«Заўтра скажуць, што мы ворагі народа». На шматдзетных бацькоў напісалі скаргу ў міліцыю

Жыхары Пружан Аляксандр Онахаў і ягоная жонка Вікторыя Онахава-Жураўлёва маюць 7 родных дзяцей, а яшчэ 6 гадуюць як прыёмных. На іх выхаванне сям’я атрымлівае ад дзяржавы грошы. Два месяцы таму на доме Онахавых вісеў бел-чырвона-белы сцяг. З-за гэтага да іх прыходзіў участковы, патрабаваў сцяг зняць. Сцяг Онахавы ў выніку знялі, але ціск на сям’ю не спыніўся, піша «Свабода».

dc7a8db3_16ca_4f79_8e39_4717e4b65f72_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.webp

Паводле Вікторыі, нядаўна кантралюючыя органы пачалі правяраць справаздачы, якія сям’я здае за кожны атрыманы ад дзяржавы рубель. Спачатку Вікторыю, а 5 лютага яе мужа Аляксандра выклікалі ў міліцыю на «прафілактычную размову».

Ціск працягваецца, бо на доме застаўся мурал — выява дамы з шалікам, расфарбоўка якога таксама не задавальняе міліцыянтаў, мяркуе Вікторыя.

«Выхоўваем дзяцей добрасумленна, а нашы палітычныя погляды тут ні пры чым»

У канцы студзеня да Онахавых зноў прыйшоў участковы. Міліцыянт паказаў гаспадарам раздрукоўку электроннага ліста, які, па яго словах, даслаў жыхар Івацэвічаў. У раздрукоўцы было пазначана прозвішча аўтара, таму ананімкай лічыць ліст не даводзілася, улады мусяць на яго рэагаваць, даводзіў участковы.

«Навошта аддаваць дзяцей на выхаваньне людзям, якія варожа настроеныя адносна існага дзяржаўнага ладу?» — пытаўся аўтар ліста і прыводзіў у прыклад тое, што на доме вісеў бел-чырвона-белы сцяг.

492c1d5e_3a37_4404_9d73_8be77e7d5c03_w250_r0_s.webp

«Мы адказалі, што выхоўваем прыёмных дзяцей законна і добрасумленна, а нашы палітычныя погляды тут ні пры чым. Мы на іх маем права. Участковы сышоў, я ж задумалася пра тое, як узнік гэты «данос» — інакш ліст не назавеш. Выглядала, што аўтар з Івацэвіч добра ведае нашы Пружаны, часта тут бывае, бо ведае, які сцяг вісеў на нашым доме паўгода таму. Потым згадала, што быў прыкладзены здымак. Значыць, чалавек падыходзіў да дому, сачыў за намі цягам можа 6 месяцаў. Хіба гэта законна? Ці не варта яго апасацца?» — распавяла Вікторыя.

Праз некалькі дзён Вікторыя выклала тэкст ліста на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, папярэдне замаляваўшы прозвішча аўтара. Таксама яна адправіла ў Івацэвіцкую міліцыю заяву, каб аўтара паклёпніцкага, як яна лічыць, ліста знайшлі і папярэдзілі аб адказнасьці. «Усё ж у нас тут малыя дзеці, дзяўчынкі падрастаюць», — непакоіцца шматдзетная маці.

«Куды мы гэтак дойдзем? У 37-ы год, інакш няма куды»

Далей падзеі развіваліся імкліва. Неўзабаве Вікторыя ўбачыла ліст «добразычліўцы з Івацэвіч» у стужцы аднаго з тэлеграм-каналаў. Жанчына запэўнівае, што сама туды яго не дасылала.

«Навошта? Яны самі маглі перапосціць ліст з маёй старонкі — для іх жа гэта «бомба», — мяркуе Вікторыя.

Мінула яшчэ некалькі дзён, і мужа Вікторыі выклікалі на прафілактычную размову ў Пружанскі РАУС. Тое, што цікавіла міліцыянтаў, найбольш абурае шматдзетную жанчыну ў гэтай гісторыі.

«Замест таго, каб выклікаць на прафілактычную размову таго чалавека, міліцыя цікавіцца намі. Іх цікавіць толькі тое, ці гэта не мы перадалі ліст у тэлеграм-канал? А тое, што такія лісты вяртаюць нас у мінулае, іх не турбуе. Сёння пішуць, што мы нібыта недакладна выхоўваем дзяцей ды «варожа настроеныя да дзяржавы», а заўтра напішуць, што мы замежныя шпіёны і ворагі народу? Куды мы гэтак дойдзем? У 37-ы год, інакш няма куды», — абураецца Вікторыя.

Жанчына кажа, што часу мінула яшчэ мала, магчыма, праверка яшчэ будзе праведзеная, але ўсё ж не верыць у станоўчы вынік сваёй скаргі.

«Ну які адказ? Вось тое, што мужа выклікалі на размову, хіба не адказ? Сказалі б нам, што яны пагавораць з тым чалавекам, папярэдзяць яго — для нас бы гэта было найлепшым адказам. Але іх цікавіць не наша бяспека, гэта дакладна», — мяркуе Вікторыя Онахава-Жураўлёва.