Цi мы калекi?

24 жніўня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пачынае свой чарговы, трыццаты, сезон паказам п’есы ірландскага драматурга і рэжысёра Марціна Макдонаха «Калека з вострава Інішман». Падаецца, выбар невыпадковы: паводле нашага меркавання, гэта найлепшая пастаноўка апошніх некалькіх гадоў.

1_461_logo.jpg


Прэм’ера п'есы прайшла сёлета 15 і 16 красавіка двума складамі трупы.
«Я сам пераклаў гэтую п’есу, — падслухаў аўтар артыкула размову рэжысёра-пастаноўшчыка Аляксандра Гарцуева з сябрамі ў антракце ў дзень прэм’еры. — І яна ляжала ў тэчцы ды чакала свайго часу, і дачакалася. Гэта сапраўдная драматургія, але сярод герояў — няма адмоўных. Галоўнае ў аўтарскай задуме — сказаць пра спагаду і ўзаемадапамогу. Вельмі сучасна».

Аляксандр Гарцуеў

Аляксандр Гарцуеў

А чакалася іншага. 51-гадовы ірландзец Марцін Макдонах увесь ва ўзнагародах: «Оскары» за мастацкія фільмы (прыгадаем апошні — «Тры бiлборды на мяжы Эбiнга, Мiсуры», 2017), і за кароткаметражку («Шасцiзараднiк»), чэмпіён па колькасці п’ес на сцэне Каралеўскіх тэатраў у Лондане (ужо з 1990-х) — ён жа мусіць як ірландзец быць блізкім беларусам? Ірландцы, як і беларусы, — кантынентальныя калоніі імперый (першыя — Брытанскай з 1801, другія — Расiйскай з 1795), як і беларусы, губляюць сваю мову, як і беларусы, падзеленыя веравызнаннямі. Праўда, ірландцам з якасцю імперыі відавочна пашанцавала, беларусы з-пад сваё нягеглай быццам вылузнуліся ў 1991 годзе, ірландцы — не цалкам — у 1921. Так што ў нас, па ірландскіх мерках, цяпер прыкладна 1951 год. Але спектакль пра спагаду? Цікава.
«Калека з вострава Інішман», 1996, аўтару — 26 гадоў, на сцэне — 1932. Дэпрэсіўнае жыццё рыбакоў на ірландскіх выспах, апісанае ў трылогіі, п’еса — яе частка. Вобмаль грошай і цяжкая праца, шмат хто злоўжывае алкаголем, мары вырвацца ў замежны сыты рай (Беларусь 1990-я-2020-я?). Раптам на суседнім востраве кіношнікі з Галівуда пачынаюць здымкі фільма пра жыццё ірландскіх рыбакоў. Шанец «зваліць» у Амерыку, зарабіць і праславіцца. I гэты шанец раптоўна выпадае 19-гадоваму калеку, разумніку Бiлi, у жыццёвыя здольнасці якога ўсур’ёз ніхто не верыць. Які, аднак, праз 4 месяцы вяртаецца ў любую Ірландыю, да блізкіх людзей.
Так што пра патрыятызм такі ёсць у п’есе, нездарма адна з гераінь, юная Хэлен Чума, аднойчы ўсклікае: «Няхай жыве вольная і незалежная Ірландыя!» Але збольшага — пра любоў і спагаду. Урэшце і калека знаходзіць каханне. I мясцовы дакучлівы пляткар Джоні Пустабрэх, высвятляецца, здольны ратаваць з мора тапельца-дзiця, потым аддаць на яго лячэнне ўсе свае і матчыны грошы і нікому пра тое не расказаць. Але глядзіце п’есу — яна таго вартая.

 Аляксандр Гарцуеў, выхад да гледачоў моладзевага складу трупы.

 Аляксандр Гарцуеў, выхад да гледачоў моладзевага складу трупы.

Пра акцёраў. РТБД — калыска кадраў для Купалаўскага (які часова не існуе), таму зараз №1 у Мінску. Тут рос Ігар Сiгаў, тут Дзяніс Паршын з акцёра ператварыўся ў добрага рэжысёра (хутка чакайце яго другую пастаноўку — «Катапульта»). Ці выпадкова п’еса пачынаецца з вогненных танцаў (ірландскіх) усёй задзейнічанай у гульні трупы, маладых і ў веку — прыгадваюцца танцы Стэфаніі Станюта ў «Тэў’е малочнiку» ў 1990-я ў Купалаўскім. Граюць два склады. У адным вы ўбачыце класічных Таццяну Мархель i Андрэя Дабравольскага (усiх не пералічыць). У другім, моладзевым, пачынаюць свой зорны шлях Аляксандр Нiканенка (калека Білі) і Кацярына Жалудок (Хэлен Чума). Кожны склад грае са сваімі цікавымі адметнасцямі.
Фота аўтара