«Здарылася нейкае вар'яцтва». Як у Мінску сталі зачыняць крамы з нацыянальнай сімволікай

У апошні час папулярныя ў Мінску афлайн-крамы сувеніраў з нацыянальным каларытам былі зачыненыя. З праверкамі сюды прыходзілі МНС і АБЭЗ, супрацоўнікі дзвюх крам асуджаныя на «суткі». Стваральнікі кропак з нацыянальнай сімволікай распавялі TUT.BY, як на працягу шасці гадоў усё было ў парадку, вышымайкамі закупляліся МНС і БРСМ, А цяпер крамы вымушаныя закрывацца з-за штрафаў і праверак.

suvenirnyy_magazin_minsk_4_1024x684.jpg

Symbal.by: «МНС і БРСМ закуплялі ў нас вышыванкі»

Symbal.by з'явіўся ў 2014 годзе, першы час магазін працаваў толькі анлайн. Усё пачыналася з культурнай ініцыятывы «Арт-Сядзіба», якая ініцыявала збор подпісаў за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пасля гэтага Павел Белавус вырашыў стварыць магазін, дзе будуць прадаваць сувеніры і вопратку з беларускімі сімваламі. Стартавалі з продажу «Пагоні», бел-чырвона-белага сцяга, вышымаек. А ў 2017 годзе адкрылася яшчэ і афлайн-крама на Машэрава.

— Мы з самага пачатку пазіцыянавалі, што бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» — гэта не якія-небудзь апазіцыйныя сімвалы, мы распавядалі, што гэта нацыянальныя сімвалы — першыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, што пад імі наша краіна была абвешчаная незалежнай дзяржавай. І на працягу гэтых гадоў пытанняў да нас не ўзнікала, — кажа дырэктар крамы Symbal.by Павел Белавус.

Акрамя гэтага, Symbal удзельнічаў у арганізацыі святкавання 100-годдзя БНР, праводзіў «Мова-фэст» і іншыя мерапрыемствы, распавядае дырэктар крамы.

den_voli_organizatory_20180302_bur_tutby_phsl__2352.jpg

Белавус растлумачыў, што з боку невядомых людзей «дробныя поскудзі» ўсё ж бывалі, але без наступстваў.

— Хтосьці даслаў ананімку, што ў нашай краме прадаецца фашысцкая сімволіка. Прыйшоў супрацоўнік міліцыі, агледзеў усё, правёў апытанне. Ці хтосьці паскардзіўся на рэкламу ў метро. Ці хлопца затрымалі са сцягам: ён сказаў, што купіў у нас, да нас прыйшлі, правялі апытанне. Такія выпадкі ніколі не заканчваліся нават распачаццем адміністрацыйнай справы, іх было мала, — распавядае Белавус.

Як распавядае дырэктар крамы, за кошт таго, што эфект прысутнасці нацыянальных сімвалаў нарастаў, людзі часцей насілі рэчы з вышыўкай, напрыклад, або «Пагоняй». Таксама праз падзеі ва Украіне іх стала лаяльна ўспрымаць улада.

— Яны вырашылі, што трэба нацыянальнае не так моцна рэпрэсаваць, таму што нехта ж будзе абараняць Беларусь, калі здарыцца «як з Украінай»? І гэта будуць патрыёты. Гэта вечная гульня. Тады нашы дзеянні ім былі на руку, таму нас не чапалі. Гэта як з мітынгамі супраць інтэграцыі ў снежні 2019 года. Севярынец тады вадзіў людзей, пакуль ішлі перамовы,— і ніхто іх не чапаў, каб Лукашэнка сказаў Пуціну: «Як я магу гэта падпісваць, Глядзі, у мяне ж людзі там на плошчах стаяць!» Цяпер гэта стала не на руку ўладзе — значыць, трэба «зачысьціць, знішчыць, вынішчыць».

Па словах Белавуса, за шэсць гадоў працы Symbal.by аброс кліентамі з прыватных і дзяржаўных структур.

