Затрымалі на памінках за тое, што два месяцы таму слухаў у машыне песню Цоя «Перемен»

У канцы чэрвеня 58-гадовага Сяргея затрымалі наўпрост падчас памінак. Ён сядзеў за памінальным сталом, калі яму патэлефанаваў сын і сказаў, што нехта падрапаў яго машыну, таму яму трэба спусціцца ў двор. Там яго ўжо чакалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС, якія адвезлі яго ў аддзяленне і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сяргея абвінавацілі ў праслухоўванні 1 траўня «пратэснай песні» ў сваім аўтамабілі і ў выкрыкванні лозунгу «Жыве Беларусь». У якасці доказаў былі толькі паказанні міліцыянта на судзе, а ўсе астатнія матэрыялы справы сведчылі пра недатычнасць мужчыны да «правапарушэння». Яго пратрымалі за кратамі тры дні, а потым адпусцілі да суда. У выніку, мінчука ўсё ж такі пакаралі 15-сутачным арыштам. Сяргей распавёў «Вясне назірае» пра бяздомнага на Акрэсціна, які спражняўся пасярод камеры «палітычных», сукамерніка, які нібыта разбіў акно памочніцы пракурора і пра суддзю, якая строіла здагадкі, каб даказаць віну Сяргея.

Супрацоўнікі ДАІ папрасілі спусціцца ў двор, бо нехта падрапаў машыну 


«26 чэрвеня было сорак дзён па маме, таму мы зрабілі «памінальны стол». Была ўся сям'я за сталом, а сын ужо з'ехаў. У двары стаяла мая машына, на якой я працую ў «Яндэкс. Таксі». Каля 15:40 мне патэлефанаваў сын і паведаміў, што міліцыянты папрасілі мяне выйсці, таму што нехта падрапаў машыну. Рабочая машына была арандаваная, таму не ведалі мой нумар, а ведалі толькі сына. Сын сказаў, што па тэлефоне з ім размаўляў адэкватны чалавек, які папрасіў выйсці, каб разабрацца «на месцы». Калі я падыходзіў да машыны, адразу зразумеў, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Сыходзіць ад іх я не збіраўся, таму што гэта «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». У аднаго з іх на кепцы была эмблема ДАІ і збоку напісана «Ленінскае РУУС». Яны адразу паказалі свае пасведчанні і папрасілі праехаць з імі ў РУУС, а "там ужо растлумачаць, на якой падставе". Адзінае, што я паспеў зрабіць, гэта патэлефанаваць жонцы. Па дарозе мы шмат размаўлялі, але яны так і не сказалі, у сувязі з чым мяне забралі. Па прыездзе ў РУУС у іх на стале ўжо ляжаў гатовы пратакол супраць мяне, з якім мяне тады не азнаёмілі. Яны мне толькі сказалі, што ім паступіла скарга ад «неабыякавага грамадзяніна» аб тым, што нібыта я першага траўня на вуліцы Аўрораўскай ехаў у машыне з уключанай песняй Віктара Цоя "Перемен" і выкрыкваў "Жыве Беларусь"».

Проста адразу сказалі "О, гэта змагар" і пасадзілі ў камеру


«У кабінеце ў РУУС, я ўбачыў, што ў іх ляжалі два БЧБ-сцягі «Серабранкі» і адзін з Пагоняй. Яны былі змятыя, як хлам. Убачыўшы гэта, я сказаў: «Прабач, калі ласка, але я ўсё ж такі гэта складу акуратна, бо гэта культурна-гістарычныя сімвалы, як бы там ні было». Стаўленне да мяне ў РУУСе было не «быдлячае», наадварот — яны самі сказалі, што мне варта было б пераапрануцца. Таму яны дазволілі патэлефанаваць жонцы, каб яна перадала мне вопратку, а калі яна прывезла яе, то дазволілі забраць у яе рэчы, пераапрануцца і вярнуць старыя. Таксама ў мяне забралі тэлефон. Я запытаў участковага:

— Ну што, 15 сутак?

