Паэты сабраліся разам, каб падзяліцца болем за тое, што зараз адбываецца ў краіне

 У Мінску 28 жніўня прайшла паэтычная вечарына «Вершы Свабоды».

dsc_0041_2_logo.jpg


Хоць назва “Вершы Свабоды” досыць узнёслая, вершы былі не пра мары аб ёй. Яны былі пра боль, страх і, канечне, надзею. Паэты і паэткі прызнаваліся, што з творчасцю ў іх зараз цяжка. Некаму не хапае сілаў, некаму часу, а ў некага ўнутры ўсё перавернута для таго, каб нешта здолей сказаць: многія творцы чыталі вершы, якія пісаліся раней.

Алена Лепішава

Алена Лепішава

Алена Лепішава, арганізатарка сустрэчы, разумее, як творцам сёння складана. Пра саму сустрэчу ведала досыць вузкае кола людзей: Алена пісала паэтам асабістыя лісты-запрашэнні. Яна палічыла, што, сабраўшыся разам, творцам стане лягчэй: “Нам зараз вельмі цяжка пісаць, але мы крочым наперад. Тое, што мы робім штодня, — сваімі вершамі, сваімі пастамі ў Фэйсбуку — гэтым мы толькі набліжаем гэтую перамогу, прынамсі, хочацца ў гэта верыць”.

Дзіяна Балыка

Дзіяна Балыка

Драматург і паэтка Дзіяна Балыка падзялілася, ніколі не была такой шчаслівай, як зараз, хоць час вельмі цяжкі: “За 40 гадоў я не спадзявалася адчуць сябе не толькі ў ролях маці, жонкі, драматурга… Але адчуць яшчэ і яднанне з народам”. Дзіяна прачытала вершы пра свабоду, якія пісала яшчэ ў 1999 годзе: “Я не думала, што гэтыя вершы будуць патрэбныя. Не пісаць іх было немагчыма, а прачытаць не заўжды атрымлівалася. Былі сітуацыі, калі я чытала вершы пра свабоду на пэўнай сустрэчы, а пасля прасілі мяне на іх больш не запрашаць. Зараз ва ўсіх з’явілася патрэба быць беларусамі”.

Дзмітрый Строцаў

Дзмітрый Строцаў

Дзмітрый Строцаў прачытаў некалькі вершаў, напісаных пасля выбараў. Яны былі эмацыйныя, абуральныя, дзесьці — гняўлівыя, але з глыбокай вобразнасцю. “Мы дзіка стаміліся. Мы пераможам!”, — так скончыў паэт адзін са сваіх вершаў.

Вера Бурак з сынам

Вера Бурак з сынам

Вера Бурлак прачытала дзіцячыя вершы, а Віктар Жыбуль прадэкламаваў даўнія вершы, якія, як сёння аказаліся актуальнымі.

Аляксандр Бохан

Аляксандр Бохан

Аляксандр Бохан акрамя вершаў, праспяваў яшчэ ўласную песню “Спадчына”.

Красціна Бандурына

Красціна Бандурына

Паэтка Крысціна Бандурына зачытала вершы, сярод якіх быў толькі адзін твор, напісаны пасля выбараў: “Калі я падбірала вершы да выступу, мурашы бегалі па пазваночніку. Не гледзячы на тое, што ўсё жыццё  чакала таго моманту, у якім мы знаходзімся, я дагэтуль не магу паверыць, што мы зараз так жывём”.

Алена Лепішава заўважыла: “Калі чуеш гэтыя радкі, хочацца нешта рабіць”. І сапраўды, адчуваеш, што зараз як ніколі голас паэта патрэбны нам усім.


фота аўтара