Падарожжа па Гомельшчыне з Уладзімірам Цвірко

Калі вядомы беларускі фатограф, мастак, этнограф, падарожнік Уладзімір Цвірко прапанаваў мне павандраваць па Гомельшчыне, каб даследаваць і сфатаграфаваць архітэктурныя помнікі — былыя сядзібныя маёнткі, цэрквы, касцёлы, капліцы, — я з вялікай радасцю згадзіўся.

У Хойніках

У Хойніках


І ў наш час знаходзяцца тыя, хто сцвярджае, што гісторыя нашай краіны пачынаецца з 1917 года, і культуру нам прынеслі бальшавікі з усходу. Таму ў Цвірко і нарадзілася ідэя аб’ехаць усю Беларусь, сфатаграфаваць старажытныя архітэктурныя помнікі і напісаць пра іх і нашу сапраўдную мінуўшчыну.

Уладзімір Цвірко ўмоўна падзяліў Беларусь на «выспачкі», або маршруты, дзе ёсць цікавыя старадаўнія помнікі архітэктуры, і са сваім неразлучным спадарожнікам — фотаапаратам даследуе іх. Усяго набралася 150 маршрутаў. Першы даведнік Цвірко з серыі «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі» выйшаў у свет у выдавецтве «Туринфо» ў мінулым годзе, і адразу зацікавіў краязнаўцаў і ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі Беларусі. І вось мы на маршруце.

Першы аб’ект нашага падарожжа — сядзіба Ваньковічаў у вёсцы Рудакова Хойніцкага раёна. Палац з чырвонай цэглы быў пабудаваны ў 1910 годзе ў стылі неабарока, вакол яго быў прыгожы пейзажны парк, працавалі лесапілка, гарэлачны завод, дзейнічала школа для сялянскіх дзяцей. Зараз ад прыгожага будынку засталіся амаль руіны, парк здзічэў, зарос хмызняком. Нам давялося ў дзве сякеры секчы мелкалессе, каб зрабіць якасныя фотаздымкі будынку палаца.

У Хойніках мы наведалі сядзібна-паркавы ансамбль Аўраамавых у цэнтры горада і вельмі цікавую сядзібу Ястржэмбскіх у вёсцы Барысаўшчына. У вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну, у старажытным будынку калегіума, дзе месціцца мужчынскі манастыр, маю ўвагу прыцягнула копія абраза Маці Божай Юравіцкай. Арыгінал абраза, першая згадка пра які датаваная 1630 годам, мне давялося сёлета ўбачыць у адным з касцёлаў Кракава, дзе ён знаходзіцца на зберажэнні з ХІХ стагоддзя, і, паводле дамоўленасці, павінен быць вернуты ў Юравічы, дзе ён знаходзіўся больш за два стагоддзі, і прыцягваў да сябе шмат паломнікаў.

У Юравічах уражвае сваімі памерамі гмах будынку касцёла, пабудаванага ў ХVIII стагоддзі. Будынак патрабуе рэстаўрацыі.


 Труна з прастрэленымі чарапамі ў крыпце мазырскага Свята-Міхайлаўскага сабора

 Труна з прастрэленымі чарапамі ў крыпце мазырскага Свята-Міхайлаўскага сабора


Цікавыя помнікі архітэктуры ХVII–ХІХ стагоддзяў мы сфатаграфавалі ў Нараўлянскім, Ельскім раёнах. А ў Мазыры наведалі крыпту ў Свята-Міхайлаўскім саборы. У 1930-я гады органамі НКУС Палескай вобласці сабор быў ператвораны ў турму, дзе трымалі «ворагаў народа». Там жа, у царкве, іх расстрэльвалі, а трупы пакутнікаў скідалі ў склеп, пад царкву. У гэтай турме было вынесена больш 2000 смяротных прыгавораў. Зараз у крыпце дзейнічае ніжні храм у гонар Новапакутнікаў, дзе ў 2-х трунах ляжыць 60 чалавечых чарапоў з кулявымі адтулінамі.

Вялікае ўражанне засталося і ад наведвання вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёна. У 1497 годзе, па дарозе з Вільні ў Кіеў вёску наведаў мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі Макарый. У час набажэнства, якое вёў мітрапаліт, мясцовы храм акружылі татары, схапілі яго і адсеклі галаву. Нятленныя мошчы мітрапаліта Макарыя зараз захоўваюцца ў кіеўскім Сафійскім саборы.


Месца, дзе быў забіты ў 1497 годзе мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі Макарый

Месца, дзе быў забіты ў 1497 годзе мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі Макарый


У вёсцы дзейнічае праваслаўная царква Макарыя, побач з якой узвышаецца капліца, пабудаваная ў гонар мітрапаліта. Мясцовыя жыхары паказалі нам месца на беразе Прыпяці, дзе быў забіты Макарый, і дзе існуе стэла, пабудаваная ў 1897 годзе на памяць пра гэтую трагічную падзею.

Наведалі мы таксама адзін са старажытнейшых населеных пунктаў Беларусі — Тураў, дзе на высокім кургане замчышча ўзвышаецца помнік асветніку Кірылу Тураўскаму. А на старадаўніх могілках стаіць царква, пабудаваная ў 1810 годзе, і месціцца помнік, прысвечаны найвышэйшаму гетману ВКЛ Канстанціну Астрожскаму.

Па дарозе дадому наперадзе нас чакаў яшчэ адзін цікавы аб’ект — былое мястэчка, а зараз вёска Ленін, што знаходзіцца ў 4 кіламетрах ад аўтамабільнай дарогі Мінск—Мікашэвічы. Назва вёскі не мае нічога агульнага з імем правадыра сусветнага пралетарыяту. Па адной з легенд, у мясцовага памешчыка некалі ўтапілася ў рацэ Случ адзіная дачка — прыгажуня Лена, і засмучаны бацька ў гонар яе назваў пасяленне. Існуе таксама паданне, што ў ХVI стагоддзі слуцкі князь Юрый Алелькавіч назваў гэтае мястэчка імем сваёй каханай князёўны Алены.

Некалі большасць насельніцтва мястэчка складалі яўрэі. У часы вайны фашысты знішчылі амаль усё насельніцтва, аб гэтым сведчыць мемарыял ахвярам, які знаходзіцца ля самага ўваходу на старажытныя іудзейскія могілкі, якія займаюць значную плошчу. Іх унікальнасць у тым, што амаль усе надмагіллі выкананы з дрэва, з выразанымі надпісамі на яўрэйскай мове. Такога няма больш нідзе на Беларусі, а, магчыма, і ў Еўропе, бо звычайна надмагілле на яўрэйскіх могілках выраблена з бетону, альбо на магіле ляжыць камень з надпісам.


Драўлянае  надмагілле на яўрэйскіх могілках у в. Ленін Жыткавіцкага раёна

Драўлянае  надмагілле на яўрэйскіх могілках у в. Ленін Жыткавіцкага раёна


Дасведчаныя асобы паведалі Уладзіміру Цвірко, што апошнім часам вёску Ленін наведваюць «гастралёры» на машынах з расійскімі нумарамі: наведваюць яўрэйскія могілкі, здымаюць з магіл драўляныя надмагільныя помнікі. І звозяць у невядомым  напрамку. Звезлі ў Расію і крыж Еўфрасінні Полацкай, і слуцкія паясы, і старажытныя летапісы, і шмат чаго іншага. Зараз дабраліся і да могілак.

Каштоўныя фотаматэрыялы, атрыманыя ў час падарожжа, увойдуць у багата ілюстраваны даведнік архітэктурных помнікаў у 17 населеных пунктах Гомельшчыны.