Новыя факты з архіваў у кнізе пра БЦР. Шукайце ў кнігарнях

Кніга пра Беларускую Цэнтральную Раду, падрыхтаваная навукоўцам і гісторыкам Алегам Гардзіенкам, стала чарговым сумесным выданнем Згуртавання “Бацькаўшчына” і Беларускага інстытута навукі і мастацтва з Нью-Ёрка (29-я ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”).



bcr_vokladka.jpg

У кнізе “Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне — дзейнасць — заняпад” расказваецца пра беларускі нацыянальны рух падчас нямецкай акупацыі і спробу стварэння ўраду з дазволу немцаў. Беларуская Цэнтральная Рада была створана ў 1943 годзе і праіснавала фактычна да 1995 года. На сённяшні дзень гэтая гістарычная з’ява застаецца мала вывучанай. Да таго ж за савецкім часам і нават у постсавецкі перыяд многімі гісторыкамі дзейнасць БЦР, асабліва ў перыяд з 1941 па 1945 гады, ацэньвалася адназначна негатыўна, а яе дзеячы падаваліся выключна як “здраднікі”і “злачынцы”.

Кніга А. Гардзіенкі не дае ацэнку тым ці іншым гістарычным падзеям, а з’яўляецца навуковым даследаваннем гісторыі БЦР як цэласнага працэсу з 1943 да 1995 гг. у кантэксце беларукага нацыянальнага руху ХХ ст., у чым і палягае яе каштоўнасць.

Пры падрыхтоўцы кнігі аўтар ці не ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі выкарыстаў матэрыялы не толькі з беларускіх архіваў, але і з архіваў БЦР, што захоўваюцца на Захадзе, у тым ліку асабістыя зборы Радаслава Астроўскага, Юрыя Сабалеўскага, Анатоля Плескачэўскага, Юрыя Попкі і інш.

БЦР — гэта адна са старонак нацыянальнага руху ў ХХ ст. Я не першы, хто пісаў на гэту тэму або закранаў яе, —  адзначае Алег Гардзіенка. — Варта згадаць працы Юрыя Туронка і Юрыя Грыбоўскага. Я паспрабаваў прааналізаваць дзейнасць БЦР не толькі  падчас вайны, але і падчас эвакуацыі, у паваеннай Нямеччыне і на эміграцыі (у першую чаргу, ЗША, дзе апынуліся большасць прыхільнікаў).

Падрабязна спыніўся на пытанні эвакуацыі з Беларусі. Дарэчы, тагачасная хваля бежанцаў і вымушана перамешчаных асобаў з краін Усходняй Еўропы на тэрыторыі Германіі сувымерна з сённяшняй хваляй уцекачоў у Еўрасаюз (беларусы ў хвалі 1944 г. былі малой часцінкай).

Варта адзначыць, што многія дзеячы БЦР на эміграцыі палічылі, што варта гэтую старонку нацыянальнага руху закрыць і далучацца да адноўленай Рады БНР або пачынаць з чыстага ліста, ствараючы новыя грамадскія арганізацыі. Частка ж, найперш Радаслаў Астроўскі, заставаліся вернымі БЦР да апошняга”.

Як пішуць у прадмове др. Янка Запруднік і др. Вітаўт Кіпель, кніга гісторыка Алега Гардзіенкі адзначаецца “менавіта новымі фактамі, вынесенымі на дзённае святло з архіўных крыніцаў”. “Эмігранцкая” частка кнігі, адзначаюць яны, “цалкам новая ў нашай гістарыяграфіі ды важная як для гісторыі БЦР, гэтак і ўсяе беларускае эміграцыі”.

У кнізе даецца агляд літаратуры і крыніцаў інфармацыі па тэме даследавання, публікуюцца асноўныя дакументы, датычныя дзейнасці БЦР, хроніка галоўных падзеяў, біяграфічныя звесткі.

Кніга “Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995)” выдадзеная сумесна з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор”.

***

Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995)  / Алег Гардзіенка ; прадм. В. Кіпеля, Я. Запрудніка. — Мінск : Кнігазбор, 2015. — 480 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 29).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”