Так, 15, паедзеш на Акрэсціна.

— А што далей?

Сёння яшчэ нічога, а заўтра — суд.

Потым мяне пасадзілі ў «дзяжурную» камеру РУУСа на ноч, у якой была адна лаўка на 10 чалавек. Камера маленькая, а з-за спякоты няма чым дыхаць было. Даводзілася падыходзіць да маленькай шчыліны ў дзверы і дыхаць праз яе. У туалет выпускалі. Пры гэтым, нас увесь гэты час не кармілі. Размаўлялі супрацоўнікі выключна матам і заўсёды на «ты». Пытанняў па ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах мне не задавалі, проста адразу сказалі «О, гэта змагар» і пасадзілі ў камеру. Там я прасядзеў да раніцы, потым нас пачалі рыхтаваць да выезду на Акрэсціна».

У камеру падсялілі двух бяздомных з «белай гарачкай», аднаго з іх некалькі разоў ударылі электрашокерам

«Нас пасадзілі ў «стаканы» аўтазакаў па тры чалавекі. Калі нас вывелі на двор ІЧУ, пачаўся дождж, пад якім нас трымалі каля дзвюх з паловай гадзін. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў ІЧУ стаяў з намі, але сам быў пад навесам. На просьбы завесці ўсіх у будынак, ён адказваў, што ён таксама стаіць з намі і працягваў крычаць матам у адказ на просьбы.

Далей нас чакала здзеклівая працэдура распранання, напэўна, каб зламаць нас. Затрыманых завялі ў душ, дзе з-за гары бруднага адзення стаяў невыносны смурод. Пазней прыехала новая «партыя» затрыманых, таму нас зноў пасадзілі ў «стаканы» па тры чалавекі. Праз 40 хвілін нас раскідалі па камерах. Мяне пасадзілі ў пяцімесную, дзе нас было дзесяць чалавек. Я змог узяць з сабою свае рэчы, але не паспеў узяць неабходныя таблеткі, якія мне трэба прымаць кожны дзень, без якіх можа быць смяротны зыход (у Сяргея заблакаваная левая сонная артэрыя). Ні матрацаў, ні бялізны, вядома, не далі. Спаў я на лавачцы ў гэтай камеры, а сядзеў, у асноўным, з п'яніцамі, якіх везлі на ЛПП. У дваіх з іх ноччу пачалася «белая гарачка». Яны шукалі дзверы, каб выйсці, збіраліся схадзіць папаліць, а адзін «па тэлефоне» з кімсьці размаўляў. Яны ўвесь час спрабавалі хадзіць па камеры, а на падлозе ў гэты момант людзі спалі. Пры гэтым спякота была невыносная, але, на шчасце, нам не закрывалі "кармушкі". Мы прасілі супрацоўнікаў выклікаць лекара для бяздомных, таму што нам немагчыма было з імі сядзець. Але аднаго з іх проста некалькі разоў ударылі электрашокерам, каб ён змоўк, і на гэтым усё скончылася. У камеры ўсю ноч гарэў "пражэктар" — так мясцовыя называлі лямпачкі ў камеры — таму спаць было складана. Не магу сказаць, што кармілі дрэнна — есці можна было».

Бяздомны пачаў спражняцца наўпрост пасярод камеры


У панядзелак над мужчынам прайшоў працэс у судзе Ленінскага раёна, а справу яго разглядзела суддзя Юлія Інчына. Па пратаколе, Сяргей «1 траўня правёў несанкцыянаванае пікетаванне шляхам выкрыквання правакацыйнага лозунгу «Жыве Беларусь», для выражэння сваіх грамадска-палітычны поглядаў, знаходзячыся ў аўтамабілі па вул. Аўрораўская». Віну Сяргей катэгарычна не прызнае. У пратаколе па арт. 24.23 КаАП значыўся няправільны нумар машыны, таму суддзя Інчына вярнула справу мінчука «на дапрацоўку».

