Першая незалежная камедыя пра беларускія выбары

Дваццаць гадоў таму, у верасні 2001-га, адбылася прэм’ера сатырычнай камедыі «Случай з пацаном», да стварэння якой спрычыніўся журналіст «Новага Часу», а на той момант сузаснавальнік і аўтар газеты «Навінкі» Алег Новікаў. Па просьбе рэдакцыі ён падзяліўся сваімі ўспамінамі пра тое, як здымаўся фільм.

screenshot_from_2021_09_18_21_30_17.png


Цяперашні юбілей «Пацана», натуральна, не абышоўся без заклікаў працягнуць апавяданне пра прыгоды Юры і зняць стужку «Пацан. 20 год пасля». Аднак па розных прычынах гэта маларэальна. Прынамсі, «зоркавы» акцёрскі ансамбль сабраць ужо немагчыма. Таму застаецца, хіба, зняць кіно пра тое, як здымаўся «Случай з пацаном». Некаторыя эпізоды стварэння стужкі сапраўды цікавыя і забаўныя.
Маскоўская група «Свои-2000», якая здымала «Пацана», пачала супрацоўніцтва з газетай «Навінкі» пасля скандалу на расійскім канале НТВ. Калектыў працаваў там у праграме для юнацтва, займаючыся ў тым ліку асцярожным сцёбам з улады. Поўны карт-бланш яны атрымалі ўлетку, калі кіраўнік рэдакцыі даручыў ім зняць ролік пра ўзорны лагер «Арлёнак» на Кубані, а сам сышоў у адпачынак.
Прыехаўшы ў камандзіроўку, здымачная група сярод іншага даведалася, што ў лагеры існуе свая арыгінальная сістэма эксплуатацыі: за добрыя справы важатыя давалі дзецям «боны», на якія можна было нешта набыць у лагернай краме. Тады і ўзнікла ідэя зрабіць фільм пра рэвалюцыю ў лагеры, у фінале якой тыя «боны» раздаюцца ўсім жадаючым. Цэнзура на НТВ праспала крамолу, і фільм трапіў у эфір, выклікаўшы ў шмат каго шок (асабліва ў кіраўніцтва «Арлёнка»). Стваральнікаў опуса адразу выгналі з канала. У пошуках кірунку працягу творчасці яны згадалі пра беларускія сатырычныя «Навінкі».
Рэдакцыя газеты «Навінкі» на мяжы стагоддзяў, напэўна, знаходзілася ў зеніце сваёй дзейнасці, будучы ў тым ліку пляцоўкай для розных ініцыятыў і праектаў. Падчас рэалізацыі аднаго з іх — фестывалю «Рок-гільятына» (імпрэза-пародыя на «Рок-каранацыю», на якой вызначаліся не лепшыя, а горшыя музычныя гурты мінулага года. Такім гуртом, дарэчы, быў прызнаны N.R.M.) — маскоўскія госці завіталі ў Мінск.
Нам было прапанавана здымаць відэаверсію «Навінак». Мы, у сваю чаргу, больш схіляліся да стварэння фільма. Ідэя пра свой фільм была, як зараз модна казаць, чэленджам для «навінкаўцаў». Ніводная беларуская альтэрнатыўная тусоўка нават у думках не замахвалася на такую авантуру.
Тыя кансультацыі з масквічамі так і маглі б застацца сяброўскай балбатнёй пад півас, калі б не палітычны каляндар.
Бліжэй да вясны ў Беларусі стартавала прэзідэнцкая кампанія, у якой, напэўна, упершыню ў гісторыі засвяціліся замежныя фонды. Мяркуючы па колькасці надпісаў «Зубр» на платах і мурах, галоўным чынам яны інвеставалі ў аднайменны праект, які павінен быў стаць аналагам вельмі папулярнага тады сербскага «Отпору». Аднак з часам стала вядома, што пад соусам палітызацыі маладога электарату фонды можна «развесці» амаль на што заўгодна, у тым ліку і на... кіно!

screenshot_from_2021_09_18_18_05_03.png


Увогуле той факт, што ў адным з фондаў урэшце пагадзіліся выдаць нам аж тысячу ў.а. (дарэчы, пазней гэта стала рэкламнай фішкай «Пацана» — «фільм, зняты толькі за тысячу баксаў»), выглядаў трошкі эксцэнтрычным. Кантора была вядомая як ультракансерватыўны фонд, які заснаваў ледзь не асабіста Рональд Рэйган. На той момант былы прэзідэнт ужо моцна хварэў на Альцгеймера. Інакш мог бы вельмі здзівіцца, даведаўшыся, што сродкі яго структуры пайшлі на здымкі анарха-хуліганцкага кінапасквілю, які высмейвае ў тым ліку лідараў беларускай апазіцыі.
Зрэшты, трэба надаць належнае прадстаўнікам фонду, якія неяк намагаліся абараніць светлае імя дэмакратаў. Прынамсі, прасілі падкарэктаваць постаць правадыра апазіцыі ў варыянце сцэнара, які на той час ужо накідаў аўтар «Навінак» і музыкант Лёха Чыканас. Галоўны апазіцыянер на старонках сцэнара сапраўды не выклікаў вялікіх сімпатый. Аднак, у той жа час, было наіўна чакаць, што на тле тагачасных сусветных кінатрэндаў, закладзеных Квенцінам Таранцінам, «Навінкі» ўвогуле пагодзяцца на прысутнасць у фільме хоць нейкага пазітыўнага героя. Больш за тое, цягам здымак той «кіраўнік апазіцыі» ператварыўся ў «агента Карла Маркса 38».
Так ці інакш, працэс пайшоў. І ўжо нават на стадыі падрыхтоўкі сцэнара высветлілася, што мы — поўныя неафіты. У «Навінках» някепска прыдумлялі мікрасцэны. Асабліва творчы працэс віраваў чамусьці на прыпынку «Інстытут Культуры», дзе на той час узвышаўся мікрагарадок камерцыйных шапікаў, якія прадавалі піўныя напоі 24/7. Якраз там, памятаю, была прыдумана тэма пра хлопчыка і дзяўчынку, якія рэкламуюць гарэлку «Два буслы».

screenshot_from_2021_09_18_17_52_31.png


Аднак агульная фабула спачатку заставалася вельмі слабой. Не хапала сюжэтнага павароту, які трансфармаваў звычайнага «пацана з раёна» ў чалавека, ад якога залежыць лёс выбараў. Не было зразумела, дзякуючы якому механізму ён (сам таго не ведаючы) кіруе рознымі суб’ектамі беларускай палітыкі.
Бліжэй да лета мы з Чыканасам прывезлі ў Маскву дапрацаваны фінальны варыянт сцэнара. Прачытаўшы тэкст, Марыя Патапава, якая адказвала ў «Свои-2000» за драматургічную секцыю, сказала, што такое здымаць нельга. Яна папрасіла нас яшчэ трошкі пагуляць і падумаць.
Мы блукалі па цэнтры Масквы ад аднаго піўнога кіёска да другога, і якраз на вуліцы Нікольская раптам дапетрылі, што апісаная вышэй праблема вырашаецца за кошт простага мабільніка. Пацан крадзе яго ў лідара апазіцыі, і раптам атрымлівае кантроль над лагерам праціўнікаў улады, якія вымушаны падпарадкоўвацца яго загадам. Патапавай такая задумка спадабалася, і пачалася непасрэдная тэхнічная падрыхтоўка да здымак.

screenshot_from_2021_09_18_18_05_37.png


Прыкладна напачатку чэрвеня доўгачаканая здымачная група прыбыла ў горад-герой Мінск, каб за тыдзень зняць матэрыял для мантажу. Спачатку гэта было сапраўдным кашмарам. Не разумеючы ўсіх ракурсаў кінавытворчасці, мы банальна былі не здольныя стварыць належныя ўмовы для здымкаў. Памятаю, што за першы дзень здымак удзельнікі практычна нічога не зрабілі, а проста весела бухалі на рэдакцыі. Там яблыку не было дзе ўпасці: усе хацелі пазнаёміцца з расійскімі кіношнікамі. Аднак на наступны дзень «Навінкі» хутка мабілізаваліся, і здымачны канвеер, як ні дзіўна, неяк запрацаваў.
Менш за ўсё нас турбавала праблема акцёраў — іх проста рэкрутавалі з тых, хто тусаваўся вакол рэдакцыі. Часам такі спантанны кастынг быў вельмі ўдалым: роля аднакласніка-супрацоўніка спецслужбаў выдатна атрымалася ў Міколы Мялюка.

screenshot_from_2021_09_18_17_47_08.png


Думаю, што вобраз загадкавага бамжа, якога граў Дзмітрый Серабракоў, заняў свае належнае месца ў пантэоне беларускага альтэрнатыўнага кіно.

screenshot_from_2021_09_18_17_51_25.png


Цікавая гісторыя здарылася з Наташай, якая на той час была сяброўкай Юрыя Канавальчыка (выканаўца ролі пацана). Натуральна, ёй даручылі граць партнёрку Юрыя ў эратычнай сцэне. Праўда, на экране можна пабачыць толькі яе ногі. Тым не менш, яе асобна адзначылі як акцёрку, якая грала свае ногі. Думаю, гэта ўнікальны выпадак у гісторыі кіно.
Асноўным гемароем, напэўна, была падрыхтоўка пляцовак для здымак. Трэба было не толькі прыцягнуць у патрэбнае месца і ў патрэбны час тэхніку і акцёраў, для якіх часам быў патрэбны адпаведны гардэроб. Калі здымкі адбываліся ў публічным месцы, акцёры і аператар сачылі, каб раптам на гарызонце не з’явіліся супрацоўнікі МУС, якія стваралі пагрозу канфіскацыі дарагой камеры.

