«Забарона палётаў «Белавія» — гэта той выпадак, калі з перхаццю сталі змагацца пры дапамозе гільяціны»

13 верасня эксперты ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі) павінны апублікаваць папярэднія даныя расследавання з пасадкай у траўні ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair. Для гэтага спецыялісты ICAO наведвалі Беларусі, дзе ім падаваліся афіцыйныя даныя. Ад рашэння будзе залежаць, ці змогуць у бліжэйшай будучыні самалёты зноў лётаць з Беларусі ў Еўропу і наадварот. Напярэдадні дадзенага рашэння «Філін» апытаў некалькі экспертаў.
Фота: Вікіпедыя

Фота: Вікіпедыя

Хто больш пацярпеў ад абмежаванняў — рэжым або звычайныя грамадзяне Беларусі? Палітолаг, экс-дыпламат Павел Мацукевіч лічыць адназначна: удар прыйшоўся па грамадзянскай супольнасці.

— Па-мойму, гэта адбілася толькі на грамадзянах Беларусі, само сабой ударыла па авіякампаніі «Белавія». Кардынальна скарацілася колькасць маршрутаў. Па тых, што захаваліся, павялічыліся кошты. Зменшыліся да мінімуму магчымасці для беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіўны каток, экстрана пакінуць краіну.

І наогул гэта было дзіўнае рашэнне, пакараць «Белавія» за інцыдэнт, да якога авіякампанія не мае ніякага дачынення. Больш чым сумніўнае — з пункту гледжання падтрымання грамадскіх сувязяў са светам, якія сёння так важныя для Беларусі, якая патрапіла ў таталітарныя ціскі. Я б сказаў, што гэта быў удар пад дых грамадзянскай супольнасці, якая страціла канал спалучэння.

У ЕС чамусьці прынята лічыць, што калі ўключыць у санкцыйныя спісы дзяржаўнае прадпрыемства, асабліва буйное, скажам, МАЗ ці БелАЗ, то пацерпіць рэжым. Хоць ніякай прамой сувязі гэтыя прадпрыемствы з Лукашэнкам не маюць. Не трэба блытаць бюджэт краіны з кішэняй рэжыму, ставіць знак роўнасці паміж Беларуссю і Лукашэнкам. Гэта абсалютная памылка.

Адзіная санкцыйная мера, якая была ўдалая, таму што закранула рэжым і нікога больш, — гэта адлучэнне Лукашэнкі ад Алімпіяды. Усе астатнія санкцыі ў большасці сваёй маюць відавочна прамую шкоду для эканомікі і фінансаў, рэпутацыі краіны і, у лепшым выпадку, ускосна закранаюць рэжым.

У гісторыі з «Белавія» беларускія ўлады нават змаглі праявіць сябе як абаронцы несправядліва пакаранай авіякампаніі, прабіўшы для яе ў суцяшэнне пару новых напрамкаў у Расію і Казахстан.

Мне здаецца, што Еўразвязу трэба не драбязніцца і прыняць супрацьлеглае палітычнае рашэнне — адкрыць для «Белавія» ўсе шляхі ў Еўропу, нават раней закрытыя еўрапейскімі канкурэнтамі — нашу кампанію пускалі не ва ўсе аэрапорты, куды яна імкнулася.

Таму што гэта як глыток паветра і свабоды трэба беларусам і Беларусі.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што еўрапейскія ўлады моцна паспяшаліся са сваім рашэннем.

— Калі казаць шчыра, то гэта не тое рашэнне Еўрасаюза, якому шырокія пласты беларускага насельніцтва могуць пляскаць у далоні, — сказаў «Філіну» аналітык. — Я думаю, што ў Еўропе былі напалоханыя гэтым інцыдэнтам. Упершыню размова ішла пра бяспеку грамадзян ЕС, бо выконваўся рэйс Афіны — Вільня, паміж дзвюма краінамі Еўрасаюза. Раней усё ж такі гаварылі пра тое, што дыктатар душыць беларусаў, сваіх людзей. Гэта выклікала «глыбокую занепакоенасць», але не настолькі, свая кашуля заўсёды бліжэйшая да цела.