«Пасля суда мяне перавялі ў новую камеру — гэтым разам да "палітычных". У нейкі момант мы пачулі моцны шум у суседняй камеры. Як мы даведаліся пазней, да пяці «палітычных» у двухмесную камеру 3*1,5 метра падсялілі двух бяздомных, адзін з якіх пачаў наўпрост пасярэдзіне камеры спаражняцца. У гэты час як раз стаяла моцная спякота і хлопцы проста пачалі крычаць, каб ад іх прыбралі гэтых бяздомных».

Для апытання прыехаў старшы следчы па асабліва важных справах


«Праз пару гадзін да мяне прыехаў участковы Ленінскага РУУСа з "выпраўленым" пратаколам і даў яго на подпіс. Акрамя гэтага, мне прапанавалі распісацца ў пратаколе апытання сведкі, але я адмовіўся. Ужо каля 23:00 да мяне прыехаў старшы следчы па асабліва важных справах з СК для апытання. Ён задаваў мне розныя пытанні з нагоды ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, ці знаходжуся я ў дваровых чатах і ці ведаю тых, хто ў іх знаходзіцца. Мэту свайго прыезду следчы так і не пазначыў. Пасля гутаркі ён проста з'ехаў», — распавёў Сяргей.

Адзін кіламетр ад месца "правапарушэння" — нязначная розніца?


29 чэрвеня судовы працэс над Сяргеем аднавіўся. У гэты раз да матэрыялаў справы далучылі дакументы аб яго стане здароўя (нестабільная сітуацыя з сэрцам), і раздрукоўкі перасоўванняў з указаннем часу, і геалакацыі аўтамабіля "Яндэкс. Таксі" за 1 траўня ў перыяд з 17:12 да 19:00. Маршрут перамяшчэння з картай і штохвілінная расшыфроўка прыкладзены. Суддзя Інчына некалькі разоў абвяшчала перапынак у сувязі з новымі звесткамі, а потым пачала будаваць здагадкі аб тым, што адзін кіламетр ад месца правапарушэння – нязначная розніца. Таму, на думку суддзі, Сяргей усё ж такі мог там праязджаць, а сведка мог раней паведаміць. Але адвакатка пастаянна вяртала суддзю да канкрэтных фактаў з пратаколу. У матэрыялах справы нават пасля «дапрацоўкі» было мноства памылак, але акрамя гэтага ў пастанове аб накладанні арышту на маёмасць усё роўна не выправілі нумар машыны і таму матэрыялы справы не могуць з'яўляцца пэўным доказам віны. Сведку-міліцыянта ў той дзень так і не выклікалі. Вынік – справа зноў вярнулася "на дапрацоўку". У гэты дзень у мужчыны мінаў 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання, таму адразу пасля суда мужчыну павінны былі выпусціць на волю.

Выпусцілі пры ўмове яўкі ў РУУС для суда


Супрацоўнік міліцыі, які быў побач з Сяргеем падчас суда і разумеў, што мужчыну прыйдзецца адпусціць, незадаволена ўздыхнуў і сказаў, што «лепш бы ён сваімі справамі пазаймаўся». Ён адмовіўся саджаць мінчука назад у камеру і сказаў калегам, каб яго вывезлі з ІЧУ. У выніку, Сяргея каля 16:30 зноў прывезлі ў Ленінскае РУУС. Там яму прынеслі ўжо новы пратакол, у якім быў выпраўлены час, нумар машыны і далі Сяргею на подпіс, аднак ён адмовіўся падпісваць без адваката. Ніхто яго дадаткова не апытваў, з іншымі матэрыяламі справы таксама не знаёмілі. Мужчына паведаміў супрацоўнікам, што ў яго скончыліся 72 гадзіны, таму яго павінны выпусціць. Замест гэтага Сяргея павялі да начальніка аховы на размову, які заявіў, што выпусцяць толькі пры ўмове, што ён заўтра раніцай з'явіцца на суд у РУУС. Пры гэтым яму нават не далі копію пратакола. У гэты ж самы час яго сын пасля Акрэсціна прыехаў у РУУС, каб забраць бацьку, але яму паведамілі, што Сяргея там няма, хоць сын асабіста бачыў, як бацьку пераводзілі ў кабінет. Ён заявіў пра гэта ўчастковаму і толькі пасля гэтага яны пацвердзілі, што Сяргей усё ж такі ў іх. У выніку, мужчыну выпусцілі, не вярнуўшы канфіскаваныя рэчы.

