Адбылася сустрэча Ціханоўскай у Белым доме з дарадцам прэзідэнта ЗША

Святлана Ціханоўская ў Белым доме правяла перамовы з дарадцам Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам.

photo_2021_07_20_21_01_01.jpg


На перамовах таксама прысутнічалі кіраўнік дэпартамента Усходняй Еўропы Нацыянальнага савета бяспекі ЗША Крыс Сміт, кіраўнік Савета па гендарнай палітыцы Белага дома Джэніфер Кляйн і пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Ціханоўская распавяла пра масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і актывістаў, пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў турмах.
Ціханоўская заклікала ЗША:
- узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці — праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятыў, студэнцтва, сем'яў палітвязняў, медыя;
- узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку — праз скаардынаваныя з ЕС санкцыі ў дачыненні да канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыццё шчылін для іх абыходу;
- тых, хто адказны за рэпрэсіі супраць беларусаў, — прыцягнуць да адказнасці. І паслаць у Крэмль сігнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
- не весці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, уключаючы праграмы Сусветнага банка, МВФ — у адпаведнасці з палітыкай «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі», які быў прыняты ў снежні 2020-га;
- уздымаць пытанне Беларусі падчас міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы;
Ціханоўская падкрэсліла: «Толькі вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах і новыя выбары ў бліжэйшы час дапамогуць Беларусі выйсці з крызісу. І я заклікаю ЗША ў сваіх дзеяннях прытрымлівацца гэтай стратэгіі беларусаў».
Паводле прэс-службы Святланы Ціханоўскай