Увесь свет не варты душы аднаго чалавека

Паводле выніках сацыялагічнага апытання Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій «SATIO», у 2013 годзе 33,9% вернікаў Беларусі выказаліся за смяротнае пакаранне. За тое ж прагаласавала 42% рэспандэнтаў, якія хістаюцца паміж верай і нявер’ем, і 50% атэістаў.



ajciec_adryjan_sviatar_sviata_pietra_paulauskaj_carkvy_u_minsku.jpg

Айцец Адрыян, святар Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў Мінску

Мы прапанавалі святарам розных канфесій Беларусі адказаць на такія пытанні: «Чаму столькі вернікаў выказалася «за» смяротнае пакаранне, што, па сутнасці, супярэчыць самому азначэнню веры? Як ваша канфесія ставіцца да смяротнага пакарання? Ці робіце асабіста вы штосьці дзеля таго, каб у вернікаў выпрацоўвалася правільнае разуменне такой з’явы, як смяротнае пакаранне?».

Айцец Адрыян, святар Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў Мінску:

— Калі мы звернем увагу на Стары запавет, то пабачым, што людзей, якія ўчынілі злачынства, проста забівалі камянямі. Хтосьці можа сказаць: «Я жыву па законах Старога запавету», які прапагандаваў прынцып «вока за вока, зуб за зуб». Такое правіла — своеасаблівая чалавечая справядлівасць, але не боская. З пункту гледжання грамадства, гэта лагічна: ты забіў майго сына — значыць, цябе таксама павінны забіць. У чалавецтва ёсць натуральнае жаданне аднаўляць справядлівасць. І са Старога запавету мы бярэм правілы маральнасці. Калі паглядзець з пункту гледжання фізічных законаў, можа, гэта і справядліва.

Але ці справядліва тое, што мы пазбаўляем чалавека пакаяння? Канешне, праваслаўная царква выступае супраць смяротнага пакарання. Любы злачынца можа стаць добрым чалавекам. І нам вядомы шмат такіх выпадкаў: не ўсе святыя адразу былі праведнікамі, але чалавек змог змяніцца, пакаяцца.

У 2000 годзе праводзіўся сінод па праблемах існавання смяротнага пакарання ў Беларусі. Натуральна, царква прапаведуе каштоўнасці чалавечага жыцця. Святое пісанне кажа: «Увесь свет не варты душы аднаго чалавека».  Але мы не акцэнтуем увагу вернікаў менавіта на смяротным пакаранні. На сябе, святароў, мы гэта не бярэм, бо гэта не нашая справа. Раней, у сярэднявеччы, калі царква з’яўлялася заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладай, яна магла вырашыць і пытанне смяротнага пакарання. Зараз жа царква адасоблена ад дзяржавы, таму ўплываць на свядомасць, а тым больш на меркаванні людзей, мы не маем права.

Айцец Тамаш, ксёндз пры касцёле Святой Барбары ў Віцебску:

ajcec_tamash_ksjondz_pri_kascjole_svjatoj_barbari_v_cebsku.jpg

Айцец Тамаш, ксёндз пры касцёле Святой Барбары ў Віцебску

— Вялікі ўплыў на людзей, нават такіх, як вернікі, аказвае дзяржава. Складана ўтрымаць сваю жыццёвую пазіцыю пад ціскам ідэалогіі. І гэта галоўная прычына, на мой погляд, такога вялікага працэнту вернікаў, якія прагаласавалі «за» смяротнае пакаранне. Яшчэ ёсць асабісты досвед: нехта калісьці сустрэўся з несправядлівасцю і лічыць, што забойства — добры спосаб ад яе пазбаўлення.

Касцёл, у сваю чаргу, супраць смяротнага пакарання. Але, з іншага боку, ёсць і тыя, хто лічыць, што забойства злачынцы ўратуе насельніцтва ад наступных злачынстваў. Але каталіцтва супраць смяротнага пакарання. І на сустрэчах з моладдзю, якія праводзяцца ў нас кожны чацвер, мы перыядычна закранаем і тэму смяротнага пакарання, на якую дыскутуем.

Павел, пастыр Царквы хрысціян веры евангельскай «Благодать» у Мінску:

pavel_pastir_carkvi_hrisc_jan_veri_evangel_skaj_blagodat_u_m_nsku_fota_a_tara.jpg

Павел, пастыр Царквы хрысціян веры евангельскай “Благодать” у Мінску. Фота аўтара

— Я не магу адказваць за ўсе канфесіі — нават у адной царкве меркаванні вернікаў могуць падзяляцца. Адна частка людзей спасылаецца на Стары запавет, другая — на Новы. Калі ўзяць Стары запавет, то нават сам Бог загадваў кагосьці забіць. І людзі могуць спасылацца на гэта. Але трэба абавязкова пры гэтым адзначаць, што самі габрэі не забівалі, не знішчалі народы. Ім казаў Бог: «Ідзі і забі». У Новым жа запавеце мы ўжо сустракаем выказванне «возьмеш меч — ад мяча і загінеш». Але на Стары запавет варта глядзець як на вобраз.

