Вярхоўны суд пакінуў без змен 11-гадовы тэрмін палітвязню Ціхану Осіпаву

Сёння, 30 ліпеня, Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд 25-гадоваму Ціхану Осіпаву. За наезд на пяцяоых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос (пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб угоне) Мінгарсуд асудзіў Ціхана да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ціхан Осіпаў. Фота: «Наша Ніва»

Ціхан Осіпаў. Фота: «Наша Ніва»


Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 400, ч. 1 арт. 14 і арт. 362. Ён прызнаў віну толькі па арт. 400 Крымінальнага кодэкса, па іншых артыкулах не прызнаў. Сёння судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула прысуд без змен.
У судовую калегію, якая разглядала скаргу палітвязня на жорсткі прысуд, уваходзілі Аляксей Рыбакоў (старшыня), Андрэй Яфрэмаў, Сяргей Гураў. У разглядзе справы ўдзельнічала пракурорка Гаўрыленка.
Падчас апеляцыі Ціхану Осіпаву пералічылі тэрміны згодна са зменамі ў Крымінальны кодэкс, па якіх 1,5 дзень у калоніі лічыцца як 1 дзень у СІЗА. Пад вартай Ціхан знаходзіцца з 11 жніўня.
Калегія пакінула пакаранне без змен, але выключылі адну фармулёўку, якая тычыцца галоўнага абвінавачвання па ч. 1 арт. 14 і арт. 362 («Замах на забойства супрацоўнікаў АУС»). Так, выключылі ўзгадвадванне пра тое, што машына Ціхана непасрэдна перад наездам на сілавікоў набрала хуткасць. Як адзначыла пракурорка, Мінгарсуд выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі, калі пазначыў гэты факт.

У чым абвінавацілі Ціхана?

Нагадаем, згодна з версіяй абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго «BMW», з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войск. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войск МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».
Паводле версіі следства, мужчына ўцёк з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанаваў у 102 і заявіў аб угоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.
Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай часткі 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенсаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.
25-гадовага Ціхана Осіпава судзілі ў красавіку Мінскім гарадскім судзе. Судовы працэс прайшоў цалкам, у спрэчках пракурор запрасіў для абвінавачанага 12 гадоў калоніі, а адвакат заявіў, што Осіпаў злачынства не здзяйсняў. Заставалася толькі абвясціць прысуд, аднак гэтага не адбылося: крымінальную справу пачалі разглядаць нанова, з іншымі суддзёй і народнымі засядацелямі. Пасля аднаўлення судовага следства быў заменены суддзя з Дзмітрыя Цыкалы на Пятра Арлова. Другое пасяджэнне прайшло спачатку і яно было амаль індэнтычным першаму: тыя ж допыты і пытанні. Пацярпелыя вайскоўцы амаль нічога новага не паведамілі суду.
19 траўня быў вынесены прысуд па справе. Па ч. 2 арт. 293 КК Ціхана Осіпава асудзілі да 4 гадоў калоніі, па ч.1 арт. 400 — да 1 года, па ч.1 арт. 14 і арт. 362 — да 10 гадоў, сумарна — 11 гадоў пазбаўлення волі. Маральную шкоду пацярпелым вайскоўцам у агульнай суме 1300 рублёў ён кампенсаваў да суда.
spring96.org