— МНС у нас заказвалі пола з арнаментам на адкрыццё Міжнароднага чэмпіянату па пажарным спорце. БРСМ, калі перанялі ў нас дні вышыванкі, на свае першыя мерапрыемствы іх у нас замаўлялі. АНТ, БТ, СТВ здымалі сюжэты, распавядалі, якая ў нас ёсць крама з нацыянальнымі сімваламі, — так, яны ніколі не паказвалі бел-чырвона-белы сцяг ці «Пагоню». Федэрацыя прафсаюзаў запрашала нас на турыстычную выставу — там мы рабілі стэнд з беларускімі сучаснымі сувенірамі. На «Славянскі базар» ездзілі і ставілі кропку з нашай прадукцыяй, — распавядае Белавус.

chempionat_po_pozharno_spasatelnomu_sportu_v_grodno_3_.jpg

— Пры гэтым, супрацоўнічаючы з дзяржструктурамі, мы ніколі не гулялі ў цэнзуру. Усе яны ведалі, што ў нас ёсць у продажы бел-чырвона-белыя сцягі. Мы ніколі ад гэтага не адмаўляліся. А цяпер была палітычная кампанія, і ў іх здарылася нейкае вар'яцтва — і, мабыць, нас вырашылі ўключыць у спіс ворагаў беларускай дзяржаўнасці. Пачынаючы з лета нас спрабуюць пастаянна прыструніць, — кажа Белавус.

Як Symbal працуе апошнія паўгода?

Краму Symbal на Машэрава закрылі летам: міліцыя канфіскавала ў кур'ера 419 футболак з надпісам «ПСІХОЗ%» — пасля гэтага пачалася серыя праверак ад АБЭЗ, падатковай, МНС. Белавус тлумачыць, што прэтэнзій да футболак так і не выставілі, але сказалі, што тавар можа захоўвацца ў структур столькі, колькі неабходна. Інспектары МНС выпісалі штрафы на ліквідацыю парушэнняў, маўляў, у памяшканні нельга весці раздробны гандаль. Кампанія парушэнні ліквідавала, перарабіла праект, але ўзгадніць працу крамы ўсё роўна не ўдалося: сказалі перарабляць вентыляцыю.

025_20200624_zam_symbal_20200624193916_fo2a3559.jpg

Пытанні да тавараў Symbal.by узніклі і ў Мінскай рэгіянальнай мытні — пасылкі з таварамі крамы не адпраўляюць за мяжу. З кастрычніка да атрымальнікаў не дайшло каля 200 адпраўленняў.

30 студзеня ў краму, якую таксама выкарыстоўвалі як офіс, прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ, канфіскавалі дакументы і маёмасць і там жа затрымалі чатырох работнікаў Symbal.by. У выніку ўсіх іх асудзілі на 15 і 20 сутак па артыкулах 23.34 і 23.4. Што краме інкрымінуе АБЭЗ, Белавус не ведае.

Чацвёра супрацоўнікаў крамы Symbal.by застаюцца пад вартай — іх справы адправілі на дапрацоўку

Па словах дырэктара, ні пісьмова, ні вусна ніякіх просьбаў прыбраць нешта з продажу яны не атрымлівалі. Але цяпер крама не можа нічога прадаваць нават онлайн, бо бухгалтар ў СІЗА, а 90% прадукцыі выключыў АБЭЗ.

Белавус распавядае, што ўвесь гэты час яны працуюць па законе: «На ўсё ёсць неабходная дакументацыя, накладныя».

— Зразумела, што мы не настроены спыняць сваю дзейнасць. Але цяжка сказаць, як далей будуць развівацца падзеі. Але мы не ворагі сваёй краіны, мы патрыёты, мы любім сваю краіну і мы маем права распавядаць і паказваць тыя рэчы і ідэі, якіх мы прытрымліваемся і якіх прытрымліваецца на сённяшні дзень большасць беларусаў.

Белавус кажа, што калі яны адкрываліся, то арыентаваліся прыкладна на мільённую аўдыторыю пакупнікоў.

— Цяпер жа аўдыторыя, якой цікавыя гэтыя сімвалы, якая цікавіцца гісторыяй і культурай, узрасла як мінімум у чатыры разы. Цяпер гэта чатыры мільёны, — ацэньвае Дырэктар Крамы.

Павел Белавус тлумачыць, што зыходзіць у ацэнках з цікавасці да кантэнту крамы на сайце, у YouTube і сацсетках.

«Мой модны кут»: «У ГЦ прыходзілі нейкія людзі — нам здаецца, глядзелі, што прадаецца ў крамах»

moy_modny_kut.jpg

Крама «Мой модны кут» знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі», ён працуе там з 2013 года, з 2015-га там прадаюць сувеніры з нацыянальнымі сімваламі. Цяпер крама зачыненая, але працуе онлайн. Уладальнік пункту Валерый Есіпёнак затрыманы, цяпер у СІЗА. Плануецца, што прадпрымальнік выйдзе на свабоду 12 лютага. Да яго затрымлівалі жонку — у той момант, калі ў краму прыйшоў АБЭЗ. А яшчэ раней прыходзілі з МНС — знайшлі парушэнні.

Жонка ўладальніка крамы Алена Есіпёнак выказала здагадку, што яны былі першымі з тых, да каго прыйшлі з АБЭЗ.

— Супрацоўнікі нават доўга думалі і стэлефаноўваліся, высвятлялі, што рабіць: якія рэчы трэба забіраць. Канфіскавалі ў асноўным адзенне — 70%, усё, што з «Пагоняй» звязана, але вышымайкі і ўсё, што з арнаментам, засталося. Канфіскавалі таксама некаторыя сувеніры, трошкі сцягі забіралі. Выбарачна. Ветліва папрасілі аддаць бухгалтэрыю за апошні год. Як нам сказалі, канфіскавалі рэчы па двух прычынах: каб аддаць на экспертызу, ці адпавядаюць яны сертыфікатам EAC і ці адпавядае прадукцыя суправаджальным дакументам.

Алёна Есіпёнак распавяла, што крама прыйшлося закрыць да ліквідацыі парушэнняў, якія звязаны з пажарнай бяспекай. Але яна разумее, што гэтая зацікаўленасць кантралюючых органаў звязана з палітычнай сітуацыяй у краіне, робяць гэта, каб крамы «не мулялі вочы».

— Як мне здаецца, там нескладаныя парушэнні, якія можна ліквідаваць. Але ці дапаможа гэта адкрыцца зноў — вялікае пытанне. Штраф выпісалі, па-мойму, на 29 базавых велічынь. Ніякіх дакументаў ад АБЭЗ у мяне няма, я ведаю, што канфіскацыя тавару было, акт быў падпісаны Валерам.

141273983_1404243579915933_7846829747044944831_o.jpg

Есіпёнак кажа, што да праверак вусных распараджэнняў нешта прыбраць з продажу не было.

— Можа быць, было б і прасцей, калі б хтосьці нешта папрасіў прыбраць. Вядома, мы кажам, што няма закона, які б забараняў гандляваць прадукцыяй БЧБ. Ні указаў, ні дэкрэтаў — нічога.

Але жонка прадпрымальніка заўважыла, што перад візітам АБЭЗ у гандлёвым цэнтры быў падазроны абыход.

— У выходныя, за дзень да майго затрымання, у гандлёвы цэнтр прыходзілі нейкія людзі — нам здаецца, глядзелі, што прадаецца ў крамах, — Есіпёнак кажа, што такое заўважылі і калегі.

Са слоў Алены, з 2015 года да крамы не было ніякіх пытанняў.

— Раней была такая прадузятасць, быццам вышымайкі — гэта нешта апазіцыйнае. Але потым гэта ўсе перараслі, мода пайшла, усё вярнулася да традыцый. Гэта вялікая справа пашы Белавуса — гэта ён і яго кампанія прыдумалі вышымайкі, і яны спрыялі таму, каб распаўсюджвалася любоў да нацыянальнага.

Як далей будзе працаваць «Мой модны кут», невядома, Алёна чакае мужа, які вернецца і прыме рашэнне.

Тым часам зачыніўся і яшчэ адзін вядомы афлайнавы магазін — дзе прадавалі модную вопратку з нацыянальным каларытам, — LSTR. Ён працягвае працаваць онлайн, але ўладальнік не даў TUT.BY каментар аб прычынах закрыцця кропкі на Харужай.

Таксама на мінулым тыдні міліцыянты зацікавіліся вокладкамі з «Пагоняй» ад брэнда заплечнікаў і аксесуараў Vokladki, якія шыліся з 2014 года. Прадпрымальніка дастаўлялі ў Фрунзенскае РУУС. Цяпер ён на свабодзе, магазін працягвае працаваць, вокладак з «Пагоняй» у продажы няма.