Янка Нёманскі: Прычынай чалавечай трагедыі ў Беларусі з’яўляецца адсутнасць сваёй інтэлігенцыі

Быў час, калі пра кожнага выдатнага дзеяча беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя было прынята гаварыць: належыць да пакалення, народжанага Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыяй, якая адкрыла перад ім шырокія ідэйныя і творчыя гарызонты.

janka_njomanski.jpg


Містыфікаваная формула прыадкрывала нейкую магчымасць пасмяротнай рэабілітацыі ахвяраў бальшавіцкага тэрору, вінаватых хіба толькі ў тым, што яны былі таленавітымі і актыўнымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння.
Такім быў і вучоны, дзяржаўны дзеяч Іван Андрэевіч Пятровічпісьменнік Янка Нёманскі (нарадзіўся 12 красавіка 1890 года, расстраляны 30 кастрычніка 1937-га). Нарадзіўся ён у Шчорсах (Наваградчына) у сялянскай сям’і. Маці памерла вельмі рана, гадаваўся і рос Янка пад апекай бацькі і дзеда. Сялянская праца, народная мараль і этыка сфармавалі яго светапогляд, умацавалі прыродны віталізм і прагу жыццядзеяння на карысць сабе і людзям.
Янка Нёманскі пачынаў мастацкае даследаванне з пазіцый «крытычнага аптымізму» – з ацэнкі сацыятворчага патэнцыялу беларускага «дна». Такая пазіцыя выключала магчымасць харызматычнай ідэалізацыі бальшавіцкіх камісараў. Служба ў Чырвонай Арміі і ў дзяржаўных установах забяспечыла пісьменніка веданнем, неабходным для таго, каб паказаць нежыццёвасць і ненатуральнасць рэвалюцыянарысцкай ідэалогіі, маральны крах яе носбітаў, каб вызначыць арыенціры гуманітарнай адукацыі і асветніцкай працы...
Янка Нёманскі ішоў у літаратары побач з тымі, хто выкрываў імперскія байкі пра няздатнасць беларускай нацыі да самастойнага палітычнага жыцця. Ён паказваў працэс фарміравання палітычнага лідэра ў нетрах чорнага бяздоння, у якое беларускі народ быў кінуты няпрошанымі апекунамі. Адначасова ён выкрываў «тутэйшых» – пярэваратняў і прыслужнікаў, якія забяспечваюць уладатрымальнікам панаванне над народам, выконваючы функцыі панскіх гайдукоў і цівуноў.
Праблема нацыянальна-этнічнай кансалідацыі беларусаў вырашаецца ў трагедыйным каноне ў апавяданні «Рамэа і Джульета на Беларусі». Ясь і Алеся пераканалі сваіх бацькоў, што прыналежнасць да розных канфесіяў не з’яўляецца перашкодай для шлюбу закаханых. Аднак на заручынах, у момант, здавалася, вышэйшага паразумення паміж бакамі раптоўны выбух узаемнай нянавісці стаў развязкай ідыліі і завязкай трагедыі.
Ідэалагічная сутычка імперскіх сілаў Захаду і Усходу на беларускай прасторы ў пачатку ХХ ст. вылілася ў крывавую бойню. Яе вынікам была Рыжская дамова 1921 года. Праведзеная без удзелу беларусаў, яна разарвала Бацькаўшчыну на дзве часткі. Заходняя стала Крэсамі Усходнімі адроджанай на імперскі манер Рэчы Паспалітай Польскай, а Усходняй Беларусі бальшавікі вымушаны былі надаць статус саюзнай рэспублікі. Лёс народа вырашалі людзі прышлыя, чужыя. Пад прыкрыццём дэмакратычнага вэлюму пераможцы імкліва будавалі дыктатарскія рэжымы. Афіцыйная ідэалогія ў абодвух выпадках прадугледжвала ліквідацыю беларускай культуры.
Сітуацыя «на зломе» яскрава адлюстраваная ў апавяданнях Янкі Нёіманскага 1923 года «Дэзерцір» і «Маці». У 1930-м кніга прозы Янкі Нёманскага выйшла на рускай мове ў Ленінградзе. Яе загаловак дакладна адлюстроўвае сутнасць зместу: «На изломе». Празаік быў адным з пачынальнікаў метаду «крытычнага аптымізму» ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, адным з заснавальнікаў беларускага суровага стылю.
У апавяданні «Дэзерцір» ён паказаў, што беларускаму народу нясуць пагібель і бальшавікі, і пілсудчыкі. Народ у творы – гэта салдаты двух батальёнаў Чырвонай Арміі і сяляне беларускай вёскі, захопленай легіянерамі.
Галодныя і абмарожаныя салдаты ў ранішнім змроку былі кінуты ў атаку. Сустрэтыя кулямётным і мінамётным агнём белых, яны ў большасці сваёй засталіся ляжаць расшкуматаныя на скрываўленым снезе. Перад атакай камандзір узвода вучыў, што «пераможа той, хто не толькі зможа свайго супраціўніка, але і пакорыць гэтыя прыродныя ўмовы». Салдацкія пытанні, як іх перамагчы, «калі ў такі мароз мы ходзім у брызентавых шынялях ды гамашах», як страляць, «калі на дваццаціградусным марозе ў мяне рукі голыя», – засталіся без адказу. Не было адказу і на галоўнае пытанне: «Вайна? Дзеля чаго яна?»...
…Васіль Каляда быў на фронце з часу нямецкай вайны. Ён не бачыў сэнсу ні ў войнах, ні ў рэвалюцыях. Яго мужыцкі ідэал – гэта толькі трызненне ў паўсне пра каня, луг, сена, жонку Кацярыну, малога сына Юзіка. Васіль стаў дэзерцірам і нарэшце дайшоў да сваёй вёскі, якую захапілі польскія легіянеры. Адзін з іх стаў гаспадаром у Васілёвай хаце. Спаласаваная шампаламі Кацярына «страціла ўсякую надзею»: «Толькі дзеля Юзіка я засталася жывою і не налажыла на сябе рук». Апошняе слова ў спрэчцы было за сякерай: «і пакуль жаўнер справіўся ўстаць, яна сваім вастрыём глыбока ўрэзалася яму ў голаў...». Цяпер Васіль ведаў, дзеля чаго ён ідзе ваяваць: «Спагнаць помсту!». Калі ж ён вярнуўся пасля выгнання палякаў, то замест хаты ўбачыў папялішча.
Пра жонку і сына Васілю сказала праўду суседка: пасля катаванняў іх застрэлілі, хату падпалілі. Васіль пасля гэтага страціў цікавасць да жыцця: «Апошняя іскарка, астатні праменьчык у душы Васіля затухлі. У жыцці яго не асталося больш ніякага пачуцця, апроч прагнасці да помсты»…
Янка Нёманскі з першых крокаў у літаратуры адчуваў неабходнасць самастойнага выбару: белетрызаваная ілюстрацыя догмы ці разгортванне і развіццё ідэі на аснове аналізу праблемы агульначалавечай значымасці. Такой была для яго праблема-ідэя станаўлення беларускай нацыі ў якасці суб’екта гісторыі, рух з цемры да святла. Паэтыка яго апавяданняў пабудавана на аснове высвечвання і выхоплівання з цемры асобных фігур і лёсаў, якія ў сваю чаргу і фарміруюць ідэю: прычынай чалавечай трагедыі ў Беларусі з’яўляецца адсутнасць сваёй інтэлігенцыі, маральна і інтэлектуальна падрыхтаванай да выканання свайго абавязку – кіраўнічай дзейнасці ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця.
Новыя аспекты народнай тэмы вымагалі і новай структуры. Матыў змагання за сцверджанне свайго права на годнае жыццё дыктаваў патрэбу ў культурным героі. Янка Нёманскі не мог і не хацеў карыстацца сурагатамі ды ідэалагічнымі шаблонамі. Не парушаючы логікі ідэі станаўлення, пісьменнік выводзіць нас за межы «простага пераймання існай рэчаіснасці» і плаўна пераключае стыль сацыяльна-бытавога пісьма ў напалову казачную нарацыю. Беларуская казка ў гэтым сэнсе валодае неацэнным вопытам. Менавіта на гэтым напрамку з’явілася ў беларускай прозе галерэя мадыфікацыяў Удовінага Сына і Разумнай Дачкі: Сцёпка, Аленка, Сымон, Ганна, Міколка-паравоз... Сярод іх і юны шукальнік праўды Тодар Базылёнак, сын удавы Агаты з аднайменнага апавядання Янкі Нёманскага.
Раман «Драпежнікі» (1928–1930), калі меркаваць па эпічным размаху яго структуры, мог быць пачаткам вялікай хронікі народнага быцця. Ён стаў раманам-папярэджаннем аб немінучай катастрофе на тым шляху, які выбралі бальшавікі. Праблема «свайго» чалавека, такая трагічна напружаная ў прозе Васіля Быкава, у творчасці Янкі Нёманскага трактуецца ўжо як трагічная памылка выбару. Пісьменнік напрыканцы 20-х гадоў даводзіў грамадскасці логікай мастацкага сінтэзу неабходнасць выхавання сваёй, патрыятычна арыентаванай палітычнай інтэлігенцыі. Яе прызначэнне не ў тым, каб камандаваць ці даваць устаноўкі. Творчая інтэлігенцыя павінна стварыць духоўны грунт нацыянальнай кансалідацыі – зрабіць здабыткам грамадскай свядомасці гістарычны вопыт нацыі. Абавязак палітычнай інтэлігенцыі – стварэнне сацыяльных умоў, неабходных для мэтанакіраванай асветніцкай працы. У другой палове ХІХ стагоддзя ў беларускай, польскай і рускай літаратурах значнае месца займаюць матывы дэградацыі і выраджэння пануючых класаў. Ідэалы герояў 1863 года былі забытыя, спаланізаванае вяльможнае панства пагадзілася са стратай свайго ўплывовага становішча ў былой Рэчы Паспалітай. Клопат пра кар’еру, пра ўласныя фабрыкі і даходы з маёнткаў быў на першым месцы. У ахвяру была прынесеная мова, годнасць, гонар, мараль і народ.
Янка Нёманскі паказвае маральнае выраджэнне арыстакратыі. Яго цікавіць найперш духоўная культура. У рамане першае знаёмства з персанажамі пачынаецца з апісання архітэктурнага стылю будынкаў, інтэр’еру і літаратуры, якой яны цікавяцца. Новае пакаленне Друцкіх і Ляскоўскіх аддае перавагу Пшыбышэўскаму і Арцыбашаву, іх прыхільнасці да маральнай эклектыкі і свабоды ад культурнага табуіравання. Малады гаспадар Ляскаўцаў і князёўна шалёна шукаюць вострых адчуванняў і забыцця, не забываючы пры гэтым пра грошы. «Я шукала ў вас не мужа, а мужчыну,» – так гучыць прызнанне князёўны. Не хавае цынізму і партнёр: «Ну дык мне патрэбны князёўскі лес, патрэбен Росаш з усімі яго цацкамі». Спустошанне краю, спустошанне чалавечых душ – так можна характарызаваць вынік гаспадарання Ляскоўскіх, Друцкіх і Ліўшыцаў на зямлі, дзе два стагоддзі назад дзейнасць выдатных асветнікаў вызначыла кірунак інтэлектуальнага пошуку не толькі выхадцам з павятовай ці засцянковай шляхты, але і людзям «простага стану». Менавіта дзейнасць асветнікаў абудзіла рамантыкаў, якія адкрылі свету духоўны скарб – хараство «людзей і кветак над Нёманам» (Эліза Ажэшка).
Адарванасць ад нацыянальнага вызваленчага руху, адсутнасць выразных арыентацыяў стала прычынай духоўнага краху юнай Зосі. Заўсёды чулая да пакалечаных і наогул абяздоленых рабочых з гуты Ляскоўскага, яна мроіла пра невядомае ёй прыгожае жыццё ў вялікіх гарадах і не змагла вызначыцца да канца ў адносінах з сястрой Ляскоўскага Ядзяй, з якой вучыліся ў Мінскай гімназіі. Выкшталцоная ж паненка пастаралася дапамагчы брату ператварыць настаўніцкую дачушку і заадно сваю сяброўку ў наложніцу, якую Стась Ляскоўскі абразіў і літаральна з балю выгнаў у марозную цемень...
Гадаваны галечай у беларускай вёсцы Гаўрыла Росяк «рвануўся» да расійскай сацыял-дэмакратыі. Перанасычаная лексікай клопату пра светлую будучыню працоўных, бальшавіцкая прапаганда адводзіла пралетарыяту ролю сусветнага гегемона. Росяк стаў рабочым-металістам, потым – майстрам, дысцыплінаваным партыйцам, паліткатаржанінам. На будаўніцтве паперні пана Ляскоўскага ён быў ужо Паўлам Зыкавым. Тут ён мог нейкі час прабыць самім сабою – абачлівым і ўдумлівым беларусам. Не адчуваючы ціску партыйнай дысцыпліны, Росяк-Зыкаў у складанай сітуацыі знаходзіў пераканаўчыя довады, каб спыніць падпольшчыкаў з «пахмурным тварам», якія заўсёды патрабуюць толькі «рашучых крокаў». Іх не цікавіць, чым напярэдадні зімы закончыцца для рабочых нявыхад на работу і вулічная дэманстрацыя.
Зусім інакшы выгляд мае Зыкаў, калі ён выконвае партыйнае заданне і патрабуе ад актывістаў зараз жа арганізаваць забастоўку гарбароў з майстэрняў Імрота на Ляхаўцы. «Жорстка-насмешлівая», здзеклівая манера зносінаў з таварышамі, якія, рызыкуючы сабой і сям’ёй, хаваюць Зыкава ад жандараў, – гэта стыль партыйнага жыцця камуністаў. Бальшавіцкая тэхналогія ломкі чалавека, паказвае Янка Нёманскі, была ўдасканаленая яшчэ да кастрычніцкага перавароту. Уся атмасфера паседжання бальшавіцкай ячэйкі прасякнутая духам нежыці... На асуджаных без віны на катаргу бацьку і сына Кавальчыкаў партыйны лідэр не лічыў патрэбным звяртаць увагу. Зыкава ж выкінулі на вуліцу ў рукі жандараў. Выкінулі, як Ляскоўскі выкінуў Зоську...
Містыка бальшавіцкага «знаку бяды» ў святле праўды веку паўстае ў рамане «Драпежнікі» Янкі Нёманскага як адна з найбольш змрочных канцэпцый «жыцця дзеля смерці»: «и как один умрём в борьбе за это». За партыйную дыктатуру, як паказаў час.
У прозе Янкі Нёманскага абагульнены вопыт крытычнага асэнсавання беларускага шляху да пачатку ХХ-га стагоддзя. Пісьменнік пераканаўча паказаў, як на змену драпежнікам з п’явачнымі губамі ідуць магільшчыкі з тонкімі касцістымі пальцамі. У такой сітуацыі асабліва востра адчуваецца патрэба ў лідарах, кроўна блізкіх народу, разумных і дасведчаных...
Публікуецца ў скароце