За абразу старшыні аблвыканкама да двух гадоў абмежавання волі прысудзілі прыхільніка Лукашэнкі

Пацярпелы ў суд не з'явіўся «ў сувязі са службовай занятасцю».

7f884983fcc64edd8dac90baaef33a51.jpg


Суд Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 49-гадовага Юрыя Вершука, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), піша «Беларускі партызан» са спасылкай на «БелаПАН».

Гаворка ішла пра каментар, які гамяльчук пакінуў пад ролікам на Youtube. Відэазапіс быў прысвечаны сустрэчы 16 жніўня 2020 года старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя з жыхарамі Гомеля. Негатыўны каментар следства і суд палічылі абразай прадстаўніка ўлады.

Прадстаўнік пракуратуры Дзяніс Самафалаў запытаў для абвінавачанага два гады «хіміі» — абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

На судзе Вяршук прызнаў віну цалкам. Ён растлумачыў, што ў ліпені 2020 года ў яго памерла маці, потым былі праблемы на працы, і праз гэта ён быў падаўлены, зайшоў на Youtube, «каб неяк адцягнуцца і супакоіцца».

Гамяльчук заявіў, што на выбарах галасаваў за Лукашэнку і палітыкай не цікавіцца. «Я ролік з Салаўём паглядзеў не да канца — была дрэнная сувязь, ды і нецікава было, пачытаў водгукі, нават не ведаю, што мяне прымусіла напісаць каментар. Больш такога не паўторыцца ў жыцці», — сказаў у судзе Вяршук.

Раней за абразу Салаўя — таксама за каментар пад гэтым жа ролікам, — атрымаў тры гады «хіміі» музыка Уладзіслаў Наважылаў, больш вядомы як лідар культавага метал-гурта «Gods Tower» Lesley Knife.