Алег Трусаў прэзентаваў сваю версію праекта закона аб культуры

25 жніўня ў Мінску вядомы беларускі гісторык, археолаг і грамадска-палітычны дзеяч, старшыня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў прэзентаваў аўтарскую версію праекта Закона аб культуры Рэспублікі Беларусь.



trusau_prajekt_zakona_ab_kuljtury_2_logo.jpg

Выступае Алег Трусаў

Прэзентацыя адбылася на круглым стале «Урад для народа», ініцыяваным аргкамітэтам па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Інстытутам развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (Вільня).

Сярод галоўных навацый свайго праекту  Алег Трусаў назваў асобны раздзел «Беларуская мова — асноўны кампанент культуры Беларусі», спецыяльныя артыкулы «Рэлігійная спадчына», «Гістарычна-культурная спадчына і турызм», «Рэстытуцыя гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь», увагу да аховы помнікаў, увядзенне прыватнай формы ўласнасці для арганізацый культуры, падтрымку дзейнасці розных творчых саюзаў аднаго профілю, забарону на прапаганду ў сферы культуры наркотыкаў, алкаголю, палення тытуню, парнаграфіі, а таксама лаянкі і рускага мату, прамое бюджэтнае фінансаванне галіны і абавязковае стварэнне грамадскіх саветаў па культуры пры органах улады ва ўсіх раёнах і абласцях краіны.  

Алег Трусаў акцэнтаваў увагу на неабходнасць падвышэння дзяржаўнай значнасці шэрагу структураў у сферы культуры, узроўню іх прафесіяналізму і адказнасці за вынікі сваёй працы. Дзеля гэтага, між іншым, прапанавана стварыць пры кіраўніку дзяржавы Дэпартамент беларускай мовы, а пры ўрадзе краіны — Дзяржаўную інспекцыю Рэспублікі Беларусь па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, у складзе якой прадугледзець Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях аховы гістарычна-культурнай спадчыны і Фонд аховы, зберажэння і аднаўлення гістарычна-культурнай спадчыны народа Беларусі. Апроч таго, як мяркуе аўтар праекта, пры Савеце міністраў неабходна заснаваць Камісію па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за межамі Рэспублікі Беларусь, а таксама Банк звестак аб гістарычна-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь. 

Праект закону прадугледжвае парытэтны падыход да ўсіх канфесій пры рэстаўрацыі іх святыняў, як помнікаў дойлідства і нерухомых матэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў, а таксама прыярытэтную адказнасць дзяржавы ў справе захавання нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны.

trusa_praekt_zakona_ab_kul_turi_1_logo.jpg

Круглы стол адкрывае Павал Севярынец

Як падкрэсліў спадар Алег, ягоная версія закона прадугледжвае належнае фінансаванне сферы айчыннай культуры на ўзроўні не меней 2,5 працэнта ад штогадовага бюджэту з адпаведным штоквартальным размеркаваннем гэтых грошай такім чынам, каб асноўная іх частка прыходзілася не на канец года, а на ягоную сярэдзіну.

Самай вялікай хібай свайго праекту ягоны аўтар назваў тое, што дакумент распрацоўваўся ў сітуацыі, калі будучая мадэль беларускай дзяржавы пакуль нявызначаная. «Вось чаму, на маё меркаванне, спачатку трэба распрацаваць і зацвердзіць новую версію асноўнага закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а затым рыхтаваць іншыя прававыя дакументы, у тым ліку і закон аб культуры», — сказаў  Алег Трусаў.                                                                                    .

Паводле ягоных словаў, аўтарскі праект будзе апублікаваны ў кнізе «Маніторынг беларускай мовы», што рыхтуе ТБМ, а восенню можа быць накіраваны на абмеркаванне ў ніжнюю палату беларускага парламенту, дзе чакае разгляду ў першым чытанні грувасткі праект Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб культуры», падрыхтаваны Саветам міністраў краіны. Алег Трусаў звярнуў увагу на тое, што праект гэтага кодэксу не толькі спрашчае ўсе базавыя законы ў сферы культуры, але і адменіць іх пасля свайго зацвярджэння.     

Затым адбылося абмеркаванне праекта.

Вядучы круглага стала, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павал Севярынец распавёў, што да канца года мяркуецца правесці шэраг круглых сталоў «Урад для народа» па абмеркаванні дзеля абароны незалежнасці і правядзення дынамічных дэмакратычных рэформаў шэрагу альтэрнатыўных праектаў ключавых 10 законаў, у тым ліку ў сферы энергетыкі, войска, фінансаў, адукацыі, інфармацыі, пенсійнага забеспячэння, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія затым пройдуць міжнародную экспертызу ў Грузіі, Польшчы, Украіне і Чэхіі.