка, бо далі загад на два дні затрымліваць дзяцей у школе да самага вечара, усякую лухту ім паказваць, затрымаць усіх на бацькоўскім сходзе. Я разумела, што далей яшчэ больш прыціснуць, а я не змагу рабіць працу, якая супярэчыць маім унутраным прынцыпам».
Алена кажа, што з яе школы сышло шмат настаўнікаў. Таксама дзяўчына адзначае, што ўсе знайшлі сабе новую працу.
«Калі я прыходзіла забіраць працоўную, мяне яшчэ цэлую гадзіну ўгаворвалі: „Падумай, куды ты пойдзеш? Што лепшае за школу можа быць? А як жа грошы?“ А заробак у школе таксама заўжды розны. Я ніколі не магла зразумець, чаму я працую кожны месяц аднолькава, а заробак кожны раз усё меншы. Усе звольненыя настаўнікі знайшлі сабе іншую працу і ўздыхнулі свабодна. Толькі дзяцей шкада, яны плакалі, калі мы сыходзілі, шмат у іх уклалі».
«Свабодная школа сёння нікому не патрэбная»
Наталля (імя змененае па просьбе суразмоўцы) адпрацавала ў школе больш за 10 гадоў. Кажа, што працу сваю вельмі любіць і сыходзіць са школы не планавала. Яна ўдзельнічала ў ланцугах салідарнасці, маршах настаўнікаў.
«Недзе да снежня ў нас было ціха, я расслабілася і была вельмі рада, што ў мяне ёсць магчымасць быць такім буферам паміж дзецьмі і адміністрацыяй, не даносіць усё гэтае трызненне і жудасныя патрабаванні. Але з канца лістапада пачаўся поўны гамон, праверак стала яшчэ больш, а ў школе і так вучобай ніхто не займаецца, узнікалі канфлікты з кіраўніцтвам, бо прымушалі хадзіць на праўладныя мерапрыемствы з дзецьмі».
Жанчына падкрэслівае, што яе «выціснула» тая абстаноўка, якую прымусова стварае адміністрацыя.
«Я чалавек, які з гэтым змагаецца, — і яшчэ ў гэтым варыцца. Я разрывалася, бо мне было шкада кідаць дзяцей у гэтым усім, але я не вытрымлівала, гэта нейкая крывадушнасць перад сабой. Увесну прыняла рашэнне, што больш не магу пад іх дудку скакаць. Сказала, што звальняюся. Першае што спыталі: „З палітычных прычын?“ Я нават не знайшла, што адказаць людзям, якія не разумеюць розніцы паміж палітыкай і грамадзянскай пазіцыяй».
Наталля ўпэўненая, што вернецца ў школу, калі адбудуцца змены. Іншыя настаўнікі паводле свайго стаўлення да сітуацыі ў краіне падзяліліся напалову, кажа яна.
«Першая палова не разумее, што адбываецца, ім і так было добра, яны не „ябацькі“, а проста абыякавыя, ніякія. Другая палова — запалоханыя, няўпэўненыя ў сабе людзі, якія не прымаюць таго, што адбываецца, але не могуць звольніцца праз страх. Дарослыя людзі, з жыццёвым досведам, настаўнікі вышэйшай катэгорыі, якія ўпэўненыя, што не знойдуць сабе прымянення. На нарадах ім пастаянна кажуць: „Вы нікому не патрэбныя, трымайцеся за сваё месца, тут стабільны заробак“. Аб іх пастаянна выціралі ногі і запалохвалі, каб трымаць у страху. Яны могуць нават падзяляць пазіцыю, але будуць плакаць па кутах і ніколі нічога не выкажуць».
Маладыя ж выкладчыкі не выказваюцца, бо ім лянота адказваць за сябе, лічыць Наталля.
«У цябе ж усё добра, ёсць нейкая стабільная праца, заробак, ты ні пра што не думаеш. А калі цябе звольняць, трэба варушыцца, самому нешта рабіць, прыдумляць, гэта ж складана. На некаторых уплывае асяроддзе. Напрыклад, людзі прыязджаюць з іншых гарадоў, вучацца ў інстытуце, жывуць у інтэрнаце, і яны вечна абавязаныя дзяржаве, гэта таксама адкладаецца. Ёсць і маладыя, якія хочуць будаваць кар’еру, і гэта асобная катэгорыя. Яны будуць ірваць зубамі, казаць, што чорнае — гэта белае, бо хочуць выслужыцца, каб іх заўважылі, а ў цяперашняй сітуацыі ім гэта вельмі зручна рабіць».
Праблемы ў дзяржаўнай беларускай школе даўно, кажа настаўніца, але за апошнія пяць гадоў сітуацыя пагоршылася.
«Гвалтоўная ідэалогія яшчэ больш знізіць якасць адукацыі. Трэба разумець, што яны [улады. — РС] гадуюць сабе пакорлівых людзей у будучыні, якія будуць выконваць іх жаданні. Свабодная школа нікому не патрэбная, таму што кіраваць загнанымі, аддрэсіраванымі дзецьмі вельмі зручна. Пра свабоду творчасці я ўвогуле маўчу. Калі дзеці ў школе нешта ініцыююць, усё павінна быць дзесяць разоў узгоднена і зацверджана. Выхоўваюць як у канцлагеры. Вельмі шмат працы будзе потым, каб прывесці школу да прытомнасці», — мяркуе настаўніца.
«Дзякуй тым, хто застаецца і неяк на месцах спрабуе супрацьстаяць, і ўсё ж такі вучыць дзяцей правільным рэчам», — кажа Наталля.