Калыханкі для Янкі заспявалі ў Віцебску

Калі раней беларускамоўныя сем’і ламалі галаву над тым, як жа “калыхаць” сваіх малых па-беларуску, то зараз усё стала крыху прасцей. Да рашэння праблемы выхавання беларускіх дзетак далучылася і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства “Поўнач” з Віцебску. Яны заснавалі праект “Забаўлянкі для Янкі”.



kolyibelnaya_malyishu.jpg

На працягу года СЭТ ладзіў у Віцебску сустрэчы-семінары для маладых бацькоў,  майстар-класы па вырабу лялек, выцінанак, таксама арганізоўваліся выступы батлейкі. А 8 ліпеня гурт “Паўночная Сухадроўка”, які ўваходзіць у склад СЭТа, прэзентаваў дыск “Калыханкі для Янкі”.

“Як зараз памятаю: калышу я свайго Янку, — расказвае Ганна Архіпенка, адна з каардынатарак праекта, — а ў галаве круціцца толькі адна забаўлянка — “Ласачка”, а больш нічога не ведаю. Не, насамрэч, у інтэрнэце шмат забаўлянак, але ў асноўным усе яны рускамоўныя. І тут падумалася, што ў нашым распараджэнні архівы СЭТа. Чаму б не стварыць сваю базу беларускіх калыханак ды забаўлянак? І вось так, адштурхоўваючыся ад архіваў і асабістых ведаў, мы развучылі калыханкі ды запісалі з імі дыск”.

Сабраўшыся ў гістарычным комплексе “Дзвіна” ў Віцебску, атрымалі не толькі інфармацыю пра дыск, але і калыханкі ў жывую. Так, Святлана Чакушка праспявала калыханкі, што паходзяць з Палескага і Віцебскага рэгіёнаў. Аляксандр Субоцін выканаў “Баю-Баю-Баю…” пскоўскага паходжання. Самім фактам свайго выканання ён зруйнаваў стэрэатып, што калыханкі могуць спяваць толькі жанчыны.

Каб гледачы не засумавалі, арганізатары раздалі ўсім словы для сумеснага выканання  калыханак. Салістамі былі бацькі з большымі дзеткамі, але і меншыя, што яшчэ і чытаць не навучыліся, актыўна падпявалі-мармыталі.

На прэзентацыі дэманстраваліся не толькі калыханкі, але і забаўлянкі. А падвоппытную, на якой і паказваліся ўсе забаўлянкі, выбралі Марусю — напэўна, адну з самых маленькіх прыхільніц праекта “Забаўлянкі для Янкі”. Маруся была на кожным семінары і, як пажартавалі арганізатары, літаральна вырасла на іх вачах. Гулялі з дзеткамі ў пацягнушкі, а таксама ў “Ладушкі” — аказваецца, у іх таксама можна гуляць па-беларуску.

Другую частку мерапрыемства складалі рухомыя гульні і танцы.  Традыцыйныя беларускія гульні  “Явар” і “Каза” у агульнае кола зацягнулі і маленькіх, і вялікіх.  Гэтак жа як і народныя танцы. Дарэчы, цяпер гэта не праблема для СЭТа “Поўнач”, бо ў іх з’яўвіўся самы сапраўдны дудар — Мікола Крыўко, які разам з бубначом Арцёмам Архіпенка складаюць цудоўны дуэт.

Папулярнасць такога метаду выхавання дзетак сярод віцебчукоў пашыраецца. Як падзялілася Ганна Архіпенка, у сярэднім, колькасць наведвальнікаў мерапрыемстваў складае пятнаццаць сямей, а калі прэзентаваўся альбом гурта “ВУРАЙ”, імпрэзу наведала больш за сто чалавек. Сярод тых, хто прыходзіць на такога кшталту вечарыны, сустрэчы, прэзентацыі ўсё часцей заўважны не толькі “свядомыя” бацькі, але і тыя, хто дагэтуль быў “не ў тэме” беларускасці.

У хуткім часе кампазіцыі “Калыханкі для Янкі” з дыска з’явяцца ў інтэрнэце, каб усе зацікаўленыя бацькі маглі іх пампаваць і не проста спяваць, але цяпер ужо і гушкаць па-беларуску.