Я супраць смяротнага пакарання. Гэта не ва ўладзе чалавека. Бог мае права даваць і адбіраць. Новы запавет кажа: «Любіце ворагаў вашых». Тым больш, з гэтым пакараннем можна забіць невінаватых людзей. Нават калі расстраляюць забойцу, сатану расстраляць немажліва. Тут трэба зразумець, што не чалавек здзяйсняе злачынствы, а д’ябал. Можна забіць аднаго, другога, трэцяга… Але д’ябла не заб’еш. І мы, як хрысціяне, духоўныя людзі, павінны разумець, што супраць гэтага павінна быць зусім іншая зброя…

Канешне, ёсць слова Божае, таму мы, святары, павінны яго данесці да вернікаў. Але ўплываць на ўсё грамадства мы не можам. На яго ў поўнай меры ўплывае ўлада і СМІ. Такія пытанні мы ўвогуле не разглядаем.Тое, што адбываецца ў краіне, — не нашая прэрагатыва. Трэба ўлічваць, што не кожны вернік з’яўляецца вернікам з вялікай літары. Людзі прыходзяць да Бога, веры, але ў душы яны яшчэ немаўляты. І каб кагосьці вучыць… Прынамсі для мяне гэта складана.

Айцец Аляксандр, святар пры грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі св. Язэпа ў Мінску:

ajcec_aljaksandr_svjatar_pri_greka_katal_ckaj_un_jackaj_paraf_sv_jazepa_m_nsku_fota_z_catholic_by.jpg

Айцец Аляксандр, святар пры  грэка-каталіцкай(уніяцкай) парафіі св.Язэпа ў Мінску. Фота з catholic.by

— Такі працэнт вернікаў, якія галасуюць «за» смяротнае пакаранне, я б перш за ўсё патлумачыў слабай вераю. Вернікі бываюць розныя. Ёсць вернікі, якія добра ведаюць багаслоўе, а ёсць фармальныя вернікі. І гэта вядомы ўсім факт. Па-другое, галасаванне «за» смяротнае пакаранне — праява постсавецкага разумення. Для тых, хто прайшоў савецкую фармацыю, забіць адну частку насельніцтва, каб іншай жылося лепш, — гэта нармальная рэч. І нават калі такі чалавек прыходзіць да веры, ён, па сутнасці, не мяняецца. Трывалыя погляды, як правіла, застаюцца, і толькі з цягам часу іх можна падкарэктаваць.

Наша грамадства само па сабе старазапаветнае. Яно жыве па прынцыпу «вока за вока, зуб за зуб». І калі разважаць па-хрысціянску, то, канешне, пакаранне павінна быць пажыццёвым. Але па сваёй сутнасці чалавек не можа адразу адасобіць ад сябе эмоцыі і прыняць нейкую пастанову. Уніяцкая царква не праводзіць глабальных мерапрыемстваў на гэтую тэматыку. Калі быць шчырым, вернікі самі не падымаюць гэтую тэму. Я думаю, што ў праўдзівых вернікаў такое пытанне нават не паўстае, а пэўнай частцы, магчыма, гэта не так важна. Адзіная форма служэння, якая нам пад сілу, — гэта наведванне турмаў, што мы і робім».

***

Такім чынам, можна вылучыць некалькі прычын такой рэакцыі некаторых вернікаў на смяротнае пакаранне. Па-першае, падтрымка смяротнага пакарання жыве праз тое, што шмат вернікаў у душы, як казаў пастыр пратэстанцкай царквы, яшчэ «немаўляты». Не ўсе людзі адразу могуць стаць сапраўды вернікамі. Хтосьці зможа гэта зрабіць праз год, а хтосьці — толькі напрыканцы свайго жыцця. Тым больш, узгадаем, што для нашага грамадства больш характэрна «ахрышчанасць», чым сама вера. І гэта пацвярджае знаходжанне Беларусі на другім месцы па разводах, згодна статыстыцы ААН, і на чацвёртым месцы па колькасці суіцыдаў, згодна статыстыцы сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Зрэшты, ці існавала б у нашай краіне смяротнае пакаранне, калі б большасць насельніцтва з’яўлялася шчырымі вернікамі? Гэта тое сацыяльнае пытанне, якое можа і павінна вырашаць само насельніцтва, а не ўлада, як многія прывыклі казаць.

Другая прычына такога стаўлення грамадства да смяротнага пакарання — гэта панаванне савецкай ідэалогіі. «Расстраляць» — і ўсе праблемы імгненна вырашаюцца.

Трэцяя прычына, якую назвала большая частка святароў, — панаванне ў грамадстве прынцыпаў Старога запавету. Але, шчыра кажучы, бярэ сумненне, што пры адказе на гэта пытанне рэспандэнты найперш задумваліся, што ў сваім веравызнанні яны прытрымліваюцца старазапаветнага накірунку. Гэта хутчэй спроба святароў патлумачыць вынікі апытання.

І апошняя прычына высокага працэнту вернікаў, якія аддалі свой голас «за» смяротнае пакаранне — недастатковая ўвага з боку царквы да праблемы смяротнага пакарання. Натуральна, што царква не можа навязваць сваю пазіцыю. Гэта справа кожнага чалавека — прымаць яе ці не прымаць, як і справа кожнага верніка — прымаць Хрыста ці не прымаць. Але выпрацоўваць міласэрнасць — задача кожнага духоўнага інстытута. А хто, як не Царква, можа сеяць насенне маралі ў грамадстве? І гэтае пытанне не варта дарыць выключна ўладам на рашэнне. Смяротнае пакаранне не адменіцца само сабой.

Варта ўзгадаць і адзін з асноўных прынцыпаў хрысціянства — «не адказвай злом на злое».