Затрыманыя за каментары па «справе Зельцэра» больш за 20 дзён застаюцца без зменнай бялізны і сродкаў гігіены

Затрыманым за каментары па «справе Зельцэра» не перадаюць перадачы — яны ўжо больш за 20 дзён без зменнай бялізны і сродкаў гігіены, піша «Вясна».

Ілюстрацыйны здымак. Фота Дзмімтрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйны здымак. Фота Дзмімтрыя Дзмітрыева

Амаль усіх затрыманых за каментары па «справе Зельцэра» з усёй Беларусі ўтрымліваюць у жодзінскай турме №8. Але з моманту, калі іх туды перавялі, там абвясцілі каранцін, праз які затрыманых абмежавалі ва ўсім.

Як паведамляюць сваякі затрыманых па «справе Зельцэра», у жодзінскай турме №8 палітвязням не перадаюць ні перадачы, ні лісты, а да некаторых нават не пускаюць адвакатаў. Але, паводле слоў сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары. Сваякі спрабуюць дасылаць вязням пасылкі, але невядома, ці перададуць іх адразу, ці толькі пасля каранціну.

Фактычна, усе фігуранты «справы Зельцэра» ўжо тры тыдні сядзяць у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. Адказы на лісты родныя таксама не атрымліваюць, яны нават не ведаюць, ці аддаюць лісты зняволеным. Дакладную дату заканчэння каранціну ў жодзінскай турме блізкія не ведаюць, але доўжыцца ён ужо прыкладна два тыдні. Сваякам кажуць, што ён дакладна будзе дзейнічаць яшчэ да канца гэтага тыдня.