«Беларусы выходзяць з унутранай моўнай эміграцыі»

Сёлета кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту адзначае 65-гадовы юбілей. З нагоды гэтай даты загадчык кафедры, беларусіст і навуковец Радослаў Калета ў інтэрв'ю Свабодзе расказаў, як і навошта беларускую мову даследуюць і палякі, і беларусы.

05e00000_0a00_0242_b09d_08d9953be6a1_cx0_cy7_cw86_w1023_r1_s.webp


«Палітычная сітуацыя матывуе зацікаўленасць беларускай мовай»

— Ці стаў гэты юбілей адметным? Можа, вы заўважылі, што цягам апошняга году змянілася стаўленне да беларускай мовы?
— Бачым, што цяпер у нас навучаецца больш студэнтаў з Беларусі. На працягу апошніх гадоў тэндэнцыі былі розныя. Спачатку гэта былі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці, якія пражываюць на тэрыторыі Падляскага ваяводства, потым палякі. А цяпер ужо таксама беларусы-мігранты, якія прыехалі ў Польшчу ці былі вымушаныя выехаць з сваёй краіны праз палітычныя ўмовы.
Думаю, што зацікаўленне мовай было заўсёды, можа, не масавае, але яно было. Безумоўна, палітычная сітуацыя яго зматывавала, мы гэта назіраем. Але яшчэ больш у нас было б студэнтаў, калі б у Беларусі падтрымлівалася беларуская мова як мова дзяржаўная. То тэндэнцыі былі б яшчэ больш перспектыўныя.
— Шмат было выказванняў, што беларуская мова можа знікнуць. Ці, на вашую думку, цяпер у нейкім сэнсе пачалося яе адраджэнне?
— Па-першае, я думаю, што беларуская мова не памрэ. Ёсць літаратура. Мова жыве ў інтэрнэце. Яна вельмі добра выкарыстоўваецца ў Беларусі ў Каталіцкай царкве, якая амаль выключна карыстаецца беларускай мовай.
— Але ў выпадку камунікацыі паміж людзьмі сітуацыя выглядае па-іншаму...
— Гэта, безумоўна, вялікая праблема. Мы ўсе ведаем, што большасць беларусаў у штодзённым жыцці выкарыстоўвае расійскую мову. Гэта здзіўляе вельмі моцна палякаў і іншых. Яны былі ў шоку, калі вывучалі беларускую мову тут, а потым ехалі ў Беларусь і не маглі на ёй нармальна кантактаваць, бо ўсе адказы атрымлівалі па-расейску. Я сам памятаю некалькі такіх сітуацый, пра якія можна было б і кнігу напісаць.
Аднойчы я быў Мінску разам з навукоўцам з Японіі, які вельмі добра валодае беларускай мовай. І калі ён хацеў паразмаўляць па-беларуску з кіроўцам маршруткі, то той прынцыпова адмаўляўся і адказваў на ўсе пытанні выключна па-расейску. Можна з гэтага смяяцца, а можна плакаць, што нешта такое наогул мае месца.
— Як вы думаеце, чаму такія сітуацыі маглі адбывацца? Якая галоўная прычына таго, што беларусы не хацелі гаварыць на роднай мове?
— Гэта вельмі вялікае пытанне. Мяне асабіста цікавіць псіхалагічны фактар, нейкі «моўны сорам». Я гэта называю паняццем «моўная ўнутраная эміграцыя». Ёсць такі бар’ер, калі чалавек альбо баіцца гаварыць па-беларуску таму, што думае, што зробіць памылкі, альбо ён мае нейкія стэрэатыпы. І гэта мяне цікавіць: чаму напрыклад, чалавек 20 гадоў размаўляў па-расейску, а ў нейкі момант асабіста для сябе прыняў рашэнне, што з гэтага дня я пачынаю гаварыць па-беларуску. Гэта вельмі індывідуальная справа ў кожнага. І яна звычайна звязана з асабістым досведам. Што цікава, пасля леташніх выбараў многія пачалі вяртацца з гэтай «унутранай моўнай эміграцыі». І што менавіта на гэта паўплывала? Ці толькі палітыка? Ці гэта нейкае захапленне беларускасцю?..

