Купалаўцы вывесілі трэйлер «Тутэйшых» і пакажуць спектакль анлайн

«Можна забраць у нас будынак, але ў нас нельга забраць Янку Купалу», — кажуць купалаўцы. Прэм'ера «Тутэйшых" пройдзе 12 кастрычніка а 19-й гадзіне на Youtube-канале купалаўцаў, паведамляе «Еўрарадыё».

tutejszyja_0910.jpg

У інтэрнэце з'явіўся трэйлер спектакля "Тутэйшыя", які паставілі акторы-купалаўцы. Неўзабаве адбудзецца і анлайн-паказ.

Прэм'ера "Тутэйшых" у новай пастаноўцы планавалася ў Купалаўскім тэатры сёлета ў верасні. Аднак большая частка актораў сышла з тэатра, падтрымаўшы свайго звольненага дырэктара Паўла Латушку, таму паказ не адбыўся.

6 кастрычніка купалаўцы правялі ў Мінску закрытую генеральную рэпетыцыю спектакля.

"Можна забраць у нас будынак, але ў нас нельга забраць Янку Купалу. На вялікіх ростанях перамен мы адзначаем стагоддзе тэатра: за нашымі спінамі — пакаленні купалаўцаў, перад нашымі вачыма — вы, нашы гледачы. Рэпетыцыя “Тутэйшых” адбылася, і мы рады паведаміць, што відэапрэм’еру мы пакажам усім беларусам. Бо мы ані з усходу, ані з захаду, мы тут і цяпер. Праз сто гадоў пасля напісання гэта ўсё яшчэ неверагодна актуальная гісторыя пра нас саміх. І толькі нам вырашаць, якім будзе фінал", — кажуць артысты ў сваім звароце.

Прэм'ера "Тутэйшых" пройдзе 12 кастрычніка а 19-й гадзіне на Youtube-канале купалаўцаў.