Сведка-міліцыянт: "Я не памятаю, што я еў учора, а вы патрабуеце ад мяне ўспомніць, што я бачыў два месяцы таму"


Раніцай 30 чэрвеня Сяргей прыйшоў у РУУС на суд, як яго і прасілі днём раней. У міліцыі ён прачакаў каля гадзіны, пасля чаго вырашыў прыехаць у Ленінскі суд на свой працэс. У выніку, суд усё ж такі адбыўся. Гэтым разам у пратаколе змянілі час: з 18:01 на 17:31. Гэта менавіта той час, на які звярнула ўвагу суддзя на мінулым паседжанні, вырашыўшы, што гэта самы «аптымальны» час для здзяйснення правапарушэння, адштурхваючыся ад часу званка «неабыякавага грамадзяніна» ў міліцыю. Да пісьмовых матэрыялаў справы таксама далучана яшчэ адна раздрукоўка з расшыфроўкай перамяшчэння таксі, згодна з якой да месца «правапарушэння» мужчына не даехаў 1,5 кіламетра.

Суддзя Інчына працягвала настойваць на тым, што Вялікаморскую мінчук праязджаў «у непасрэднай блізасці» ад Аўрораўскай, дзе здзейсніў правапарушэнне, а гэта ўжо прыкладны раён здзяйснення правапарушэння.

Сведка-міліцыянт «Зайцаў» на допыце свае паказанні чытаў з пратаколу. Суддзя прапанавала «Зайцаву» апазнаць Сяргея, але спачатку паглядзець на яго. «Зайцаў», гледзячы на мужчыну, пачаў яго апісваць. Адвакатка пачала пратэставаць праз парадак «апазнання», але суддзя гэта праігнаравала.

Сяргей папрасіў сведку аргументаваць выпраўленне часу правапарушэння і дзяржнумароў аўтамабіля. Адказ сведкі-міліцыянты:

І што? Мы прааналізавалі сітуацыю, ўсе даныя і зрабілі выснову, што правапарушэнне было ў гэты (выпраўлены) час. Што вы хочаце ад мяне пачуць? Я не памятаю, што я еў учора, а вы патрабуеце ад мяне ўспомніць, што я бачыў два месяцы таму.

Мінчук абурыўся і заявіў суддзі, што сведка мяняе свае паказанні, зыходзячы з таго, якія дакументы ён падае суду.

Сведка змяніў паказанні, пасля перапынку ў судзе


Далей сведка пачаў распавядаць абставіны затрымання Сяргея адразу пасля здзяйнення ім правапарушэння 1 траўня:

– Так, прыехалі калегі, выцягнулі з машыны, паклалі мордай у асфальт, потым адвялі ў машыну і павезлі ў Ленінскае РУУС. Машына яго ў момант здзяйснення правапарушэння не ехала, а стаяла, у ёй проста было адчынена акно.

Галоўная нестыкоўка ў тым, што Сяргея затрымалі не 1 траўня, а 26 чэрвеня. Адвакат удакладніла, ці маглі затрымліваць у той дзень іншага чалавека, на што «Зайцаў» адказаў, што ўпэўнены ў сваіх паказаннях. Суддзя Інчына, разумеючы, што сведка дае «не тыя» паказанні, вырашае зрабіць перапынак у судзе. Пасля перапынку сведка «ўсё ўспомніў» і вырашыў даць новыя паказанні па справе.

Суддзя Інчына зноў зачытала матэрыялы справы «Зайцаву», у якіх сказана, што Сяргей быў затрыманы 26 чэрвеня, а ў рапарце пазначана, што 1 траўня кіроўцу з лозунгамі ўстанавіць не ўдалося. Таму яна папрасіла растлумачыць сведку супярэчнасці ў матэрыялах справы з яго паказаннямі 20 хвілін таму.

«У той дзень затрымалі чалавека ў машыне. Там была іншая сітуацыя. Мы сядзелі ў машыне бачылі гэтага грамадзяніна, які з машыны выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь». Я вырашыў да яго падысці. Я быў у той дзень у форменным абмундзіраванні. А ён рэзка газануў, паехаў далей і схаваўся. Яго ў гэты дзень не затрымалі. А затрымалі дзесьці толькі 26», — задуменна адказаў міліцыянт.

Дыялог з адвакаткай:

Што наштурхнула Вас успомніць гэта праз 20 хвілін? Матэрыялы справы паглядзелі? Хтосьці з супрацоўнікаў падказаў?

Ну, ўзяў і ўспомніў. Унутраныя сілы.

Падчас допыту сведкі таксама стала зразумела, што «неабыякавы грамадзянін», які паскардзіўся ў міліцыю – гэта малады вайсковец з вайсковай часткі № 5448, які 1 траўня быў разам з «Зайцавым». Менавіта ён тэлефанаваў у 102 праз дзве хвіліны пасля здзяйснення правапарушэння. А тыя паказанні, якія «Зайцаў» даваў 20 хвілін – проста памылка. «Ну, пераблытаў. Чалавек мае права памыліцца», — сказаў сведка, які быў апавешчаны аб адміністрацыйнай адказнасці за дачу ілжывых паказанняў. На ўсе астатнія пытанні сведка адказваў, што нічога не памятае, акрамя таго, што Сяргей выкрыкваў лозунгі каля трох разоў.

Пасля гэтага адвакатка Сяргея каля дзесяці хвілін зачытвала ўсе памылкі, парушэнні заканадаўства і супярэчнасці ў справе і ў паказаннях сведкі. Але суддзя Інчына пастанавіла арыштаваць Сяргея на 15 сутак, маючы ў якасці доказаў толькі змененыя паказанні сведкі «Зайцава».

«Запускаў ліхтарыкі ў неба, заявіў аб знойдзенай картцы, быў у штабе Бабарыкі»


«Я сядзеў у камеры з некалькімі «палітычнымі», у іх як раз пасля мяне былі суды. Быў там хлопец Аляксей, на якога завялі крымінальную справу за тое, што ён нібыта разбіў акно памочніцы пракурора (Касьянчык), з-за якой цяпер судзілі жанчыну, якая выселіла яе. Але гэтую «крыміналку» прыбралі, бо ў яго было алібі на той дзень, таму яго асудзілі па адміністрацыйным артыкуле. Быў са мной яшчэ Андрэй, якога пасадзілі за тое, што ён запускаў ліхтарыкі ў неба. А яшчэ пазнаёміўся з Барысам, які быў у штабе Бабарыкі. Яго затрымалі з сынам каля дома нібыта з-за нейкай заявы, напісанай на яго, а ў выніку асудзілі за «непадпарадкаванне». А з пенсіянерам Мікалаем наогул дзіўная гісторыя. Ён распавёў, што позна ўвечары вярнуўся дадому з дзяжурства, а на стале каля паштовых скрыняў акрамя розных рэкламных буклетаў ляжала картка «Альфа-банка». Ён вырашыў патэлефанаваць у міліцыю і паведаміць аб знойдзенай картцы. На месца прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі Мікалая для размовы, а праз чатыры гадзіны яму прынеслі пратакол за тое, што ён нібыта расклейваў «пратэсныя налепкі» на паштовыя скрыні».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: