Пасля нябыту: Зміцер Жылуновіч

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч... Ён жа — Капылянін, Сымон Друк, Авадзень, Цішка Гартны. Паэт, празаік, перакладчык, журналіст. Мастацкі вобраз аўтара «Маніхвэста Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі» стварыў у сваёй дакументальнай аповесці «Без эпітафіі» (1989) Эрнест Ялугін.

Адзіны ў Беларусі памятны знак, усталяваны ў гонар Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага) у 2000 годзе каля Капыльскага раённага краязнаўчага музея. Грошы былі сабраныя гараджанамі на суботніках, а стварыў яго мясцовы скульптар Уладзімір Бандарэнка.

Адзіны ў Беларусі памятны знак, усталяваны ў гонар Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага) у 2000 годзе каля Капыльскага раённага краязнаўчага музея. Грошы былі сабраныя гараджанамі на суботніках, а стварыў яго мясцовы скульптар Уладзімір Бандарэнка.

Пісьменнік распавёў нам пра сваю працу над біяграфіяй кіраўніка першага ўрада БССР, акадэміка АН БССР.

— Эрнест Васільевіч, Зміцер Жылуновіч блізкі вам як публіцыст, рэдактар газеты і часопіса. Што падштурхнула даследваць яго жыццё і дзейнасць? Якія абставіны і асобы паспрыялі ў стварэнні кнігі пра яго?

— У канцы 80-тых гадоў я працаваў адказным сакратаром часопіса «Нёман». Полацкіх чытачоў зацікавілі мае эсэ пра Мікалая Улашчыка і Адама Мальдзіса ў кнізе «Толькі камні», і ў рэдакцыі мне даручылі напісаць пра Жылуновіча да 100-годдзя з яго дня народзінаў. Мне паспрыяў Аляксей Кароль, які працаваў у Інстытуце гісторыі партыі. Праз яго я атрымаў доступ да дакументаў пра допыты. Падзяліліся сваімі знаходкамі Віталь Скалабан, аўтар дысертацыі пра дзейнасць Беларускага Нацыянальнага Камісарыята, і У. Д. Якутаў — аўтар прац пра Аляксандра Чарвякова. Багаты гісторыка-літаратурны і чалавеказнаўчы матэрыял быў сабраны ў кнізе «Успаміны пра Цішку Гартнага», укладальнікамі якой была дачка пісьменніка, кандыдат філалагічных навук Г. З. Жылуновіч і вядомы зямляк Гартнага, доктар гістарычных навук С. Х. Александровіч.

Першы варыянт кнігі на рускай мове быў надрукаваны ў часопісе «Нёман» пад назвай «После небытия». Яе прызналі наватарскай. Мне важна было паказаць, што зрабіў Зміцер Жылуновіч як дзяржаўны дзеяч. Кніга выходзіла ў СССР вялікім накладам. Калі ўтварылася Рэспубліка Беларусь з ідэяй незалежнасці, узнятая тэма стала яшчэ больш актуальнай.

Ну а пра публіцыстыку і газету… У свой час, калі Ніл Гілевіч і Алег Трусаў запрасілі мяне да рэдактарства ў «Нашым слове», я зразумеў, якой важнай з’яўляецца газета як калектыўны арганізатар і натхняльнік...

Акрама таго, я знайшоў месца, дзе пахаваны Жылуновіч.

— Як гэта адбылося?

— Я тройчы наведваў Магілёўскую псіхалякарню, дзе некалі знаходзіўся Жылуновіч. Я знайшоў трох сведак, якія распавялі мне пра падзеі 1937 года: урача і дзвюх санітарак шпіталя. Адна з санітарак па прозвішчы Звяркова была маладой дзяўчынай у той час. Яна трапіла туды за сваім бацькам, таму што сям’ю раскулачылі і бацька звар’яцеў ад роспачы, а маці і маленькае дзіця выкінулі на вуліцу, і ніхто не даваў ім прытулку. Старэйшая дзяўчынка прабілася да свайго бацькі і працавала ў шпіталі санітаркай.

Урэшце, бацька Звярковай памёр, і яго пахавалі ў той яме, дзе і Змітра Жылуновіча. Яна прыходзіла туды наведваць свайго бацьку. Яна і паказала мне гэта месца, бо выдатна яго ведала. Калі я быў удзельнікам здымачнай групы дакументальнага фільма па маёй кніжцы «Без эпітафіі», то сведкаў знялі на кінакамеру. (Каля 25 гадоў фільм паказваюць па тэлебачанні.) Сведкі паведамілі, што былі там і бачылі мёртвага Жылуновіча. У іх у той час была ўзята падпіска пра неразгалошванне. Афіцыйнай версіяй лекараў была гангрэна лёгкіх, але ёсць меркаванне, што гэта было самагубства.

Жылуновічу спецыяльна дазвалялася прыходзіць у кантору і чытаць газеты. Калі ён даведаўся, што ў Маскве ідзе суд над нацдэмамі, ён зразумеў, што яго можа чакаць такі ж лёс. Каб пазбегнуць жорсткіх катаванняў, ён пайшоў на мужны ўчынак, бо не хацеў патрапіць сведкам на працэс, і не хацеў, каб знішчылі яго сям’ю. Жонку Надзею Сцяпанаўну, сына і дачку як сям’ю ворага народа проста выслалі з Беларусі і не дазволілі ім жыць у вялікіх гарадах; ім даводзілася цяжка. У асяроддзі вязняў ведалі, што Жылуновіч скончыў з сабой, гэта быў ягоны апошні мужны ўчынак, бо ён ратаваў і сваю рэпутацыю, і сваю сям’ю.

У другое выданне кнігі, падрыхтаванае для «Мастацкай літаратуры», я дадаў усе новыя звесткі. Але яно, на жаль, не выйшла.

— У кнізе вы паказалі Жылуновіча ў розных перыядах жыцця: маладым гарбаром з Капыля, потым — карэспандэнтам «Нашай Нівы», рэдактарам «Дзянніцы», сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камісарыята, кіраўніком першага ўрада БССР і рупліўцам Дзяржвыдавецтва БССР.

— У мяне была задача не зрабіць гістарычную бухгалтэрыю, а стварыць вобраз. Я шукаю сацыяльныя і псіхалагічныя прычыны кожнай з’явы ў гісторыі. Я натхніў Генрыха Далідовіча, і ён у сваіх публікацыях развіў гэту тэму, быў маім пераемнікам.

— Жылуновіч схіліўся да бальшавікоў. Чаму так здарылася?

— Калі прачытаць іх праграму, яны абяцалі перадаць зямлю рабочым і сялянам, запэўнівалі, што рабочыя на заводах будуць самі выбіраць сваё кіраўніцтва і частку прыбытку размяркоўваць паміж сабой. Бальшавікам удалося пераканаць народ, што яны зробяць лепшым жыццё. У той жа час дзеячы БНР не маглі згуртавацца, спрачаліся паміж сабой.

— Вы стварылі рознапланавы партрэт Цішкі Гартнага…

— Ён заўсёды сачыў за сваім знешнім выглядам, любіў прыгожа апранацца. Як толькі дазволілі ўмовы, купіў шэры франтаваты касцюм-тройку. Насіў белыя накрухмаленыя каўнерыкі, гальштук-матылёк, велюравы капялюш з вузкімі палямі, прывезены з Германіі. У Капыль ён прыязджаў заўсёды ў самым лепшым касцюме, падарункі прывозіў не толькі радні, але і суседзям, дзяцей частаваў цукеркамі, пернікамі. Многім гэта падабалася.

А нехта цішком зайздросціў. Так з’явіўся данос у ЦК. На першым плане фігуравала тое, што Жылуновіч прымаў удзел у пахаванні свайго швагра з царкоўнымі ўшанаваннямі, а следам — што быў апрануты па-буржуйску, нават пачапіў гальштук.

У чэрвені 1924-га яго на год выключаць з партыі — «за адарванасць ад мас і абывацельскую псіхалогію».

У 1925 годзе Жылуновіч вязе ў Берлін дзвесце тысяч марак і два пуды рукапісаў, каб выпусціць у свет падручнікі на беларускай мове і некалькі томікаў беларускага прыгожага пісьменства. Ён узначальвае Дзяржаўнае выдавецтва БССР, актывізуе выдавецкую працу, рупіцца пра паліграфічнае забеспячэнне…

А ў 1928-ым ён становіцца правадзейным членам Інбелкульта. У 1934—1936 гадах працуе ў Інстытуце гісторыі БелАН, чытае лекцыі па гісторыі Беларусі… У сваю кніжку я ўключыў і вершы Змітра Жылуновіча.

— У БССР да выхаду вашай кнігі не было поўнай праўдзівай публікацыі пра лёс кіраўніка яе першага ўрада. Гэта сведчыць пра рэпрэсіўны характар савецкай сістэмы?

— Калі не ўдалося рэалізаваць ідэю БНР, Жылуновіч і Чарвякоў думалі пра тое, што трэба падтрымаць БССР, таму што незалежнай была абвешчана не толькі асобная вобласць, а ўся краіна, хаця і ў форме савецкай рэспублікі. Інстынктыўна яны разумелі, што ні адна імперыя не ўтрымліваецца вельмі доўга, у іх было спадзяванне, што напера­дзе будзе нешта лепшае, як пісалі: «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Зміцер Жылуновіч спадзяваўся, што калі абвешчана нацыянальная рэспубліка, то з цягам часу пачнуць выкладаць усе прадметы на беларускай мове ў школах, будзе працаваць у кожным горадзе нацыянальны тэатр, возьмецца за культурную справу інтэлігенцыя і будзе створаны нацыянальны друк.