«Вы — паважаны чалавек, ідзіце дамоў»: стала вядома, як затрымлівалі Кудзіна

Таццяна Пархімовіч, жонка шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе Аляксея Кудзіна, распавяла «Рэгіянальнай газеце» падрабязнасці ўдзелу свайго мужа ў жнівеньскіх пратэстных акцыях 2020 года, паведамляе «Еўрарадыё».

Таццяна Пархімовіч і Аляксей Кудзін 

Таццяна Пархімовіч і Аляксей Кудзін 


9 жніўня муж з жонкай прагаласавалі, а пасля ўсёй сям’ёй з сябрамі пайшлі гуляць. Увечары Таццяна вырашыла пайсці дамоў разам з дзецьмі, а Аляксей вярнуўся дахаты позна, вельмі ўзрушаны.

Ён расказаў, як на плошчы сілавікі збівалі людзей. Паводле слоў спартсмена, і на яго замахнуліся, але, відаць, пазналі, бо сказалі: «Вы — паважаны чалавек, ідзіце дамоў».

Аляксея, паводле слоў Таццяны, гэта так абурыла: «У сэнсе дамоў? Я ў сябе дома».

На наступны дзень, 10 жніўня, Аляксей выправіўся ў горад адзін. Праз некаторы час ён патэлефанаваў Таццяне, якая была ў сваёй матулі, і папрасіў яе забраць машыну, бо яго затрымалі. Жонка спачатку не паверыла — думала гэта нейкі жарт.

Як высветлілася, Кудзін, збіты сілавікамі, прыйшоў дамоў, сеў у машыну і паехаў у бальніцу, каб медыкі агледзелі яго гематомы на галаве.

«Ён заўсёды так: нічога мне не кажа пра свае траўмы. Нешта пашкодзіць на трэніроўцы — і адразу ў бальніцу. А я ўжо бачу зашытую рану», — патлумачыла Таццяна ў інтэрв'ю.

На шляху ў бальніцу Аляксея затрымалі. Жонка бачыла яго двойчы на судзе ў Маскве, а потым ў Маладзечне: «Ён не ведаў, што я прыеду ў Маскву, вельмі ўзрадаваўся тады і здзівіўся. На судах ў Маскве і ў Маладзечне мы проста глядзелі адно на аднаго. Хаця б так…»

11 жніўня ў Маладзечне Кудзін быў асуджаны на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у супраціўленні міліцыянтам. У ліпені сёлета спартсмена выдала Расія, куды ён выехаў яшчэ летась.

Кудзін заявіў у судзе, што насамрэч гэта была самаабарона. Ён лічыць, што яго справа палітычна матываваная, і патрабуе вызвалення.

Беларускія праваабаронцы прызналі Кудзіна палітвязнем.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: