Новы выпуск KRAJAVID: БНР і Гомельшчына (відэа)

Якім быў лёс Гомельшчыны ў рэвалюцыйныя 1917-1918 гады? Хто прэтэндаваў на гэтыя землі? Ці мела БНР нейкае прадстаўніцтва на Гомельшчыне? Якія асобы спрыялі беларускай справе ў гэтым рэгіёне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў новым адукацыйна-асветніцкім праекце KRAJAVID дае гісторык Валянціна Лебедзева.


Адукацыйна-асветніцкі праект KRAJAVID мае на мэце стварэнне відэа па гісторыі, культуры і адметнасцях нашага краю. На дадзены момант у межах праекта выйшла ўжо два відэа (папярэдняе – пра традыцыйнае ткацтва). Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень.

Яўген Меркіс, аўтар ідэі праекта KRAJAVID:

— Мы з гомельскай “Талакой” даўно займаемся вывучэннем мінулага нашага роднага краю. Пры гэтым кожны з нас штодня карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, чытае навіны і артыкулы ў інтэрнэце, глядзіць відэа і слухае музыку. І ўсё гэта – у анлайне. Але разам з тым, шмат якія пытанні з гісторыі нашай роднай старонкі яшчэ застаюцца малавядомымі.

Таму мы вырашылі ствараць маленькія відэалекцыі і аповеды, каб любы ахвотны мог азнаёміцца з цэлым пластам ведаў у дасціпнай і прывабнай форме.

Мы спадзяемся, што нашыя відэа стануць базісам ведаў для беларусаў аб мінулым нашага краю. Заклікаем таксама знаўцаў па самых розных пытаннях далучацца да праекту і прапаноўваць свае тэмы для запісу. Ліставаць можна на homeltalaka@gmail.com.