Рыцары, ведзьмы, танцы і шляхецкія забавы на плошчы Марыі Калеснікавай

31 кастрычніка на плошчы Марыі Калеснікавай прайшло чарговае яркае свята. Святочны дабрачынны кірмаш, пачастункі, латарэя, конкурс на лепшы касцюм на Дзень усіх Святых, выступ рыцараў, ліцвінскія шляхецкія ды дзіцячыя забавы, і кругавыя танцы пад сярэднявечную музыку ў выкананні гурта Lity Taler.

svjata_na_ploszczy_kalesnikavaj_fota_aleha_hruszeckaha__7__logo.jpg


Рэканструктары паказалі майстэрства валодання халоднай зброяй ліцвінскіх рыцараў і правялі варштаты для ўсіх жадаючых. А яшчэ паказалі, як наша шляхта ладзіла забавы — на ўтрыманне раўнавагі, на ўтрыманне шаблі, ды не толькі. Паказалі і як бавіліся дзеці ў старадаўнія часы на нашых землях. І ўсё гэта пад музычнае суправаджэнне беларускіх музыкальных інструментаў, у прыватнасці — дуды (беларускі аналаг валынкі), якая насамрэч больш годная лічыцца беларускім нацыянальным музычным інструментам, чым славутыя цымбалы.

svjata_na_ploszczy_kalesnikavaj_fota_aleha_hruszeckaha__14__logo.jpg


Дарэчы, цікавы факт — у Беларусі на сёння ўсяго 8 майстроў, якія вырабляюць дуду. У той жа Літве, дзе дуда таксама распаўсюджаная сярод фальклорных калектываў, дуду ніхто не робіць — іх замаўляюць у нашых беларускіх майстроў.

svjata_na_ploszczy_kalesnikavaj_fota_aleha_hruszeckaha__1__logo.jpg


Пасля выступу рыцараў адбыліся розыгрыш латарэі і конкурс на лепшы касцюм на Дзень усіх Святых (Хэлоўін), асобна сярод дарослых і асобна сярод дзяцей. Цікава, што ў абодвух конкурсах перамаглі касцюмы ведзьмарак. Сярод дзяцей конкурс выйграла Маша, цёзка Марыі Калеснікавай, у гонар якой названая плошча.

svjata_na_ploszczy_kalesnikavaj_fota_aleha_hruszeckaha__9__logo.jpg


А затым распачалася наступная частка праграмы — выступ гурта сярэднявечнай музыкі Lity Taler, ад ігры каторага ногі самі кідаліся ў скокі. Музыкі зайгралі як літвінскую музыку і танцы, гэтак і польскую, ірландскую, пазнаёмілі са сваімі новымі кампазіцыямі. Безумоўна ж, яны сталі цвіком праграмы — бо пад іх музыку і песні танцавалі як дзеці, гэтак і дарослыя.

svjata_na_ploszczy_kalesnikavaj_fota_aleha_hruszeckaha__15__logo.jpg


Больш таго, гурт правёў варштаты па кругавым сярэднявечным танцам, уцягнуўшы ў дзейства амаль палову прысутных, якіх сабралася некалькі сотняў. У захаплення ад іх выступу і самога свята засталіся ўсе.