Брама неўміручасці беларускай гісторыі

Да шэрагу сваіх інтэлектуальных подзвігаў на ніве адраджэння беларускай гісторыі пісьменнік Уладзімір Арлоў дадаў яшчэ адзін: падрыхтаваў каляндар на 2014 год пад назвай «Брама навук і мастацтваў нязнаных. Культурны ўплыў Беларусі на Расію ў XVI–XVIII стагоддзях».



str_16.jpg

Прычым, у трох варыянтах — вялікім насценным, перакідным настольным і мініяцюрным кішэнным. Дапамог яму ў гэтым, аб чым сведчыць лагатып, што азначаны на кожнай старонцы календара, — БелВЭБ (Белзнешэканомбанк). Гэта не першы беларускі асветніцкі праект, падтрыманы банкам, што робіць яму гонар і адначасова сцвярджае за ім адметную ролю ў найноўшай гісторыі Беларусі. Як з цеплынёй пракаментаваў мне спадар Уладзімір: «Там ёсць два беларускамоўныя хлопцы, якія любяць і сваю справу і Беларусь».

12 месяцаў — 12 выбітных асоб і падзей, адабраных аўтараў з кіпені гісторыі трох стагоддзяў. Сціслы тэкст, які цудоўным чынам спалучае ў сабе дакладную інфармацыю з прыгожым пісьменствам. Трапны падбор ілюстрацый (Зміцер Герасімовіч), які не толькі пашырае аб’ём інфармацыі, але і насычае яе эмацыйным рэхам з мінулых эпох. Выразныя мастацкія фота (Георгій Ліхтаровіч), што дзіўным чынам накладаюць сучасны ракурс на гістарычны.

Працытую ключавы абзац з прадмовы Уладзіміра Арлова, які вызначае, на мой погляд, аўтарскую канцэпцыю не толькі календара:

«У XVI–XVIII стст. вызначальным быў уплыў Беларусі. Яна зведала ў сваёй гісторыі Рэнесанс і Рэфармацыю, што акрэслілі далейшы рух еўрапейскай цывілізацыі. Якраз Беларусь служыла для Расіі своеасабліваю брамай у Еўропу, адкуль прыходзілі перадавыя ідэі, прагрэсіўныя тэхналогіі, новыя віды мастацтва».

Аўтары ўдала скарысталіся асаблівасцямі псіхалогіі візуальнага ўспрыняцця тэксту. Кожны месяц (старонка) пачынаецца з паўтору назвы календара, за якім ідзе пытанне: Ці ведаеце вы:

— што расійскі першадрукар Іван Фёдараў быў беларусам?

— што многія артыкулы трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага без зменаў перайшлі ў расійскае «Соборное уложенне?

— што беларусы запачаткавалі ў Масковіі мастацтва скульптуры?

— што нашы майстры прывезлі ў Расію сакрэт вытворчасці шматколернай кафлі?

— што знакамітую «Цар-гармату» адліў беларус Андрэй Чохаў?

— што Новаіерусалімскі манастыр на Істры — плён працы беларускіх талентаў?

Гэтыя набраныя стылізаваным пад старадрук шрыфтам радкі міжволі будзеш прабягаць кожны раз, як давядзецца ўдакладняць патрэбную дату па надзённых справах. Нават калі няма часу перагарнуць старонку, інфармацыя міжволі адаб’ецца ў кодах памяці. Але ж, хутчэй за ўсё, зачэпіць, завабіць перавярнуць старонку, каб даведацца падрабязнасці. А некага ж і звярнуцца за дадатковай інфармацыяй — да кніг, да інтэрнэту.

Адзначу, 12 пытанняў правакуюць і крамольнае 13-е: «А якім жа чынам гэты культурны ўплыў Беларусі на Расію суадносіцца з імперскай палітыкай Расіі ў адносінах Беларусі, якая цягнецца да сёння?» Але гэта ўжо другая гісторыя.

Каляндар на 2014 год. Але, думаю, і вечны каляндар. Наўрад ці той, хто яго прыдбаў, выкіне яго напрыканцы года. Гэты каляндар валодае яшчэ і ўсімі якасцямі кнігі па гісторыі, энцыклапедычнага даведніка, мае вартасць сваім багаццем рэдкіх ілюстрацый. 

str_16_.jpg