«Мне здалося, што смерць падышла да мяне». Лёсы расстраляных паэтаў: Ізі Харык

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных начэй для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.

247404227_277377487607039_5446024437884191559_n.jpg


Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў курапацкім лесе.

Ізі Харык


Іцхак (Ісак) Давыдавіч Харык быў такім папулярным, што мог, не раўнуючы цяперашні Някляеў, збіраць стадыёны. Выдатны паэт, майстар формы, ён заслужана карыстаўся поспехам і мог бы шмат чаго яшчэ прыўнесці ў беларускую паэзію, калі б не заўчасная трагічная смерць: Ізі Харык быў адным з тых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якіх гвалтоўна пазбавілі жыцця ў 1937 годзе.

Але ўсё па парадку. Паводле афіцыйных даных, нарадзіўся Іцхак Харык 17 сакавіка 1898 г. у вёсцы Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Чаму «паводле афіцыйных даных»? Таму што ёсць версія, што Харык «скараціў» сабе два гады, калі захацеў ажаніцца з Дзінай Матлінай, з якой розніца ва ўзросце была больш за 10 гадоў.

Вучыўся ў хедары (пачатковай яўрэйскай школе) і ў народнай школе Зембіна. З 19 гадоў стала жыў у Мінску, дзе паступіў у медыцынскі інстытут (1921), але праз год кінуў — відаць, вырашыўшы, што не бываць яму медыкам. Але яшчэ да таго паспеў папрацаваць рабочым, пекарам і аптэкарам. А вось сваю літаратурную «зорку» Ізі Харык займеў афіцыйна — скончыўшы Маскоўскі ўніверсітэт.

У 1919 годзе пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, і з таго моманту пачаўся «камуністычны» перыяд яго жыцця: Харык стаў шчырым будаўніком савецкага сацыялізму. З 1928-га паэт — частка рэдакцыі часопіса «Штэрн», які пасля ён узначальваў. Рэдакцыя «Штэрна» месцілася ў Мінску на вул. Рэвалюцыйнай, 2, і гэты будынак, дарэчы, захаваўся да гэтага часу — што праўда, без аніякай памятнай шыльды.

Плённы мінскі перыяд адзначыўся для паэта не толькі ўздымам кар’еры і новымі вершамі, але і асабістым жыццём: нягледзячы на розніцу ва ўзросце, Дзіна Матліна такі дала згоду на шлюб, і амаль адзін за адным у пары нарадзіліся двое хлопчыкаў — Юлік (1934) і Давід (1936), лёс якіх пасля арышту бацькоў застаўся невядомым. Нейкі час сям’я жыла ў навабудзе ў самым цэнтры Мінска, на вул. Савецкай, 148 — на гэтым месцы зараз знаходзіцца рэдакцыя газеты «Вечерний Минск».

Як і многія паэты таго часу, Ізі Харык пісаў «гімны» камуністам і ГПУ, а ў 1936 г. быў адным з сааўтараў вершаванага ліста «Вялікаму Сталіну ад беларусаў» — разам з Андрэем Александровічам, Петрусём Броўкам, Пятром Глебкам, Якубам Коласам і Янкам Купалам. Адначасова ж клапаціўся пра маладых паэтаў і дапамагаў ім. Зрэшты, наколькі шчырым было першае і другое, можна ўбачыць у яго вершах, дзе не-не ды і прамільгнуць «акрываўленыя» радкі.

Творчая спадчына паэта досыць вялікая: яшчэ пры жыцці ён меў 11 кніг — зборнікаў і паэм, — першая з якіх, «Трапятанне», выйшла ў Мінску ў 1922 годзе. Пісаў на ідышы і перакладаў на ідыш беларускамоўных аўтараў. Яшчэ 9 зборнікаў яго вершаў у перакладах на рускую і беларускую мову выйшлі пасля яго смерці. У 2008 г. выйшла двухмоўная кніга «Туга па чалавеку» — арыгінальныя вершы Ізі Харыка на ідышы з перакладамі на беларускую. А ў 2017 годзе ў межах праекта «(Не)расстраляная паэзія» беларуская спявачка Света Бень запісала дзве песні на вершы паэта: «У шэрым змроку» і «Век настане такі...».

Ізі Харыка не стала ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — сумнавядомую ноч для беларускай культуры. Абвінавачаны ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай дзейнасці», ён быў расстраляны па загадзе вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР, прычым імёны катаў і забойцаў вядомыя: ордэр на арышт падпісваў наркам унутраных спраў БССР Барыс Берман, арыштоўваў малодшы лейтэнант Шэйнкман, катавалі той жа Шэйнкман і сяржант Кунцэвіч. Вядома, што пасля катаванняў у мінскай турме Ізі Харык біўся галавой аб сцяну і пытаў: «За што?».

Рэабілітаваны ў 1956 годзе. Удаве паэта Дзіне Харык некалькі разоў давялося звяртацца да кіраўнітцва краіны, каб мець пенсію. За яе прасілі беларускія паэты Максім Танк і Пятрусь Броўка. Дзіна Харык правяла ў зняволенні 9 гадоў.


Туга па чалавеку (In benkshaft nokh a mentshn)


Стэп і стэп… Палыновае поле.

Сонца зыркае плавіць дарогі.

Толькі сонцу і ветру прыволле.

І палын і туга – да знямогі.


Травы вострыя, ў вострым паветры

Ціха дыхае мята спрадвеку.

Цішыня тут крычыць, і — павер ты! —

Кліча скрозь цішыня чалавека.


Цішыня тут вісіць медным звонам —

Гулка рэха адклікнецца дзесьці.

Быццам вол, ты захочаш, стамлёны,

На рагах цішыню гэту несці.


Дзікі стэп… Паглядзіш — і здаецца

Вёска даўно забытаю выспай.

Дрофа тлустая ў травах прачнецца ―

Цішыня прагучыць, нібы выстрал.


Ані дрэўца… Не ўзрадуе вока

Роснасць сытая стомленай нівы…

Стэп — у мроіве шызым навокал —

Чалавека чакае тужліва.


(пераклад Анатоля Вялюгіна)


У нашым садзе... (צו אונדז אין סאָד)


У нашым садзе не сустрэць нікога,

каго завабяць прывіды нуды,

каго заманіць ціша і знямога —

у нашым садзе зелені аблога,

а ў зелені хаваюцца плады.


Шуміць тут вецер, і жывыя сокі,

і дрэвы, што на радасць прараслі.

Што ні камель — то вымахаў высокі,

і што ні крона — то ўрасла ў аблокі,

і погляды губляюцца ў галлі.


І дзікі сад дзівосна прамяніцца,

яго не падразалі ўжо гады.

Тут водары смалы і навальніцы,

і трэск кары, і кропелькі жывіцы,

і важкія саспелыя плады.


(пераклад Ганны Янкута)


* * * (Ikh gej un gej – un s’ruft der veg alts vajter…)


Іду, іду, а шлях удалеч кліча.

Плывуць лісты у восеньскай вадзе.

Здаецца, гэта нават не кастрычнік,

А самы ясны і вясновы дзень.


Іду, іду і не хачу спыніцца.

А восень у блакіце і агні.

І чую – нешта звоніць у зеніце,

А можа, сэрца ўласнае звініць?


Я не хачу і не магу згадзіцца,

Што будзе снег, і сцюжа, і імгла.

Іду, іду і не магу спыніцца

У гэтым свеце чыстага святла.


(пераклад Сяргея Грахоўскага)


* * * (S’iz jedern gegebn ful un fil…)


Не трацьце сябе ў паняверцы,

Ні сілы, ні веры на шчасце.

Здаецца, не зможаш памерці,

Калі маеш добрае сэрца

Для вылету з вокнамі насцеж.


Я радасць сваю параўнаю

Хіба што з крыніцай бруістай.

Не дам яе выветрыць маю,

Закідаць асенняму лісту.


Яе не ўтаптаць у траву.

Разбіце мне лепш галаву,

Чым вокны у сэрцы агністым.


Маёй сівізны халады

Спыніць мяне будуць не ў стане.

Прайду праз жыццё маладым!

Ты чуеш, зямля, маладым,

Пакуль маё сэрца не стане!


(пераклад Уладзіміра Паўлава)


* * * (Fundanen shraj ikh azh tsum tsentn dor…)


Адсюль крычу я сэрцам і душою

Наступнага далёкім жыхарам:

Хай сённяшняе нашае, зямное

Жыццё-быццё не здасца цудам вам.


Далёка там, у прышласці шчаслівай,

Шукаць для нас не ўздумайце акрас,

Не аздабляйце лірыкай гуллівай,

Легендамі не карануйце нас!


Не карануйце нашыя галовы

Карункамі, сатканымі з святла…

Мы тут былі, мы тут жылі сурова,

І праўда нас суровая вяла.


Мы першыя цагліны закладалі,

І кожны ў мур цаглінай лёг жывой…

Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі

Аб пары крыл мяцежных за спіной.


Праз пыл руін мы крочылі калонай,

З’яднаныя ў адзіную сям’ю…

І суджана яшчэ адно было нам —

Пакінуць з песняй гэтую зямлю.


Таму і шлю без смутку, без тугі я

Ад нас, ад акрываўленых, наказ…

Адсюль крычу я ў заўтра:

— Дарагія,

Крылатыя, не карануйце нас!


(пераклад Аркадзя Куляшова)


* * * (Ikh hob plutsling hajnt dem tojt derfilt…)


Мне здалося,

Што смерць падышла да мяне,

І, нібы ад змяі,

Я ад смерці адскочыў.

Не магу ў цемнаце я маўчаць

І марнець,

Так, як вёска,

Што снегам засыпана ўночы.


Асалоды такой

Не хачу і на дзень,

Каб нічога не бачылі

Быстрыя вочы.

Да вяроўкі тугой

Не цягнуўся нідзе,

Як малы да грудзей

Дацягнуцца так хоча.


З той пары,

Як самога сябе я пазнаў,

У грудзях,

Як вясной у плаціне, напята.

Мне здаецца,

Што ў дужыя рукі я ўзяў

Існавання свайго

І канец і пачатак.


Можа, нехта ў мяне

Будзе ноччу страляць,

Але хіба са мною

Спаткаецца куля?

Небяспечна са смерцю

У жмуркі гуляць.

Аж няёмка мне стала

За гэткія гулі.


(пераклад Юрася Свіркі)


У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кнігі «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021), сайтаў «Радыё Свабода» і belisrael.info, інтэрнет-часопіса «ПрайдзіСвет», а таксама лекцыі Вольфа Рубінчыка.