«Палякі, якія прыходзяць на першы курс, нават не ведаюць, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы»

— Ці можна зрабіць выснову, што пасля падзей апошняга года беларусы адчулі сябе сапраўды часткай вялікай нацыі з сваёй гісторыяй, мовай і традыцыямі?
— Я думаю, што беларусы адкрылі праўду. Я асабіста лічу, што гэта вялікая хлусня — гаварыць пра тое, што не было ніколі беларускай мовы ці няма цяпер, альбо няма адметнасці ў беларусаў. І ў гэта паверыла вялікая частка беларусаў, і цяпер яны гэта проста зразумелі, што іх гісторыя і краіна мае свае карані. Я як беларусіст ніколі не мог пагадзіцца з меркаваннямі, што беларуская мова — гэта не мова, а дыялект, што немагчыма па-беларуску пісаць навуковыя працы ці гаварыць.
— І шмат такіх поглядаў вы сустракалі?
— Шмат. Толькі думаю, што большасць палякаў так пра беларускую мову не думаюць. Палякі, якія прыходзяць да нас на першы курс, нават не ведаюць, што ёсць 2 дзяржаўныя мовы ў Беларусі і што, вывучыўшы беларускую мову, трэба будзе і так размаўляць там па-расейску. І наш абавязак сказаць ім пра гэта. І для нас як для выкладчыкаў гэта заўсёды пытанне, калі ім пра гэта паведаміць, як патлумачыць, што ў Польшчы размаўляюць па-польску, у Нямеччыне па-нямецку, у Францыі па-французску, а ў Беларусі то ўжо цяжка сказаць... Для нас гэта складаная сітуацыя, бо мы павінны неяк матываваць студэнтаў.
Цяпер у Польшчы вельмі шмат беларусаў і яны альбо беларускамоўныя, альбо хочуць перайсці на гэтую мову ў штодзённым жыцці. І гэта дае магчымасць нашым польскім студэнтам паразмаўляць па-беларуску не ў Беларусі, а ў Варшаве.

«Мы запрашаем тых, хто можа расказаць пра беларускую культуру, і не правяраем іхных палітычных поглядаў»

— Што для вас асабіста значыць гэты юбілей?
— Для мяне гэта перш за ўсё вялікая гісторыя, моцная падтрымка беларусістыкі і суседняй краіны.
— Як цяпер выглядаюць стасункі з вашымі беларускімі калегамі?
— Нашы кантакты не змяніліся, падтрымліваем сувязь з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, Нацыянальнай акадэміяй навук, з Горадзенскім універсітэтам, Гомельскім. Ёсць праекты, якія мы разам арганізуем. Сёння запрашаем нашых беларускіх партнёраў на онлайн-канферэнцыі.
Зразумела, немагчыма ўжо арганізаваць абмен студэнтаў праз пандэмію і з палітычных прычын. Але на мінулым тыдні нашыя студэнты паехалі на Падляшша на практыку. Павінны былі паехаць у Беларусь, але пачалося пагаршэнне палітычнай сітуацыі.
— У сувязі з гэтым ці былі нейкія загады на афіцыйным узроўні з беларускага ці польскага боку аб прыпыненні супрацоўніцтва?
— Не было. У нас ёсць дамовы, апошні раз мы падпісалі іх перад выбарамі.
Я хацеў бы падкрэсліць, што мы запрашаем асобаў, якія маглі б нам расказаць пра беларускую культуру, і не правяраем іхных палітычных поглядаў. Да нас раней прыязджалі і прадстаўнікі пасольства Беларусі, і Культурнага цэнтру Беларусі, нават некаторых дзяржаўных выдавецтваў.
Калі ёсць магчымасць, то запрашаем і дзеячаў культуры, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы і не могуць развіваць сваю дзейнасць у Беларусі.
Наша мэта і задача — падтрымліваць развіццё навукі і культуры і польска-беларускіх стасункаў на гэтым узроўні. Мы не займаемся палітыкай. Я б вельмі не хацеў, каб былі нейкія загады, каго запрашаць, а каго не. Такога ў Польшчы не бывае і, спадзяюся, што ніколі не будзе.
Варшаўскі ўніверсітэт і рэктар нас як кафедру вельмі падтрымлівае. Мы маем своеасаблівую місію, каб паказаць Беларусь, яе скарбы не так, як яе паказваюць СМІ — ці то польскія, ці беларускія.

