Дырыжор пра сваё звальненне: Цяпер кіраваць грамадствам так, як у сярэдзіне ХХ ст., немагчыма

Самыя адказныя і адметныя людзі, якія думаюць не толькі пра сябе, але і пра будучыню, пра лёс краіны, тэатру, беларускай культуры, страцілі сваю працу ў першую чаргу. Тое, што мы назіраем у Беларусі сёння, гэта нонсэнс для 21 стагоддзя, і гэта ставіць нашу краіну ў адзін шэраг з самымі страшнымі, самымі адсталымі з’явамі ў сусветным грамадстве, — распавёў дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч «Свабодзе».

95e50f77_9d9d_45cb_914a_80df2110d27a_w650_r0_s.webp

Галоўны дырыжор Адэскага нацыянальнага тэатру оперы і балету Вячаслаў Чарнуха-Воліч расказаў «Свабодзе Premium», чаму ў жніўні 2020-га яму давялося сысці з пасады галоўнага дырыжора беларускай оперы праз два дні пасля прызначэння.

Музыка тлумачыць, чаму лічыць найбольш актуальным творам для Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха», і сцвярджае, што як дырыжор у сучасным свеце не можа быць дыктатарам, так і ў палітыцы — гэта мінулая эпоха. 


«У адказ прагучала, што мяне звольняць гэтак жа, як звольнілі Паўла Латушку»

— Давайце вернемся ў жнівень 2020 года, калі вас прызначылі на пасаду галоўнага дырыжора Вялікага тэатру оперы і балету Беларусі і праз два дні звольнілі. Тады не было ўцямных тлумачэнняў, была спасылка на перанесены ковід, але меркавалася, што гэта было звязана з падтрымкай купалаўцаў. Што адбылося? 

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

— Я зрабіў некалькі запісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Адну ў падтрымку Віктара Бабарыкі, калі яго зняволілі, і потым некалькі пастоў пасля выбараў — супраць гвалту, беззаконня і ў падтрымку купалаўцаў і Паўла Латушкі. Мне патлумачылі, што лепей зрабіць, у выніку я напісаў просьбу пра звальненне ў сувязі з каранавіруснай хваробай, якая ў той час была ў моцнай фазе.

Тады я задаў толькі адно пытанне. Казаў, што падставаў мяне звольніць няма ніякіх, бо гэтыя запісы былі, калі я яшчэ не працаваў на гэтай пасадзе, што гэта мая асабістая думка, грамадзянская пазіцыя, і я не парушыў ніводнага закону. У адказ прагучала, што мяне звольняць гэтак жа, як звольнілі Паўла Латушку. Мне стала ўсё зразумела, і я вырашыў для сябе, што лепей разысціся такім чынам, чым спрачацца з гэтай машынай, якая катком праходзіцца па лёсе тысяч і тысяч беларусаў.

Ніякага жалю з гэтай нагоды не было. Жаль быў за краіну. Зразумела было, што гэта дабром не скончыцца, будзе працягвацца, што гэта толькі пачатак барацьбы за свой лёс, за свабоду, за права мець сваю думку наконт асабістага і грамадзкага жыцця, і трывога за будучыню краіны.

— Як вы вярнуліся ў Адэсу, дзе перад прызначэннем былі галоўным дырыжорам тэатру оперы і балету?

— Калі я завяршаў свой першы сезон у Адэскай оперы, то дамовіліся з дырэктаркай тэатру Надзеяй Бабіч, што мы працягнем нашыя дачыненні, можа зменім толькі афіцыйныя адносіны. Можа, яны будуць кантрактныя... Калі развітваліся, Надзея Бабіч сказала: «Жадаю, каб у вас усё было добра, але калі ўзнікнуць нейкія праблемы, я заўсёды вас прыму ў Адэсе на той пасадзе, якую вы пакідаеце». Ніхто не думаў, што так і здарыцца праз такі кароткі час. Я патэлефанаваў у Адэсу, і мне адказалі, што тэатр мяне чакае. У мяне быў надзейны тыл, і гэта спрыяла ўпэўненасці ў будучыні.

— Што цяпер адбываецца ў Вялікім тэатры Беларусі? Шмат артыстаў і музыкаў былі вымушаныя з’ехаць ці былі звольненыя праз падтрымку мірнага пратэсту. Што страціў тэатар? 

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

— Я падтрымліваю сувязь з калегамі. Тэатр — маленькі адбітак, маленькі шыфр краіны. У тэатры шмат розных думак, людзі ўсе розныя, адны на адным баку, другія — на другім. Вельмі шмат людзей лічыць, што трэба працягваць спяваць, танцаваць, граць у аркестры і не ўмешвацца ні ў якія справы. Рознагалоссе мае быць і сёння.

На жаль, самыя адказныя і адметныя людзі, якія думаюць не толькі пра сябе, але і пра будучыню, пра лёс краіны, тэатру, беларускай культуры, страцілі сваю працу ў першую чаргу. Не буду пералічваць імёны, яны шырока вядомыя. Пяцёра вядомых асобаў звольнілі ўвосень, зараз працэс працягваецца. Усіх, хто мае сваю думку, кіраўніцтва тэатру па адным спрабуе выціснуць рознымі спосабамі, з якіх самы просты — завяршэнне кантакту.

Такім чынам страціў працу Уладзімер Пятроў, выдатны спявак і сапраўдны грамадзянін, народны артыст Беларусі, голас якога — візітоўка краіны. Ён на працягу больш як двух дзесяцігоддзяў быў ва ўсіх прэм’ерных складах, на ўсіх адметных канцэртах ці на гастролях. Гэты спявак вельмі гучна выказаў сваю пазіцыю і быў проста звольнены пасля заканчэння кантракту. Так па адным звальняюць з аркестру, з хору... Гэта страты, якія немагчыма аднавіць хутка. Пройдзе час, і з’явяцца новыя зоркі і новыя імёны. Але ж мы жывём сёння, і мастацкі ўзровень, які мела нацыянальная опера, будзе ісці на спад. 

«Прароцкай стала аповесць Караткевіча „Дзікае паляванне караля Стаха“»

Калісьці я рабіла інтэрв’ю з опернай сямʼёй — прымай Марыінскага тэатру Марынай Шагуч і дырыжорам і кантрабасістам Аляксандрам Хайндравам, і я запытала іх, якія оперныя арыі маглі б ускосна характарызаваць такіх палітыкаў, як Лукашэнка, Пуцін, Трамп і Саакашвілі? Лукашэнку яны прапанавалі «Ни сна, ни отдыха измученной душе» Гадунова, для Пуціна арыі не знайшлося, Саакашвілі — Фігара, і Трамп — Фальстаф. А якія оперныя арыі, на ваш погляд, найбольш пасуюць як Лукашэнку, так і розным героям беларускай рэвалюцыі?

— Гістарычныя постаці мы ведаем з літаратуры і з музычных твораў. Я думаю, што Марыя Калеснікава — сёння Жанна дʼАрк. Час дае грамадству новых людзей. І большасць з іх цяпер у вязніцы. Ёсць дзве вельмі вядомыя оперы ў Мусаргскага — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына», у якіх шмат персанажаў, якіх можна «падкласці» пад сённяшні стан не толькі беларускага, але і расійскага грамадства. А для нас неверагоднай і гістарычна праўдзівай, прароцкай стала аповесць Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Там нашыя героі, наш менталітэт, спробы вырвацца з гэтага дзікунства... І бачыце, як нас гэта дагэтуль вельмі моцна трымае, на жаль. Але ж ёсць надзея.

— У Адэсе знайшлі часовы ці, магчыма, сталы прытулак многія беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Ці ў кантакце вы са старой і новай беларускай дыяспарай?

— Кантактую з землякамі. Выходзілі разам на акцыі салідарнасці. Не толькі ў Адэсе, але і ў Кіеве, і ў Львове беларусаў шмат, яны спрабуюць змяніць свой векавы код маўклівасці. Я бачу, што маладое пакаленне беларусаў хоча быць нацыяй і робіць крокі дзеля гэтага.

— Калісьці дырыжор Віталь Алексяёнак у інтэрвію Свабодзе казаў, што час дырыжораў-дыктатараў сышоў. Ці згодныя вы?

 — Эпоха дыктатуры даўно скончылася не толькі ў палітыцы, але і ў мастацтве. Сёння кіраваць ці культурай, ці грамадствам немагчыма тымі метадамі і сродкамі, якімі было магчыма кіраваць у сярэдзіне 20-га стагоддзя. Свет стаў зусім іншы. Тое, што мы назіраем у Беларусі сёння, гэта нонсэнс для 21 стагоддзя, і гэта ставіць нашу краіну ў адзін шэраг з самымі страшнымі, самымі адсталымі з’явамі ў сусветным грамадстве. І дырыжор сёння працуе зусім па-іншаму.

 

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Вячаслаў Чарнуха-Воліч скончыў Беларускую акадэмію музыкі і магістратуру акадэміі. У 1993-м стаў дырыжорам Беларускага дзяржаўнага тэатру музычнай камэдыі. У 1995–2019 гадах — дырыжор Нацыянальнага тэатру оперы і балету Беларусі. Апошні год, з 2019-га — галоўны дырыжор Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру оперы і балету.

Аўтар шматлікіх творчых праграм і праектаў Нацыянальнага тэатру оперы і балету Беларусі, у тым ліку «Ноч оперы ў Мірскім замку», «Маладыя таленты Беларусі», «Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў».