Алесь Дзянісаў: Наступілі цяжкія часы для творчасці

Гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў канстатуе, што зараз вельмі цяжкія часы для канцэртаў і для творчасці.

ales_dzjanisau_1.jpg

Сольны альбом Алеся Дзянісава на словы Караткевіча быў прэзентаваны толькі ў адным месцы ў Беларусі — у Віцебску, а канцэрты ў іншых месцах правесці амаль немагчыма. Пра гэта ён распавёў «Радыё Рацыя».

— Тут розныя прычыны. Шмат розных кавярняў. Напрыклад, у Мінску — «Графіці». Там можна было б зладзіць, акурат такое культавае месца і вельмі падыходзіць для акустыкі. Там, дзе людзі могуць сядзець, а не стаяць. І ўвогуле гэта такая культавая музычная кавярня. Але таксама праблема з каронавірусам. І з-за гэтага людзі баяцца, не ходзяць. Тут цэлы комплекс праблем.

Паводле слоў Алеся Дзянісава, працягваецца і праца над міні-альбомам гурта «Дзецюкі», які таксама робіцца ў складаных умовах.

— Сітуацыя такая, што наш акардэаніст знаходзіцца ў Польшчы. Паедзе да нашых сяброў у Кракаў. Сам ён жыве ў Лодзі. Паедзе ў Кракаў на іх студыю запісвацца. Яшчэ засталося запісаць другую гітару, гэта наш мінскі гітарыст, ён паціху ў сябе ў хаце запішацца. Усё астатняе ўжо запісана. Проста зараз праглядаем, бачым памылкі, штосьці выпраўляем. А так практычна ўсё гатовае. Засталося яшчэ зрабіць вокладку.

Плануецца, што міні-альбом гурта пабачыць свет у 2021-м годзе, аднак з-за зачыненых межаў удзел гурта ў розных фэстах за мяжой немагчымы, Алесь Дзянісаў сёння прымае ўдзел у розных праектах толькі ў анлайн-фармаце.