Брусель вырашыў, што не трэба даваць Мінску прычын паўтарыць нешта падобнае, адсюль і такое рэзкае рашэнне. Мне здаецца, што гэта якраз той выпадак, калі з перхаццю сталі змагацца пры дапамозе гільяціны.

Глядзіце, у Лукашэнкі ёсць свой «Боінг», і лётае ён амаль выключна да Пуціна. Атачэнне Лукашэнкі, у асноўным, таксама невыязныя. Гэта значыць пацярпелі ў большай меры звычайныя грамадзяне Беларусі. У тым ліку праціўнікі рэжыму: вы ж бачыце, як многія вымушаныя з'язджаць з краіны, каб не трапіць за краты. Менавіта для гэтых людзей узніклі дадатковыя цяжкасці.

Мне здаецца, што чым вышэйшая сцяна паміж Беларуссю і ЕС, тым зручней рэжыму знішчаць грамадзянскую супольнасць. Як там пісаў Якуб Колас: «І ў астрог нас завялі, І таўкуць без меры». Еўропа пра гэтую высокую сцяну мала што ведае.

І наадварот, чым больш Еўропы ў Беларусі, тым больш шанцаў захаваць незалежнасць і спадзявацца на прагрэсіўныя перамены ў будучыні. Пра гэтую логіку еўрапейскія чыноўнікі часам забываюць.

А вось палітолаг Арсень Сівіцкі лічыць, што ад дадзенай сітуацыі пацярпелі абодва бакі.

— Мне здаецца, што ад гэтых санкцый і беларускія ўлады, і беларускае грамадства пацярпелі ў аднолькавай ступені. З аднаго боку — яны пазбавілі беларускі рэжым адной з крыніц заробку і пагоршылі становішча «Белавія», — сказаў суразмоўца «Філіна». — Калі глядзець з бытавога боку, то больш за ўсё нязручнасцяў гэтыя санкцыі даставілі звычайным беларусам, якія былі вымушаныя перабудоўваць сваю лагістыку для падарожжаў або бізнесу. Гэта прывяло да дадатковых выдаткаў.

Стрымліваючым фактарам застаецца на сёння пандэмія каронавіруса, закрытасць значнай часткі краін для турызму. І калі б гэтыя кавідныя абмежаванні адсутнічалі, то гэта была б катастрофа і ўнутрыпалітычнага характару.

Пакуль што гэтага не адбываецца, для беларусаў мінімум тры транзітных хаба — Стамбул, Масква і Тбілісі.

Калі казаць пра матывы санкцый, то трэба памятаць, што Еўрасаюз кіраваўся сваімі інтарэсамі. І ў самую апошнюю чаргу ўлічвае інтарэсы беларускага грамадства і дзяржавы. У гэтым сэнсе, галоўная мэта санкцыяў — пакараць афіцыйны Мінск за яго непрымальныя паводзіны, — лічыць Сівіцкі.

Якім можа быць выйсце з сітуацыі?


Павел Мацукевіч упэўнены, што Еўропа можа спакойна, як і ўвяла, так і адмяніць дадзеныя абмежаванні:

— Калі ў расследаванні не будзе ўсталяваная віна «Белавія», будзе добрая нагода (калі без яе ніяк) і ўсе падставы зняць блакаду з кампаніі.

Тут, наогул кажучы, выйшла не вельмі прыстойная гісторыя для еўрапейскіх палітыкаў. Беларусь пакаралі за інцыдэнт да завяршэння расследавання па ім.

Нагадаю іншую, куды больш драматычную гісторыю, калі ў канцы 1980-х Кадафі збіў амерыканскі пасажырскі самалёт і ў выніку загінулі 270 чалавек. Санкцыі чакалі вынікаў расследавання, якое доўжылася тры гады.

Калі не прытрымлівацца правілаў, то чалавек можа дайсці да Лукашэнкі, якому «часам не да законаў».

Адэкватным і лагічным у той сітуацыі было б рэкамендаваць еўрапейскім авіякампаніям аблятаць Беларусь да завяршэння расследавання, але не абломваць у гарачцы крылы «Белавія», віна якой толькі ў тым, што яна беларуская.