screenshot_from_2021_09_18_17_56_01.png


Здымкі ў памяшканнях праходзілі больш павольна. І тут варта ўзгадаць пра салідарнасць унутры палітычнай тусоўкі. Рэдактар газеты «Згода» Аляксей Кароль дазволіў здымаць у офісе рэдакцыі, а Алесь Міхалевіч быў не супраць, каб офіс ЗБС на нейкі час ператварыўся ў маркетынгавы цэнтр па продажы гарэлкі «Два Буслы».

screenshot_from_2021_09_18_17_49_02.png


Амартызаваў тэхнічныя цяжкасці перманентны творчы працэс на здымачных пляцоўках. Арыгінал сцэнара перараблялі кожны дзень. Бывала, што адразу пасля каманды «матор» акцёры выдумлялі свае рэплікі. Некаторыя з іх з часам стануць дастаткова папулярнымі сярод беларускай апазіцыйнай субкультуры: «Што я, лох?», «І майку трэба ў яго адняць», «І вось з такім народам мы ідзем на выбары» і гэтак далей.

screenshot_from_2021_09_18_18_04_07.png


Тым не менш асабіста я запомніў тыя здымкі як вельмі напружаны і псіхалагічна цяжкі працэс. Думаю, не толькі я. Заканчэнне здымачнай фазы ператварылася ў сапраўднае свята каля крамы «Узвышша». Грошы на піва і гарэлку не шкадавалі. Ад прыліву эмоцый нават танчылі на сталах. Ніхто, думаецца, да канца яшчэ не верыў, што мы здолелі зрабіць кіно.
Праўда, сам мантаж расцягнуўся трошкі больш, чым мы чакалі. У выніку рэліз карціны, якая паводле грантавай заяўкі павінна была натхняць моладзь на актыўны ўдзел у выбарах, выйшла роўна ў дзень галасавання. 9 верасня пры поўным аншлагу ў офісе «Навінак» на вуліцы Гарадскі вал адбылася прэм’ера.
Застаецца дадаць, што на фоне імпатэнцыі тагачаснай апазіцыі, якая зрабіла стаўку на ніякага Ганчарыка, «Пацан» выглядаў не так ужо і кепска. Прысутны на прэм’еры карэспандэнт «Новай газеты», вядомы палітолаг Барыс Кагарліцкі ў сваім рэпартажы з Мінска напіша, што «фільм “Случай з Пацаном” быў цікавейшы за выбары».

Пяць малавядомых фактаў пра фільм

Факт 1. Першая спроба прэм'еры адбылася за некалькі дзён да 9 верасня. Дзеля яе быў арандаваны пафасны і дарагі клуб «Алькатрас» у падвале Палаца прафсаюзаў, запрошаны шматлікія госці і журналісты, накрыты багаты стол. Доўгачаканая касета з маскоўскага цягніка была перададзена са спазненнем амаль у гадзіну, і яе, не праглядзеўшы, уключылі ў праектар. Але замест змантаванага фільма гледачы ўбачылі пяціхвілінную нарэзку выпадковых сцэн часткова без гуку. Эмоцыі арганізатараў і гасцей цяжка перадаць.
Факт 2. У ролі спонсара апазіцыі выступіў сапраўдны прадстаўнік аднаго з фондаў. На афішы яго падпісалі: «У ролі амерыканскага шпіёна — чэшскі шпіён Томаш».
Факт 3. Адна са сцэн здымалася на другім паверсе непасрэдна над памяшканнем Сядзібы БНФ (Варвашэні, 8).
Факт 4. Эпізадычныя ролі выканалі вядомыя і сёння, але па іншых праектах, людзі: напрыклад, літаратар Севярын Квяткоўскі, паэт Зміцер Вішнёў, гісторык Зміцер Юркевіч ды інш.

Факт 5. Паколькі бюджэт на арганізацыю пафаснай прэм'еры быў ужо скарыстаны, сапраўдная прэм'ера прайшла ў рэдакцыі газеты «Навінкі» 9 верасня сцісла і без шырокага анонса. Пасля прагляду прысутныя ўдзельнікі здымачнай групы зрабілі ўрачыстую аголеную прома-фотасесію. Але тыя фота ніколі і нідзе не былі апублікаваныя.