За пікет з плакатам «Спыніце нелегальную міграцыю» мінчука арыштавалі на 15 сутак

35-гадовага Віктара Яныша затрымалі 20 кастрычніка за адзіночны пікет з плакатам «Спыніце нелегальную міграцыю/Stop illegal migration» насупраць Міністэрства замежных спраў Беларусі, паведамляе «Вясна».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


35-гадовага Віктара Яныша затрымалі 20 кастрычніка за адзіночны пікет з плакатам «Спыніце нелегальную міграцыю/Stop illegal migration» насупраць Міністэрства замежных справаў Беларусі.
На Яныша склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне з мэтай выказвання свайго пратэсту па факце нязгоды з міграцыйнай палітыкай Беларусі, падчас якога ён знаходзіўся па адрасе: вуліца Леніна, 28, — і трымаў у руках ліст з надпісам «Спыніце нелегальную міграцыю».
22 кастрычніка мінчука судзілі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». На пасяджэнні Яныш патлумачыў, што стаў сведкам таго, як мігрант збіраўся нелегальна перасячы мяжу, на што органы ўлады пасля скаргі Віктара ніяк не адрэагавалі. Гэта абурыла мужчыну, таму ён вырашыў выйсці з плакатам.
Суддзя суда Ленінскага раёна Юлія Шут асудзіла Віктара Яныша паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі ці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах») на 15 сутак арышту.