Падарунак рэжымніку: «Фарбы паралельнага свету» Міколы Дзядка

Не толькі замежны досвед цікавы і карысны нам у разуменні гвалту і механізмаў жыцця людзей, якія пайшлі на калабарацыю з беззаконнасцю і дыктатурай дзеля простай матэрыяльнай выгады, а яшчэ, канечне, праз маральную нікчэмнасць.


У беларускім грамадстве існуюць уласныя, няхай не заўсёды дакладныя, памяць і веда пра жыццё у дыктатуры. Напрыклад, беларуская літаратура, як ніводная іншая, багатая на тэксты, напісаныя моцнымі людзьмі — ахвярамі дыктатуры ў мінулым: М. Гарэцкі, Ф. Аляхновіч, Я. Германовіч, Л. Геніюш, С. Грахоўскі і многія іншыя. Да гэтага спісу на сучасным этапе варта абавязкова дадаць Міколу Дзядка, даследніка-палітолага, а таксама пісьменніка. Яго кнігу «Фарбы паралельнага свету» варта не проста перачытаць усім, але і падарыць рэжымнікам і іх сваякам.

Мікола натуральна працягвае беларускую традыцыю апісання і аналізу гвалту, у якім мы жывем апошнія стагоддзі. Бо традыцыя гвалту ніколі і не спынялася: якраз такія пісьменнікі, як Мікола Дзядок нагадваюць усім фантазёрам, а асабліва рэжымнікам, якія даюць веры ў тое, што мы жывем у стабільнай і дэмакратычнай дзяржаве, што ані стабільнасці, ані дэмакратыі ў нас ніколі не было. Як да ўсяго палітолаг і палітычны зняволены, Дзядок слушна канстатуе ў апавяданнях, што дэмакратычнага досведу ў Беларусі няма і не было — апошнія стагоддзі мы жылі за аўтарытарызмам, часам таталітарызмам і безупынным гвалтам. Нам проста неадкуль быць дэмакратамі, мы толькі стараемся, вучымся імі стаць.

Зборнік турэмных апавяданняў Дзядка з’явіўся ў 2017 годзе. Насамрэч, на хвалі вызвалення аўтара ў 2016 годзе і пэўнага аптымізму сам тэкст прачытаўся многімі не зусім уважліва, ці застаўся ў памяці, як проста яшчэ адзін кур’ёзны дакумент-памяць. І якраз, мяркую, літаратурную частку праігнаравалі многія чытачы ды крытыкі, бо ўсе працягваюць бачыць у аўтары перадусім публіцыста, журналіста, аналітыка. А Мікола, між іншым, умее пісаць творча, кранальна (напрыклад, тэксты «Жыцьцё цудоўнае» ці «Маўглі»).

На жаль, заходні, а часам нават і беларускі прадэмакратычны свет не пачулі пасланняў і засцярогаў Міколы, кінутых яшчэ ў 2015 у адкрытым лісце, а таксама ў аповядах зборніку ў 2016 – пераадолець раскіданасць, страх, канфармізм і думанне кашалём. Прасіць Захад аб дапамозе ніколі не ўваходзіла ў планы Дзядка, ён ніколі не хварэў на наіўнасць. Празорліва ў 2015 годзе Мікола пісаў пра тое, што традыцыйна ўвага Захаду прыкутая хутчэй да Украіны — Беларусь ігнаруецца праз непрыярытэтнасць у інтарэсах заходніх дэмакратыяў. Канешне, тое-сёе змянілася з таго часу і аўтар аптымістычна нагадвае нам і трапна рэжымнікам, што «змены ва Украіне пачаліся якраз шмат у чым з-за адсутнасці ў аўтарытарнай улады павагі да чалавечай годнасці, з-за спробаў навязаць грамадству жыццё у страху».

Аднак мы ўсе вінаватыя ў тым, што просьба-заклік Міколы, агучаная падчас увязнення ў 2010-2015 гадах, не ажыццявілася: і ён сам, і сотні, тысячы іншых беларусаў зноў зведваюць здзек, холад і барбарыю, успадчынныя нам з савецкіх, гулагаўскіх часоў.

Зрэшты, назва кнігі таксама выкрывае важную праблему паралельнасці існавання як дыктатара і Беларусі, ўладаў і грамадства ў Беларусі, так і краінаў дэмакратычных і недэмакратычных, якім цяжка сысціся і зразумець рэальныя праблемы, заклікі ахвяраў гвалту і несправядлівасці. Хоць Захад і па сёння не робіць максімуму для беларусаў, бо існуе ў сваім утульным паралельным свеце, у нас усё ж ёсць свой унутраны моцны рэсурс, мажлівы выключна такім асобам, як Мікола, які сваім прыкладам, а яшчэ і сваімі творамі натхняюць і набліжаюць нас да перамогі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: