Жыццё яшчэ аднаго выбітнага беларуса забраў каронавірус

Сёння раніцою прыйшла горкая навіна. Некалькі дзён назад у вёсцы Яўсеявічы Капыльскага раёна пахавалі майго знаёмага — Міхаіла Шашкова. Міхаіл памёр ад каронавіруса 13 кастрычніка ў Горацкай лякарні.

246159615_588259685853827_6815067415062835603_n.jpg


Міхаіл Станіслававіч Шашкоў — чалавек няпросты і заслугоўвае асобага ўспаміну. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры буйной жывёлагадоўлі і перапрацоўкі жывёлагадоўчай прадукцыі Горацкай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Вёска Яўсеевічы Капыльскага раёна — яго «малая радзіма». Тут ён нарадзіўся, тут ён быў частым госцем, бо яшчэ жывая яго маці. Міхаіл Шашкоў зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускай жывёлагадоўлі, адпрацаваў на кафедры больш за 30 гадоў. Напісаў больш за 120 навуковых і навукова-метадычных работ, прымаў удзел у напісанні падручнікаў, аўтар шматлікіх навукова-метадычных дапаможнікаў, кіраваў некаторы час вытворчай практыкай студэнтаў сельгасакадэміі і г. д. Пра гэтага чалавека можна з поўным правам сказаць, што гэта быў выдатны прафесіянал і навуковец. 26 кастрычніка ён мог бы адсвяткаваць 67 гадоў. Пра сумленнага і апантанага навукоўца ў такіх гадах кажуць, што «ён у росквіце сваіх творчых сіл». Навуковай працы прысвяціў усё жыццё і нават не завёў сям'ю.
На жаль, каронавірус раптоўна абарваў жыццё гэтага чалавека.
Яго нявестка з зяцем і маці Міхаіла зараз таксама змагаюцца з каронавірусам у 4-й мінскай лякарні. Маці ўжо больш за 90 гадоў, і яна ў рэанімацыі. Так здарылася, што сям'я брата захварэла на каронавірус амаль адначасова разам з ім, нягледзячы на тое, што геаграфічна яны знаходзяцца ў розных кропках.
Па словах жонкі брата, смерць Міхаіла для іх з'явілася вялікай нечаканасцю, паколькі да гэтага ён асабліва не скардзіўся на фізічнае здароўе. Праўда, меў цукровы дыябет, які трымаў пад кантролем пры дапамозе пігулак.
— Міхаіл больш за тыдзень правёў дома з высокай тэмпературай (39 градусаў). Вызываў «Хуткую дапамогу». Але каб патрапіць на лячэнне ў бальніцу, не было накіравання, якое патрабавала «Хуткая».
Калі адчуў сябе зусім дрэнна, пайшоў у прыёмнае аддзяленне. Яго не паклалі. Пляменніца з Мінска патэлефанавала ў Горацкую лякарню і патрапіла на размову з інфекцыяністам. Плакала, што дзядзька можа памерці. Інфекцыяніст сказаў у канцы размовы, што яго пакладуць. І каб вызваў таксі. Ён так і зрабіў. У лякарні яго адразу паклалі на штучную вентыляцыю лёгкіх. Некалькі дзён яшчэ праляжаў і памёр, — распавяла нявестка па тэлефоне з сваёй лякарні, літаральна душачыся слязьмі. — Для нас гэта быў найлепшы брат і сын, любімы дзядзька...