«Пакуль мы бачым, што ёсць дзве Беларусі»

— Ці каедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту падтрымлівае кантакты з установамі вышэйшай адукацыі Заходняй Еўропы?
— Спадзяёмся, што будзе супрацоўніцтва з універсітэтамі ў Літве, Нямеччыне, хаця гэта не так лёгка арганізаваць. У нас ужо ёсць падпісаная дамова з універсітэтам у Празе. У рамках праграмы «Эразмус» (праграма дае магчымасць навучацца, праходзіць стаж або выкладаць у іншай краіне, якая ўдзельнічае ў праграме. — РС) туды пакуль могуць ездзіць стажавацца толькі нашыя выкладчыкі. Спадзяёмся, што неўзабаве паедуць і студэнты. Я стараюся ў кантактах з заходнімі калегамі быць амбасадарам, паказваць, што варта адкрываць такія напрамкі, як беларусістыка. Гэта складаны працэс, у яго павінны ўключыцца не толькі навукоўцы і ўніверсітэты, але таксама і палітыкі з Міністэрства адукацыі.
— Як вы думаеце, ці шмат часу ён зойме?
— Цяжка сказаць. Я ведаю што ў Славакіі былі курсы беларускай мовы, ёсць выкладчыкі з Беларусі, але трэба набраць мінімум 10 студэнтаў, каб былі заняткі. Няма такога напрамку, як беларусістыка. Гэта ўсе робіцца ў рамках славістыкі, расійскай філалогіі як нейкі дадатковы прадмет.
Тое, што мы маем ва ўніверсітэце незалежную беларусістыку на ўзроўні кафедры — гэта вялікі поспех і падстава даводзіць, што мы можам працаваць, развівацца і далей матываваць іншых. Мы гатовы супрацоўнічаць і дапамагаць рыхтаваць праграмы, ездзіць чытаць лекцыі, каб толькі падтрымаць гэтую ініцыятыву.
Я думаю, што шмат залежыць і ад саміх беларусаў, ад таго, што будзе ў Беларусі, якая будзе моўная палітыка, адукацыйная. Ці будзе гэтая прастора для беларускасці. Мне цікава, якія будуць наступныя крокі і выбар звычайных людзей.
— Значыць, перспектывы на гэты момант невядомыя?
— Пакуль што мы бачым, што ёсць дзве Беларусі — Беларусь і новая Беларусь. Маем нейкія новыя фармулёўкі, вялікі падзел краіны. І ў выніку потым аказваецца, што і культура таксама дзеліцца на новую і старую. А гэта вельмі небяспечна. Зразумела, з чаго гэта вынікае, але палітызаваць усе сферы жыцця — гэта няправільна. Гэта ўжо было ў гісторыі, і мы ведаем, чым усё скончылася.
Таму я б не хацеў, каб дзейнасць нашай кафедры таксама назвалі нейкім тэрмінам — правільная ці няправільная. Я шкадую, напрыклад, што беларуская мова так палітызаваная, што вельмі рэдка ў дыскусіях пра беларускую мову ідзе гаворка менавіта пра мову, а не сродак нейкіх палітычных поглядаў.
Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту — адзіная па-за межамі Беларусі навуковая беларусазнаўчая адзінка, заснаваная ў 1956 годзе ў Варшаўскім універсітэце. Ініцыятаркай яе стварэння, арганізатаркай і шматгадовай (да 1971 году) загадчыцай была прафесар, доктар габілітаваны Антаніна Абрэмбска-Яблонска — вядомая славістка, аўтарка шматлікіх прац у галіне славянскага мовазнаўства. У 1971–1975 гадах яе справу працягвала вядомая беларусістка і паланістка, прафесар і доктар габілітаваны Эльжбета Смулкова, даследчыца польска-беларуска-літоўскага моўнага памежжа, а таксама першая амбасадарка Польскай Рэспублікі ў Беларусі. У стварэнні і фармаванні кафедры дапамогу аказаў Белдзяржуніверсітэт. Ён, між іншым, перадаў кафедры вялікую колькасць кніг па беларускай філалогіі, а таксама пры патрэбе дэлегаваў сваіх супрацоўнікаў для аказання падтрымкі ў дыдактыцы.