Алесь Бачыла: «Ніхто не задумваўся, што ценю не бывае толькі тады, калі сонца за хмарамі ці калі настае ноч»

Вядомы беларускі паэт і перакладчык Алесь Бачыла, аўтар знакамітага верша «Радзіма мая дарагая», пакінуў каларытныя ўспаміны пра свой удзел у Вялікай Айчыннай вайне.

8c6a8672ed8285b655b0e3a55dcbd9a7.jpg

Пра тое, як пачалася вайна:

У мітусні армейскага жыцця і не заўважылі, як падышла нядзеля 22 чэрвеня 1941 года. Раніца выдалася ясная, сонечная. Пасля трывог і паходаў прыемна было выкупацца ў моры, паляжаць на цёплай гальцы і пазагараць.

І раптам голас днявальнага: «Баявая трывога! Баявая трывога!» «І зноў прапаў наш выхадны», — з крыўдай думалі мы.

Пра іранскі паход:

Нас перакінулі да іранскай граніцы. Усе былі здзіўлены: «Чаго?» І толькі ў канцы жніўня гэтае «чаго» высветлілася.

Апоўдні па пантонным мосце пераехалі Аракс. Першы гарадок чужога свету — Джульфа Іранская. Першыя баязлівыя позіркі людзей, напалоханых варожай прапагандай. Аднак хутка жыхары пераканаліся, што ніхто іх рэзаць не збіраецца, і ўступалі ў дзелавыя сувязі — прадавалі вінаград.

Пра крымскую трагедыю:

У Крым пераправіліся па лёдзе Керчанскага праліва, які ў тую суровую зіму ўпершыню замёрз. І наколькі лёгкай і бесклапотнай была пераправа туды, настолькі цяжкай і трагічнай была яна пры адступленні ў маі 1942. Адно тады было ясна: здарылася непапраўная бяда... Веснавая гразь бездарожжа. Буксавалі машыны. Пагразалі цягачы. На полі бою заставалася шмат тэхнікі, боепрыпасаў, нявывезеныя склады. І як на злосць, нехта распусціў чутку, быццам у Керчы арганізавана пераправа праз праліў. Некаторыя паспяшылі туды, не думаючы аб выніках свайго ўчынку. І калі прыйшлі ў Керч, убачылі: ніякай пераправы няма. Не вытрымліваючы варожых бамбёжак, хто-ніхто кідаўся ўплаў, спадзеючыся на сілу рук і сэрца. Найбольш кемлівыя пускаліся ў шлях на драўляных шчытах, спараных бочках ці на аўтакамерах. Толькі адзінкам удавалася адолець пяцікіламетровы праліў і дасягнуць касы Чушка. Астатніх, хто выбіўся з сіл, быстрая плынь адносіла пад агонь нямецкіх мінамётаў, артылерыі і кулямётаў. Вельмі дорага аплочвалі яны сваю бяздумнасць.

На світанні 15 мая разам са штабам на катэры я перабраўся ў Тамань.

Пра пасляваенную літаратурную работу:

Тады ж, калі мы ледзьве зводзілі канцы з канцамі, думалася, што трэба паказваць не тое, што ёсць, а тое, што павінна быць. І мы ўзводзілі літаратурныя цагельныя вёскі там, дзе людзі не мелі даху над галавой і жылі ў прадымленых зямлянках.

Маладому літаратару нялёгка было пракладаць сваю сцежку...

Здаўна ў народзе жыве прымаўка: «За аднаго бітага двух нябітых даюць» Яе сэнс па-сапраўднаму я зразумеў пазней, а тады... Каму ж з нас тады хацелася быць бітым? Куды прыемней было хадзіць пагладжаным, пахваленым. Хацелася, каб і ў сонечны дзень на зямлю не падала ніякага ценю. Ніхто ж не задумваўся, што ценю не бывае толькі тады, калі сонца за хмарамі ці калі настае ноч.


Літаратурны музей Максіма Багдановіча