Сабіна Брыло: «Калі будзеш баяцца, згубіш сілы на жыццё»

Паэтка Сабіна Брыло ўспрымае свет праз тэкст. Праз тэкст знаёміцца з яго аўтарамі. У тэкст яна ўвасабляе ўласнае жыццё. З дапамогай тэксту лечыць і сябе, і іншых. А вершы — гэта толькі адна з частак яе свету, дзе валадарыць тэкст.

Фота belcollegium.by

Фота belcollegium.by


— Сабіна, хто вы: паэтка, журналістка ці рэдактарка?

— Хоць ужо досыць шмат часу я не працую ў палявой журналістыцы, але дасюль, калі пытаюць, як прадставіць мяне, я кажу, што журналістка. Напэўна, гэта нешта такое, што з чалавека не выветрываецца.
— Лад жыцця?
— Так. Нягледзячы на тое, што з кожным годам я ўсё больш фіксую ў сабе інтраверсію, я ўсё адно не перастаю цікавіцца людзьмі. Гэта своеасаблівая опцыя: калі яе ўключылі, выключыць цяжка.
— Як вы прыйшлі ў журналістыку?
— У журналістку я прыйшла ў дваццаць гадоў, прытым вучылася ёй у рэдакцыі. Пачала працаваць у палітыка-прававым штотыднёвіку «Феміда». Гэта быў 1994 год. Пасля я зарабляла грошы ў газеце «Криминальное обозрение», была намеснікам галоўнага рэдактара і, па сутнасці, рабіла газету «па сваім уяўленні», нават прасоўвала там праваабарончую тэматыку. Адтуль і пайшла ў дэкрэт. Пасля працавала рэдактарам аддзела ў «Медыцынскім весніку». Мне падабалася медыцынская тэматыка, падабалася працаваць са спецыялістамі, капаць углыб, дапамагаць людзям… Праўда, хоць тады быў і пачатак 2000-ых, але працаваць у дзяржаўным выданні ўжо было невыносна. Галоўны рэдактар штотыдзень хадзіў на планёркі ў міністэрства, дзе наўпрост казалі, пра што трэба пісаць. Пакуль я магла распрацоўваць сур’ёзныя тэмы, ставіць нязручныя пытанні, шукаць на іх адказы і публікаваць гэтыя матэр’ялы — мне было цікава, але чым далей, тым для мяне было менш паветра, і праз некалькі гадоў я сышла. Паклікалі ў глянцавы часопіс, займалася там пераважна рэдактурай, час ад часу нешта пісала. Калі пачаў працаваць «Белсат», мы разам з маім мужам сталі рабіць для яго праграму «Маю права», і гэта было цалкам маё. Прававая тэматыка заўсёды для мяне была цікавай. Думаю, гэта выклікана той сітуацыяй, у якой мы жылі і жывём, калі рэчаіснасць не адпавядае тым нормам, якія мусяць панаваць у грамадстве.
— Як пазнаёміліся са сваім мужам Андрэем Бастунцом, які ўзначальвае Беларускую асацыяцыю журналістаў?
— Мне было дзевятнаццаць гадоў, калі я кінула пэўны лад свайго жыцця і перспектывы, якія разгортваліся перада мной. Я пісала вершы, якія лічыла добрымі, таму прынесла іх у «Знамя юности». Тады пры газеце было літаратурнае аб’яднанне «Светацень», куды ўваходзіў і Андрэй. Некалькі гадоў мы разам друкаваліся, «адточвалі» сваё майстэрства вершаскладання… І я паступова пачала «закохвацца» ў яго вершы. Думаю, гэта быў першы жывы паэт, якога я палюбіла. Андрэю тады было 28 гадоў, яго вершы былі пераважна пра каханне і чалавечую тугу. Мяне гэта моцна падкупіла. Мы пачалі сустракацца, а праз некалькі гадоў у нас нарадзіўся сын Арсеній.
— Ведаю, што пасля нараджэння сына вы перасталі пісаць, прытым не рабілі гэта доўгі час. Чаму?
— Калі сын нарадзіўся, у мяне засталося мала часу на сябе. Жыццё перафарматавалася, бо ты робішся дадаткам да дзіцяці і не маеш уласных жаданняў. Па-другое, мне падавалася, што калі я буду займацца творчасцю і атрымліваць ад гэтага асалоду, давядзецца за гэта плаціць. А самая дарагая валюта, якую я маю, — гэта мой сын. Мне падавалася, што жыццё з малым мусіць быць напружаным і накіраваным на яго патрэбы... Але калі сыну было каля года, я выйшла на працу. Амаль усе заробленыя грошы я аддавала на заробак няні. Вершы пісаць я не магла, а праца была патрэбна мне, каб не з’ехаць з глузду.
— А ці не прыходзілася сябе стрымліваць, бо пісаць усё ж такі хацелася?
— Было такое. Цяжка таму чалавеку, які душэўнае напружанне прызвычаіўся выліваць на паперу. Першыя часы гвалтоўна прымушала сябе не пісаць. Але ў тыя гады ў мяне было шмат працы… Трэба было жыць і зарабляць грошы, каб набыць нармальную кватэру. Да таго ж, я вучылася ў ЕГУ. Напэўна тады ў мяне не асабліва было часу на рэфлексіі.

12_81.jpg


— Калі ўрэшце вярнуліся да напісання вершаў?
— Да вершаскладання я вярнулася, калі зарэгістравалася ў фэйсбуку. Гэта было ў 2012 годзе. Я падлічыла, што не пісала вершы чатырнаццаць гадоў. А калі завяла старонку ў фэйсбуку, то такім вось чынам пачала арганізоўваць уласнае выказванне. Праз фэйсбук я пазнаёмілася і з Юліяй Чарняўскай. Яна прапанавала мне ўвайсці ў рэдкалегію літаратурнага клуба «Графо». Гэта была сапраўды класная і цалкам валанцёрская ініцыятыва, дзякуючы якой шмат творчых людзей паміж сабой пазнаёміліся, сталі выходзіць на публіку, друкавацца.
— Як гэтыя вершы здолелі пасля ўвайсці ў кнігі?
— У фэйсбуку мяне чыталі сябры і знаёмыя, якія былі звязаны з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Тады ад Саюза і прыйшла прапанова выдаць зборнік: вершаў на яго хапіла, нават засталося з лішкам. Я сама ўзяла адказнасць за вокладку і вёрстку. Выдаць другую кнігу прапанаваў Раман Цымбераў. Яе набывалі тыя людзі, якія набылі першую кнігу. Выйшаў зборнік маіх вершаў і па-літоўску. Мой сябра, паэт, перакладчык і драматург Гінтарас Граяўскас, які і раней перакладаў мае вершы на літоўскую мову, папрасіў грошы ў міністэрства культуры Літвы на выданне кнігі маіх вершаў. Аднак яму адмовілі. Тады ён напісаў у фэйсбуку пост, у якім прапанаваў сябрам сабраць грошы на кнігу. Неабходную суму літоўцы сабралі за 36 хвілін. Кніга хутка выйшла і хутка разышлася.
— Ці змянялася стаўленне да сябе, калі пачалі выходзіць кнігі?
— Каб я лічыла сябе нявартай аўтаркай, я б ніколі не выдала кнігу. Я радая, калі знаходжу чытачоў, якім мае тэксты прыносяць задавальненне. Адабрэнне ад некага мне не тое каб патрэбна… Навошта табе чуць, што ты жанчына, калі ты і так ведаеш, што ты жанчына? Я ведаю, што я добра пішу тэксты. Дваццаць гадоў таму, напэўна, адчувала б сябе інакш. Тады, магчыма, гэтае прызнанне і спатрэбілася б. Калі табе сорак — гэта цябе ўжо не так акрыляе. Ты можаш або нешта даваць гэтаму свету, або не даваць. Калі мне кажуць: «Віншуем вас з кніжкай!», мне хочацца сказаць, што гэта я вас віншую, бо вы можаце яе пачытаць. Я не з тых, хто прыходзіць некуды і пачынае пералічваць свае заслугі. Але я радая, што кнігі выйшлі. Дай Бог, каб я і надалей адчувала гэты свет, каб магла нешта выказаць.
— Як праходзяць вашыя цяперашнія дні?
— Збольшага займаюся рэдактарскай працай. Нядаўна пра мяне ўзгадалі як пра паэтку: запрасілі пачытаць вершы студэнтам філфака БДУ. Улетку, калі ўсё будзе добра, паеду ў Літву на вялікі міжнародны паэтычны фестываль.
— Вам падабаецца выступаць з вершамі перад чытачамі?
— Мне няпроста выступаць, я выдаткоўваю шмат унутраных сіл. Лягчэй — перад тымі, хто ўжо чытаў мае тэксты.
— Маеце большы давер да гэтых людзей?
—Так. Чамусьці адчуваю сябе перад імі жаданай, не баюся, што ім надакучу. Перад незнаёмай аўдыторыяй мне цяжка чытаць, але час ад часу гэта раблю. Праўда, бывае, што я вельмі кепска сябе адчуваю пасля такіх выступаў. Магчыма, гэта праз маю інтраверсію, а магчыма, я проста занадта адказна стаўлюся да такіх мерапрыемстваў. Не люблю і калектыўныя выступы. Мне падаецца, што людзі прыйшлі паслухаць іншых аўтараў, а я ім замінаю (смяецца).
— Ці цяжка творчым сужэнцам быць у шлюбе?
— Цяжка. І ў сям’і, і ў побыце. Былі размовы, калі мы з мужам выказвалі, што перакрылі кісларод адно аднаму… У нас ніколі не было ні лёгкага сямейнага жыцця, ні мядовых месяцаў ці гадоў… Андрэй таксама перастаў пісаць у свой час. Але ў 2016 годзе ў яго выйшла кніга з тымі вершамі, у якія я некалі закахалася… Гэта вельмі якасныя вершы. У Андрэя напісаны і раман, які, праўда, пакуль не выдадзены. Ён піша, але вельмі рэдка. Мне часам бывае шкада, што Андрэй абраў грамадскую дзейнасць, а не літаратурную, бо ён вельмі добры літаратар. Ён арганізаваны так тонка, як і мусіць быць арганізаваны той чалавек, які піша. Мы абодва ўспрымаем жыццё хваравіта. Калі два чалавекі жывуць разам, ім нялёгка. Але на пэўным этапе ты разумееш, што мусіш дапамагаць іншаму справіцца з яго болем, а не выліваць у дадатак яшчэ і свой. Наогул, два чалавекі мусяць быць побач толькі тады, калі могуць дапамагаць адно аднаму.
— Як ваша сям’я перажывала часы, калі ўзімку сілавыя структуры аказвалі ціск на БАЖ і, адпаведна, на вашага мужа?
— Мы ж ведалі, што было пасля выбраў у 2006 і 2010 гадах. Маім знаёмым, маладзейшым за мяне, я казала ў жніўні, што мы мусім быць гатовымі да трох рэчаў. Нас могуць пакалечыць, пасадзіць і забіць. Асабіста я да ўсяго гэтага была гатовая, таму выклікі на допыты — рэч хоць і непрыемная, але не такая страшная, калі ты ўжо падрыхтаваўся да горшага. Мы стаім тварам да непрыкрытага зла, ад якога можна чакаць усяго, што заўгодна. Але гэтага не трэба баяцца. Калі будзеш пастаянна баяцца, то згубіш усе сілы на жыццё, а жыць трэба працягваць.
— Ці атрымліваецца цяпер пісаць?
— Пішу па крысе, але цяжка сёння знайсці форму. Вершы патрабуюць дысцыплінаванага падыходу. Нельга пісаць, калі табе няма чаго сказаць. Я лічу, што вершы мусяць мець філасофскую і музычную каштоўнасць. Добры верш — гэта калі ты яго чытаеш услых і ў цябе ні за што не чапляецца язык. Мне блізкія тыя аўтары, у якіх я не бачу эга. Выкараніць сваё эга, перахварэць на яго — вельмі важная рэч для пісьменніка. Важна прыйсці да таго стану, калі ты можаш стаць інструментам.
Прызнаюся: у жніўні я пачала пісаць п’есу «Ребята, я тут». Гэта п’еса пра Хрыста і пра тое, як вынікае з назвы, што Ён сёння — пасярод нас. Я вельмі хачу яе дапісаць, але пакуль усё яшчэ знаходжуся нібыта ў дрыгве: гатовыя толькі асобныя часткі. Я хачу надаць п’есе той сэнс, які быў важны б для мяне і для іншых людзей. Ведаеце, зараз так цяжка… Не ведаю, ці можа з такога становішча нарадзіцца нешта правільнае і добрае.
Зараз шмат рэчаў хочацца не чуць і не бачыць. Праз гэта ты нібыта апранаеш на сябе навушнікі. Але яны перашкаджаюць чуць. А губляць слых ты не можаш, бо ты той чалавек, які трансфармуе жыццёвую сітуацыю ў тэкст.

Сабіна Брыло, фота Вольгі Хвоін, baj.by

Сабіна Брыло, фота Вольгі Хвоін, baj.by

— Але як можна працягваць заставацца чулым да таго, што адбываецца навокал, і ў той жа час не стаць паралізаваным ад болю?
— Часам верш з’яўляецца тады, калі на душы вельмі цяжка. Гэта такі псіхалагічны прыём: калі табе блага, зрабі тое, што ў цябе добра атрымліваецца. Напрыклад, ты можаш спячы кекс: ён смачна запахне — і ў цябе падымецца настрой. Калі ў цябе атрымліваецца пісаць вершы, то ў такіх выпадках ты пішаш. Але калі табе надта балюча і цяжка, то сілы на гэта знайсці немагчыма. Думаю, тады трэба перажыць гэтыя хвіліны, ператрываць. Я наогул аматар цярпенняў. Цярпенні — гэта тая рэч, якая нам мусіць моцна дапамагаць жыць, лавіць тую хвіліну, калі ў нас ёсць сілы. Так склалася, што мой лёс — гэта частка агульнага лёсу. Да мінулага жніўня ў нас былі як бы толькі ўласныя лёсы, усе паміж сабой канкурыравалі… Такі свет мне не падабаецца.
Цяпер па-ранейшаму ў нас ёсць сем’і, свае праблемы, змаганні з хваробамі… Але наш лёс апынуўся ўнутры агульнага лёсу. Вось так і жывеш: чакаеш спаўнення свайго лёсу. А разам з тым разумееш: таму, хто побач з табой, нясоладка, таму намагаешся яму дапамагчы. Але калі не можаш дапамагчы, то хаця б не трэба ныць. Думаю, што кожны чалавек, які апынуўся ў такой цяжкай сітуацыі, мусіць пераасэнсаваць сваё жыццё. Заробкі, кватэры, крэдыты… У чым сэнс жыцця? Наўрад ці ў гэтым…