Мне здаецца, Еўрапейскаму саюзу варта больш уважліва падыходзіць да сваіх санкцыйных мер, кіравацца прынцыпам «не нашкодзь». Сапраўды не варта прымаць меры, асноўны вынік якіх звязаны з пагаршэннем становішча Беларусі і беларусаў, і толькі апасродкавана датычыцца рэжыму.

Ізаляцыя і беднасць не спрыяюць барацьбе за свабоду і скрадзеныя выбары. Людзям у такой сітуацыі даводзіцца змірыцца і думаць толькі пра выжыванне.

Аляксандр Класкоўскі бачыць больш шырокі ланцужок сувязяў і рашэнняў:

— Трэба дачакацца высноў ICAO, яны будуць мець вялікую значнасць. Беларускі бок, трохі забягаючы наперад, вуснамі кіраўніка Дэпартамента авіяцыі Сікорскага сказаў, што наш бок ва ўсім іх пераканаў. І з'язджала дэлегацыя з Беларусі зусім з іншым настроем, чым прыязджала. Хутка ўбачым, ці праўда гэта.

Калі ICAO пацвердзіць, што беларускі бок дзейнічаў незаконна, то, вядома, Бруселю цяжка будзе хутка ліквідаваць гэтыя рашэнні, размова будзе весціся пра захаванне асобы.

Для танго патрэбныя двое, а з афіцыйнага Мінска танцор не вельмі добры. Крызіс можа зацягнуцца.

Рашэнне можа быць знойдзена ў рамках больш шырокага працэсу, калі беларускія ўлады пачнуць выпускаць палітвязняў, а Еўрасаюз у адказ спачатку прыпыняць, а потым, магчыма, і зусім замарожваць санкцыі. Гэты працэс малаверагодны, але нават ад Лукашэнкі гучыць усё часцей: «Калі вы хочаце дамаўляцца, то давайце дамаўляцца».

Неабходнасць у гэтых перамовах існуе. Пытанне — на якіх умовах. Рана ці позна працэс цалкам можа быць запушчаны. І станоўчае рашэнне па авіязносінах магло б стаць часткай гэтага працэсу.

Мне здаецца, у Бруселі ўжо зразумелі, што рашэнне было імпульсіўным і не вельмі ўзважаным. Трэба ўлічваць і бізнес-інтарэсы: еўрапейскія авіяперавозчыкі могуць таксама выказваць сваю незадаволенасць з-за гэтага рашэння. Перспектывы вырашэння гэтага пытання ёсць, але яны ў больш шырокіх беларуска-еўрапейскіх адносінах.

У Арсеня Сівіцкага ёсць як аптымістычны сцэнар вырашэння пытання, так і песімістычны. Пакуль эксперт схіляецца, хутчэй, да другога.

— Далейшае развіццё падзей у плане захавання або не санкцый будзе залежаць ад паводзінаў беларускіх уладаў. Тут ёсць два сцэнара.

Першы — грунтуецца на выніках перамоваў місіі ICAO. Калі меркаваць па водгуках уладаў, то яны настроены аптымістычна. І гэта ўскосна пацвярджае, што вынікі расследавання могуць пацвердзіць версію ўладаў. Гэта можа падштурхнуць ЕС, які ў кастрычніку будзе прымаць рашэнне аб працягу санкцый або зняцці, перагледзець сваё рашэнне.

Другі сцэнар — больш песімістычны. Незалежна ад таго, якімі будуць вынікі расследавання ICAO, увядзенне пятага пакета санкцый з-за міграцыйнага крызісу ўсё роўна адбудзецца.

У афіцыйнага Мінска ёсць каля тыдня да таго, калі ў Бруселі зноў збяруцца абмяркоўваць санкцыі, каб паслаць нейкія дээскалацыйныя сігналы. Адным з такіх можа стаць нармалізацыя сітуацыі на беларуска-еўрапейскай мяжы. І вяртанне беларускім бокам да выканання дамоўленасцей з ЕС у аднабаковым парадку.

Стабілізацыя сітуацыі на мяжы дазволіла б пазбегнуць пашырэння санкцый супраць авіяцыйнага сектара Беларусі, нават калі пяты пакет будзе прыняты. Гэта сфера дыпламатычнага гандлю, але я не бачу, каб беларускі бок гэтым скарыстаўся.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: