Паэту Віктару Шведу споўнілася 95 гадоў

23 сакавіка выдатнаму беларускаму паэту Віктару Шведу спаўняецца 95 гадоў.



dsc_3597_833x400.jpg

Віктар Швед — паэт, перакладчык, журналіст, а цяпер і мемуарыст. Нарадзіўся 23 сакавіка 1925 году ў вёсцы Мора, на Гайнаўшчыне. Сузаснавальнік Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” і сябра Саюза польскіх пісьменнікаў. У 2015 быў уганараваны ордэнам Францыска Скарыны.

Віктар Швед дэбютаваў у 1957 вершам “Я беларус” у беларускім тыднёвіку “Ніва”. Напісаў і апублікаваў некалькі дзясяткаў зборнікаў вершаў на беларускай і польскай мовах. Перакладае з беларускай, расейскай, украінскай моў на польскую, з польскай — на беларускую.

Нядаўна праграмнай радай тыднёвіка “Ніва” была выдадзеная кніга ўспамінаў Віктара Шведа “З мора ў горад”, а мінскае выдавецтва “Кнігазбор” выдала кнігу Сяргея Чыгрына са Слоніма “Мора Віктара Шведа”.

Кніга прысвечана жыццю і творчасці старэйшага беларускага паэта з Беластока. У яе ўвайшлі артыкулы аўтара і гутаркі, напісаныя ім у розны час. Яны адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях Віктара Шведа, які пачынаўся з вёскі Мора Гайнаўскага павета.

Віктар Швед жыве ў Беластоку. Пастаянна друкуецца ў беларускім тыднёвіку “Ніва”.

Паводле Беларускае Радыё Рацыя

https://www.racyja.com/sumezhzha/paetu-viktaru-shvedu-spounilasya-95-gadou/