З часу адмены санкцыяў ЕС маштаб рэпрэсіяў у Беларусі павялічыўся — Libereco

3 чэрвеня спаўняецца 100 дзён з часу адмены санкцыяў ЕС у дачыненні да Беларусі, што мусіць сведчыць пра правільнасць такога рашэння ў адносінах да аўтарытарнай дзяржавы ва ўмовах лібералізацыі.


Тым не менш, аналіз праваабарончай арганізацыі «Libereco — Партнёрства па правах чалавека», заснаваны на маніторынгу беларускай арганізацыі «Вясна», паказвае, што краіна ўсё яшчэ далёкая ад вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Рэпрэсіі становяцца менш прыкметнымі, але ў некаторых аспектах ціск на грамадзянскую супольнасць яшчэ больш павялічыўся. Значна больш шырокае выкарыстанне штрафаў супраць мірных дэманстрантаў і актывізацыя прымянення смяротнай кары супярэчаць мягкаму стаўленню Еўрапейскага саюза ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.


15 лютага 2016 года Рада замежных справаў ЕС прапанавала зняць санкцыі супраць Беларусі. Праз дзесяць дзён Рада Еўрапейскага саюза ўхваліла гэтую прапанову. Рашэнне стала ключавой падзеяй у працэсе палітычнай рэабілітацыі Беларусі, якая працягваецца з сярэдзіны 2014 года. Ва ўмовах крызісу ва Украіне і пагаршэння стасункаў з Расіяй, Беларусь вітаюць як меркаванага стабільнага партнёра на ўсходняй мяжы ЕС. Тым не менш, санкцыі былі першапачаткова уведзены не з меркаванняў міжнароднай дыпламатыі, але дзеля таго, каб матываваць Беларусь палепшыць сітуацыю з вяршэнствам закона і паменшыць колькасць парушэнняў правоў чалавека.

Вынікі аналізу Libereco, які ахоплівае перыяд у 100 дзён пасля адмовы ад санкцый, заснаваныя на пераканаўчых сведчаннях. Становішча ў галіне правоў чалавека не палепшылася, а ў некаторых адносінах яно фактычна пагоршыліся ў параўнанні з 2015 г. Маштаб рэпрэсіяў захоўваецца на такім узроўні, каб не прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці.

Вырасла колькасць смяротных прысудаў


Даследаваны перыяд даў асабліва шакавальную карціну ў дачыненні да выкарыстання смяротнага пакарання. Будучы апошняй краінай у Еўропе, у якой дасюль існуе смяротнае пакаранне, Беларусь, падобна, не збіраецца памяншаць колькасць выпадкаў яго прымянення. Цягам 100 дзён з моманту заканчэння дзеяння санкцыяў колькасць смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю перавысіла сусветную статыстыку за 2015 год.

 


Смяротнае пакаранне з'яўляецца ўзаконеным забойствам. Кожны смяротны прысуд робіць беларускую дзяржаву забойцам. У час нядаўняй міжнароднай канферэнцыі ААН улады апраўдвалі свае дзеянні, што сведчыць пра тое, што бліжэйшым часам нам не даводзіцца чакаць заканчэння гэтай бесчалавечнай практыкі”, — кажа каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Андрэй Палуда.


Свабода слова і сходаў максімальна абмежаваная


Ацэнка рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці выяўляе змрочную карціну. Доктар Імке Хансен, адна з даследчыц Libereco, кажа:


У Беларусі рызыкоўна мець меркаванне і абараняць яго; нават па пытаннях, якія, як здаецца, не звязаныя з дзяржаўнай палітыкай, такіх як ахова навакольнага асяроддзя або выдаткі на медыцынскае абслугоўванне. Абмежаванні, накладзеныя на грамадзянскую супольнасць, у прыватнасці ў дачыненні да свабоды слова і сходаў, магчыма, і сталі менш прыкметнымі, але зусім не зменшыліся”.


Напрыклад, накладанне штрафаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту рэзка ўзрасло, у той час такія жорсткія захады, як кароткатэрміновае пазбаўленне волі выкарыстоўваліся значна менш. Сума штрафаў, накладзеных на працягу 100 даследаваных дзён, можа пакрыць заробкі 55 міліцыянераў за той жа перыяд.


Нягледзячы на гэта, беларускім уладам удалося стварыць менш рэпрэсіўны і больш прымальны для міжнароднай супольнасці імідж. Галасаванне па пытанні аб спыненні мандата Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, якое мае адбыцца ў бліжэйшы час, можа праілюстраваць поспех Лукашэнкі — калі сябры ААН скажуць, што рэгулярны кантроль непатрэбны.


Libereco далучаецца да Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), заклікаючы ААН працягваць сачыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі:


"На самай справе, нашы аналітычныя вынікі даказваюць, што беларуская дзяржава па-ранейшаму ўзаконьвае парушэнні асноўных правоў у дачыненні да сваіх грамадзянаў. Мы заклікаем Еўрапейскі саюз адстойваць свае фундаментальныя каштоўнасці і выступаць супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку супраць прымянення смяротнай кары".




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: