Дама-камандорка брытанскай літаратуры

Яшчэ адзін ледзь не прапушчаны юбілей — выбітнай ірландкі і брытанкі, філосафкі і пісьменніцы Айрыс Мэрдак.

merdak_1980__1_.jpg


Падручнікі па граматыцы служылі мне за малітоўнік. Шукаць словы ў слоўніку — гэта было для мяне вобразам дабра.Бясконцае заданне вучыць словы — гэта і быў вобраз жыцьця.
Шлюб — гэта паласканне мазгоў. І зусім не абавязкова, што гэта дрэнна.Тваім мазгам не зашкодзіць лёгкага паласкання.А. Мэрдак, 1978.


Летась 15 ліпеня літаратурныя і філасофскія колы Еўропы адзначылі стагоддзе адной з «пяцідзеcяці найуплывовых брытанскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя». І зусім забылі пра стагоддзе-ўспамін у Беларусі, і гэта пры тым, што ўва ўсіх беларускіх кнігарнях досыць добра прадаюцца яе раманы, вядома, па-расійску і расійскіх выдавецтваў. У многіх на слыху раманы «Чорны прынц», «Дзікая ружа», «Мора, мора…» ці «Замак на пяску».
Цікава прыгадаць, што часта ў мае студэнцкія гады знаёмыя чамусьці меркавалі, што Айрыс Мэрдак — гэта мужчына-пісьменнік, імя Айрыс збівала іх з панталыку. Нядаўна ў кнігарні зноў пачуў, як хлопец пытаўся кнігі Айрыс Мэрдак, а кніжніца адказала яму: «Кнігаў гэтага брытанца пакуль у нас няма». Але не, гэта пісьменніца ды яшчэ з тых, якіх называюць мысляркамі і філосафкамі. Бо па адукацыі Айрыс Мэрдак філосафка, якая навучалася ў Людвіка Вітгенштэйна. І яе першыя кнігі — зусім не раманы, а філасофскія эсэ — напрыклад, «Сартр, рамантычны рацыяналіст» (1953 год). Потым будуць іншыя філасофскія тэксты, так яе цэнтральная філасофская кніга — «Суверэннасць дабра» — складаецца з трох эсэ «Ідэя дасканалага», «Пра бога і даброты» і «Суверэннасць дабра іншымі словамі».
Цікава, што пасля смерці яе філасофскія тэксты актыўна перакладаліся на іншыя мовы і яе чытачы даведваліся са спазненнем, што іх аўтарка была да ўсяго і мудрагелістая філосафка. Дваццаць гадоў яна выкладала філасофію ў Оксфардзе, а потым паступова аддалася літаратуры. У вайну яна працавала ва ўцякацкіх лагерах у Бельгіі і Аўстрыі. У той час і пазнаёмілася з францускім экзістэнцыялізмам, які паўплываў на яе. Была адной з рэдкіх і першых у Каралеўстве экзістэнцыялістак, да ўсяго была платаністкай і належала да вельмі мінарытарнай у краіне гэтак званай «неаналітычнай філасофіі». На кантыненце яе заўсёды цікавіла французская літаратура і філасофія (акрамя Ж.-П. Сартра яе натхнялі С. дэ Бавуар, Р. Кено). Нядаўна да ўсяго знайшлі яе лісты Сімоне дэ Бавуар. За каханкаў мела вядомых пісьменнікаў і мысляроў і пры гэтым абодвух палоў. Пісьменніца, між іншым, сама вызначала сябе, як «гомасексуальная асоба ў жаночым целе». А таму ў раманах і ў жыцці заўсёды прысутнічае гэтая гендарная размаітасць ці флюіднасць. Менавіта таму яна пісала ўніверсальна, не дазваляючы сабе спаўзання ані ў «жаночае», ані ў «мужчынскае пісьмо».
Была пабратая з Джонам Бэйлі, прафесарам англійскай літаратуры і пісьменнікам. Як сапраўдная экзістэнцыялісцкая пара жыла шчасна і адкрыта — калі завязваліся ці аднаўляліся старыя повязі-раманы — аб гэтым гаварылася адкрыта. У кнізе ўспамінаў пра жонку Дж. Бэйлі напісаў, што паступова секс стаўся, як і ва ўсіх пабратых парах, «непазбежна смешным», але замілаванне і павага прысутнічалі да скону. Так, дарэчы, часта казалі і героі раманаў А. Мэрдак. Пасля смерці, хоць пара ведала гэта і пры жыцці, у архівах знайшлі вялікую колькасць лістоў А. Мэрдак да сяброўкі і выбітнай брытанскай філосафкі, спецыялісткі па этыцы Філіпы Фут. Сярод тых лістоў вялікая частка належыць да амурных. У тых 250 лістах зафіксаваны раман, які доўжыўся, паміраў і аднаўляўся амаль 40 гадоў.
Калі вярнуцца да яе літаратурнай творчасці, то тут А. Мэрдак пакінула нам спадчыну ў дваццаць шэсць раманаў, зборнік апавяданняў, два зборнікі паэзіі і шэсць п’есаў (і гэта без уліку пяці філасофскіх эсэ). Яе раманы не пакідаюць без эмоцыяў: у іх спалучаныя і амурны раман, і дэтэктыў, і гатычны раман, і філасофскае, інтэлектуальнае чытво. Да ўсяго манера пісьма аўтаркі зачароўвае: гэта перадусім эстэтычны тэкст, заўжды прысутнічае нейкая містыка ці нават крыху злавеснасці, уласцівай гатычнаму раману (без гокусаў-покусаў, без вядзьмарства і жахаў, але часта проста няшчасны збег акалічнасцяў, сімвалізм, брытанскае надвор’е так удала ствараюць атмасферу трымценніка ці проста сучаснага гатычнага раману — напрыклад, яе раман «Адзінарог»). Плюс пісьменніца без англійскай чапурыстасці трактавала пытанне кахання, плоцевасці і сэксу. У творах гэтыя лініі ўключаны так проста ў агульнае палатно: у кансерватыўную эпоху, калі пісала літаратарка, яна смела і адкрыта ўводзіла, напрыклад, гомасексуальныя вобразы ў свае тэксты («Чорны прынц», «Параза з гонарам», «Мора, мора…»).
І хоць у раманах пісьменніцы збольшага адлюстраваныя час і лад жыцця і думання англійскай інтэлектуальнай сярэдняй класы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, тэксты не старэюць, у ХХІ стагоддзі, дзякуючы (да)перакладам яе раманаў і эсэ, яна стала папулярнай і моднай на кантыненце, а з 2015-га BBC узяўся актыўна экранізаваць яе найбольш папулярныя пры жыцці раманы.
На беларускую мову варта перакласці ўсе яе творы, але пачаць трэба з «Адзінарога» і «Метафізікі як шляхаводніка па маралі».
І, канечне, як філосафка, яна не магла не закрануць тэмы веры, бога і рэлігіі. У эсэ «Метафізіка як шляхаводнік па маралі» Айрыс Мэрдак падкрэсліла філасофскую пазіцыю наконт неіснавання бога: «Бога няма і не магло быць… Ніводная з існых рэчаў не можа быць тым, што мы падразумяваем пад паняткам “бог”. Але тое, што нас прымусіла яго выдумаць, існуе, безупынку праяўляецца і адчуваецца». Нездарма яе называлі ў Каралеўстве «рэлігійнай атэісткай», а ў інтэрв’ю яна сама з гумарам казала, што «я хутчэй хрысціянская будыстка».
Памерла яна раней за мужа, у 1999 годзе. Апошнія чатыры гады жыцця хварэла на Альцгеймера. Дарэчы, яе маці таксама хварэла на гэтую хваробу. Філосафка нібыта прадбачыла сваю канцоўку па такім сцэнары: яшчэ ў 1970 у эсэ «Суверэннасць дабра» яна падрабязна і з захапленнем апісвала рэдкую і маламодную цяпер якасць, як пакорлівасць. Вельмі рэдка пакорлівасць мае станоўчае значэнне, вельмі рэдка пакорлівы чалавек удала, пераканаўча і натуральна «нясе» сваю пакорлівасць, не ўвальваючыся ў зацюканасць. Пэўным ідэалам для Айрыс Мэрдак і быў такі станоўчы і пакорлівы чалавек. У пэўнай ступені хвароба Альцгеймера ператварыла яе ў яе ж ідэал, дэманічна праявіўшы натуральную і пакорлівую дабрыню. І зноў, як сапраўдная экзістэнцыялісцкая пара, з хваробы зрабіла справу публічную і сюжэт для новай кнігі. Муж пачаў пісаць яшчэ пры жывой Айрыс успаміны і назіранні за хворай жонкай — кніга выйшла ў свет таксама пры жывой Айрыс.
Але, вядома, хворая не магла рэагаваць, ані выказваць пэўных эмоцыяў на такі вычын мужа. Пасля смерці на аснове кнігі быў зняты вядомы брытанска-амерыканскі фільм «Айрыс», дзе пісьменніцу ў маладыя гады ўвасабіла Кейт Уінслет, а ў сталыя гады — Джудзі Дэнч. Фільм, які часткова можа замяніць тым, хто не чытае і не здужае яе дваццаці шасці раманаў, гісторыю выбітнай мысляркі і кабеты.