Да гісторыі міфа

У нашай гісторыка-літаратурнай навуцы (як і ў гісторыях іншых літаратур) ёсць міфалагемы і міфы, якія бытуюць не ў вуснай традыцыі (анекдоты, пераказы чутага і да т. п.), а зафіксаваны ў друкаваных тэкстах.



13_vacla_vano_sk_.jpg

Вацлаў Іваноўскі. пачынальнікам беларускай кнігавыдавецкай справы быў В. Іваноўскі. Аднак Зм. Жылуновіч, кіруючыся «мэтазгоднасцю», у сваім артыкуле сцвярджаў, што ў працы Круга народнай прасветы «галоўны ўдзел прыняў праф. Б. І. Эпімах-Шыпіла» і такім чы

Мне даводзілася пісаць пра міфалагему «кажушок ад Янкі Купалы». Перш адзін аўтар расказаў, што Купала перадаў той кажушок у турму зняволенаму Антону Луцкевічу. Праз колькі часу другі аўтар (пэўна, не чытаўшы першага) напісаў, што Купала ў той самы час (хапун заходнебеларускіх дзеячаў) перадаў у турму яшчэ адзін кажушок — на гэты раз Аляксандру Уласаву.

Дзякуй Богу, байкі пра «кажушкі ад Купалы» ўдалося спыніць. Але няма ніякай гарантыі, што ніхто не ўзновіць, напрыклад, міф аб брашуры, якую да 50-годдзя Песняра нібыта выпусціла падпольная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Міф гэты я сустрэў у двух выданнях: у энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» і ў Поўным зборы твораў паэта.

А выдумка гэтая абвяргаецца лёгка: не магла падпольная друкарня выпусціць брашуру з фотаздымкам, бо тады тэхніка вырабу клішэ была даволі складаная, і нават не ўсе легальныя друкарні мелі належнае абсталяванне. Электрагравіравальны ж апарат быў вынайдзены акурат у 1932 годзе.

Для падпольнай друкарні гэта была даволі грувасткая прылада, якую правезці цераз нямецка-польскую мяжу у абход памежнай службы і мытні было практычна немагчыма. Да таго ж машыну належала падключыць да электрасеткі. Ды яшчэ патрабаваўся падрыхтаваны спецыяліст.

Няма сумневаў, што брашуру да 50-годдзя Янкі Купалы аддрукавалі ў Менску і перакінулі яе наклад у Заходнюю Беларусь. І было тое выданне своеасаблівым адказам на выдадзеную ў Вільні лекцыю Антона Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння».

Яшчэ адзін міф датычыць асобы Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Ён і Купалу ў Піцер запрасіў, і прытуліў яго на сваёй кватэры, і ўладкаваў на вучобу, і нават узяў яго на поўнае ўтрыманне, як сцвярджаў удзельнік Усебеларускага з’езда Язэп Сушынскі. З Эпімахавай ініцыятывы, кажа міф, была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца», а сам Эпімах-Шыпіла стаў яе фактычным кіраўніком.

Можна і трэба зразумець, чаму такое ці амаль такое друкавалася, напрыклад, у выдадзеным у 1986 годзе энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (с. 238, 676), але практычна тое ж сцвярджаецца і ў ХХІ стагоддзі. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова пагартаць Беларускую Энцыклапедыю (т. 6, с. 496; т. 18, с.143–144). А тым часам да сярэдзіны 1990-х мы мелі ўкладзены Генадзем Кісялёвым зборнік дакументаў і матэрыялаў «Пуцявiнамi Янкi Купалы» (1981) і ўгрунтаваныя на архіўных матэрыялах даследаванні Юрыя Туронка, з якіх вынікае, што Купалу ў Пецярбруг запрасіў Вацлаў Іваноўскі, што першыя паўгода паэт быў прапісаны на кватэры выдавецкай суполкі «Загляне сонца...», што ініцыятарам стварэння суполкі і яе кіраўніком быў пачынальнік беларускай кнігавыдавецкай справы ХХ ст. В. Іваноўскі (7 снежня споўнілася 70 гадоў з дня ягонага забойства), што Б. Эпімах-Шыпіла ў складаны для суполкі час быў адышоў ад яе спраў і прапанаваў ёй пашукаць іншую кватэру для юрыдычнага адрасу...

Міф пра Эпімаха Шыпілу мае сваіх «бацькоў». І ў гэтым артыкуле я паспрабую паказаць, як гэты міф ствараўся.

Першы тэкст пра Эпімаха-Шыпілу апублікаваў, наколькі мне вядома, у адным-адзіным нумары часопіса «Варта» (1918) нехта Ант. Саросек. Можна было б думаць, што за гэтым псеўданімам хаваўся прамотар выдання Язэп Варонка, які ў дарэвалюцыйны час уваходзіў у беларускае кола ў Піцеры, але 9 кастрычніка г. г. у газеце «Наша слова» з’явіўся артыкул Яраслава Грынкевіча «1700-годдзе Міланскага эдыкту і Беларусь», з якога вынікае, што ў 1913 годзе ў Мастоўскай рыма-каталіцкай парафіі служыў ксёндз Й.-В. Саросек. Узяўшы пад увагу гэты факт і тое, што прозвішча Сарасек (менавіта гэтак вымаўляюць яго на Гродзеншчыне; Саросек — вымаўленне польскае) даволі распаўсюджанае, можна дапусціць, што Ант. Саросек — сапраўднае імя і прозвішча чалавека, які ведаў Эпімаха-Шыпілу і, не выключана, быў яго вучнем.

Тэкст Ант. Саросека неадназначны. <...> Ёсць у тым тэксце і няпэўнае. Так, Ант. Саросек пісаў, што Эпімах-Шыпіла — «летапісец і вартаўнік беларускага руху». Гэтыя словы трэба ўспрымаць хутчэй яе мастацкі прыём, бо, наколькі вядома, Эпімах Шыпіла не вёў летапісу беларускага руху і не быў яго актыўным удзельнікам (калі гаворка пра палітычны складнік гэтага руху). Цяжка сказаць, у чым канкрэтна выражалася роля Эпімаха-Шыпілы як вартаўніка беларускага руху, бо вядома, што ён не ўплываў на лёсавызначальныя рашэнні і Вялікай Беларускай Рады, і Усебеларускага з’езда, і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі... Наўрад ці можна згадзіцца і з цверджаннем, што ад моманту заснавання суполкі «рука і вока» Эпімаха-Шыпілы «было ва ўсіх культурных беларускіх гуртках Пецярбурга і Вільні».

Нарэшце, у тэксце Ант. Саросека ўтрымлівалася непраўдзівая інфармацыя. Аўтар абвясціў Б. Эпімаха-Шыпілу «старшынёй вышэй памянёнай выдавецкай суполкі», а таксама старшынёй «Таварыства ізучэння культурна-прамысловага стану Беларусі» (пад апошнім, пэўна, меўся на ўвазе Беларускі літаратурна-навуковы гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта).

Цяжка сказаць, чым кіраваўся Ант. Саросек, падаючы такую непраўдзівую інфармацыю. Затое можна цалкам патлумачыць прычыны непраўдзівых сведчанняў, якія ўтрымліваюцца ў артыкуле З. Ж. (Зміцера Жылуновіча) «Праф. Б. І. Эпімах-Шыпіла як піянер беларускага руху» («Савецкая Беларусь», 1924, 25 снежня). На гэтыя прычыны ўказвае ўзяты ў дужкі падзагаловак артыкула: «Да выдання пачэснай пенсіі СНК Бел. Рэспублікі».

Дзеячы БССР, якія ведалі Эмімаха-Шыпілу ў дарэвалюцыйны час і якіх ён прывеціў, зрабілі ўсё належнае, каб сталаму дзеячу была прызначана пенсія. Мабыць, Зм. Жылуновіч лічыў, што дзеля гэтага можна паграшыць супраць ісціны і прыпісаць Эпімаху-Шыпілу і тое добрае, чаго ён не рабіў.

Усім, хто вывучаў гісторыю беларускай літаратуры пачатку ХХ ст., вядома, што выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» выдавала таксама альманах «Маладая Беларусь». Вядома таксама, што да выдання альманаха непасрэднае дачыненне меў Я. Купала. Не менш вядома, што ў другім сшытку гэтага альманаха (1912) была змешчана першая аўтабіяграфія Цішкі Гартнага і нізка яго вершаў. На аснове гэтай падборкі ў 1913 годзе суполка выдала зборнік «Pieśni». Аднак пралетарскі паэт не мог пахваліцца ў БССР, што суполкаю, якая выпусціла яго першую кніжку, кіраваў сын памешчыка і цывільнага генерала, у дарэвалюцыйны час дацэнт Тэхналагічнага інстытута ў Пецярбургу, а ў той час, як пісаўся артыкул для «Савецкай Беларусі», — прафесар «панскага» Політэхнічнага інстытута ў Варшаве Вацлаў Іваноўскі. З палітычнага гледзішча больш выгадна было «паставіць» на чале суполкі палітычна нейтральнага і нават наёмнага работніка, ледзь не «пралетара разумовай працы» Эпімаха-Шыпілу (што гэты «пралетар» меў фальварачак і выкладаў у Духоўнай акадэміі, мэтазгодна было маўчаць).

Трэба мець на ўвазе, што ў грамадстве, афіцыйнай ідэалогіяй якога быў марксізм-ленінізм, панаваў вульгарна-сацыялагічны падыход да грамадскіх з’яў. У прыватнасці, свядомасць асобнага чалавека, яго светпогляд ледзь не аўтаматычна выводзіліся з яго сацыяльнага паходжання і стану, з «быцця».

Праўда, у гэтай філасофіі было нямала фарысейства: вульгарна-сацыялагічны падыход стасаваўся да каго хочаш, але не да Карла Маркса з Фрыдрыхам Энгельсам і не да бальшавіцкіх бонзаў, бо ў такім разе і марксізм, і ленінізм, і бальшавізм можна было аб’явіць буржузна-памешчыцкімі плынямі. З тае прычыны, што старшыня выдавецкай суполкі В. Іваноўскі не быў бальшавіком-ленінцам, а ўваходзіў у склад Цэнтральнага Камітэта Беларускай Сацыялістычнай Грамады, называць яго сапраўдным кіраўніком суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» не выпадала.

Вядома, што прырода не трывае пустаты. Таму, паводле логікі, камусьці належала заняць месца В. Іваноўскага. Як і Ант. Саросек, Зм. Жылуновіч у сваім артыкуле старшынёю суполкі, а ў дадатак яшчэ і дырэктарам выдавецтва абвясціў Б. Эпімаха-Шыпілу.

Як мы памятаем, Ант. Саросек пісаў, што імя Эпімаха-Шыпілы стала вядома беларускай інтэлігенцыі ад часу заснавання суполкі. Удакладнім: пад беларускай інтэлігенцыяй аўтар разумеў сацыялістычную інтэлігенцыю, якая ў 1902 годзе заснавала Круг беларускай народнай прасветы і культуры, у наступным годзе — Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду, а ў 1906-м — выдавецкую суполку і газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва», інтэлігенцыю, якая ў 1903-м распачала беларускую кнігавыдавецкую справу.

Вядома, што пачынальнікам беларускай кнігавыдавецкай справы быў В. Іваноўскі. Аднак Зм. Жылуновіч, кіруючыся «мэтазгоднасцю», у сваім артыкуле сцвярджаў, што ў працы Круга народнай прасветы «галоўны ўдзел прыняў праф. Б. І. Эпімах-Шыпіла» і такім чынам стаў піянерам беларускага руху ХХ ст. Мала таго, усе вольныя сродкі, якія заставаліся ў яго («астатак»), Эпімах-Шыпіла, як запэўніваў сваіх чытачоў Жылуновіч, аддаваў гэтаму таварыству. А пра пазнейшы час ён пісаў так: «Уся беларуская калонія [ў Піцеры] жыве з дапамогі Б. І. Эпімаха-Шыпілы». 

Артыкул Зм. Жылуновіча, як і хадайніцтвы за Эпімаха-Шыпілу іншых асоб, на нейкі час прынёс карысць і беларускай навуцы, і асабіста былому памочніку бібліятэкара Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. З 1925 года ён працаваў у Інстытуце беларускай культуры ў Менску.

Сярод прац, якія рэдагаваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, быў і «Віцебскі краёвы слоўнік» (1927) Мікалая Каспяровіча. Гэты даследчык у сваёй працы «Матар’ялы да вывучэння Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва» («Маладняк», 1927, сш. 6) замацаваў тое, што пра Б. Эпімаха-Шыпілу напісаў Зм. Жылуновіч.

Як вядома, у ліпені 1930-га маскоўскія сатрапы арыштавалі Б. Эпімаха-Шыпілу ў «справе» «Саюза вызвалення Беларусі», а ў верасні таго ж года забаранілі яму жыць у Менску. Бездапаможны, даведзены да жалюгоднага стану, ён у 1934 годзе памёр у Ленінградзе.

Імя рэдактара першых двух зборнікаў Янкі Купалы вярнулася з нябыту ў значнай меры дзякуючы Рыгору Семашкевічу, аўтару кніжкі «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) ды іншых прац з гісторыі беларускага грамадска-літаратурнага руху ў Пецярбургу пачатку мінулага стагоддзя. Але разам з тым вярнуўся і міф, створаны Ант. Саросекам ды Зм. Жылуновічам.

З тае прычыны, што на імя Вацлава Іваноўскага было накладзена табу (да ранейшых яго «грахоў» дадалося яшчэ абвінавачванне ў супрацоўніцтве з нацысцкімі акупантамі), Р. Семашкевічу нічога іншага не заставалася, як паўтарыць напісанае да вайны.

Праўда, малады вучоны жыў у іншых абставінах, у іншы час. Ведаючы аб рэальнай ролі Б. Эпімаха-Шыпілы ў гісторыі беларускага руху, Р. Семашкевіч не паставіў яго на чале Круга беларускай народнай прасветы і культуры і не абвясціў яго старшынёю і дырэктарам выдавецкай суполкі. Гісторык назваў яго неафіцыйным кіраўніком гэтае ўстановы. Такім чынам, даследчык пайшоў за ксяндзом Адамам Станкевічам, які ў брашуры «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла...» (1935) напісаў, што яго настаўнік быў душою суполкі.

Ад часу выхаду ў свет працаў Р. Семашкевіча прайшло нямала гадоў. У 2006-м у свет выйшаў ёмісты том Ю. Туронка «Мадэрная гісторыя Беларусі», у якім змешчаны ягоная праца «Дзейнасць беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу» і манаграфія «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі». Аднак у літаратуры ўсё яшчэ чутны згукі міфа, створанага Ант. Саросекам, Зм. Жылуновічам, М. Каспяровічам і А. Станкевічам. Семашкевічавы словы пра тое, што Б. Эпімах-Шыпіла быў неафіцыйным кіраўніком суполкі, некаторыя разумеюць так, што памочнік бібліятэкара Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта быў яе фактычным кіраўніком. І тыражуюць гэтую выснову ў новых публікацыях. Гэтак жа тыражуецца міф і пра тое, што Б. Эпімах-Шыпіла запрасіў у 1909 годзе да сябе ў Пецярбург Янку Купалу і ўзяў яго на поўнае забеспячэнне. (Праўда, Зм. Жылуновіч, у адрозненне ад Я. Сушынскага, «удакладніў», што Б. Эпімах-Шыпіла вучыў і «сутрымоўваў» Я. Купалу не ўвесь час яго побыту ў Пецярбургу, а «каля двух гадоў».) 

Міфы жывучыя і пераадольваць іх цяжка. Але пераадольваць іх трэба, проста неабходна.