Адмоўлена ў рэгістрацыі першым двум кандыдатам ад Руху «За Свабоду»

Акруговыя выбарчыя камісіі ў Баранавічах адмовілі ў рэгістрацыі двум кандыдатам ад Руху «За Свабоду» Юрыю Казакевічу і Уладзіміру Гундару.

preview_5__7.jpg

Пасяджэнні акруговых камісій па баранавіцкай Заходняй акрузе № 5 і сельскай № 7 прайшлі 9 кастрычніка, пісьмовыя рашэнні былі падрыхтаваныя сёння.
«Уладзімір Гундар вылучаны Праваабаронча-асветніцкім грамадскім аб’яднаннем Рух „За Свабоду“, што не адпавядае патрабаванням Выбарчага кодэксу», — сказана ў рашэнні акруговай камісіі № 7.
У адказе выбаркам спасылаецца на ч.3 арт. 60 (права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць партыям, працоўным калектывам і грамадзянам шляхам збору подпісаў), абз. 10 ч.1 арт. 68 Выбарчага Кодэкса (падставы адмовы: іншыя выпадкі неадпаведанасці парадку вылучэння Выбарчаму кодэксу).
«Артыкул 69 Канстытуцыі гаворыць, што вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты адбываецца ад грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў. Грамадскія аб’яднанні не падзяляюцца на палітычныя і непалітычныя. І ў Канстытуцыі запісана, калі закон парушае Канстытуцыю, то дзейнічае Канстытуцыя», — заявіў выбарчай камісіі Уладзімір Гундар.
Па ягоных словах, ва ўстаноўленым парадку Рух «За Свабоду» будзе гэтае рашэнне абскарджваць.
«Тое, што адбываецца, можна назваць дэвальвацыяй беларускага заканадаўства. Хутка выбаркамы будуць кіравацца не тое, што Выбарчым кодэксам і інструкцыямі ЦВК, але прыватным меркаваннем членаў выбарчых камісій», — пракаментаваў рашэнне камісіі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, «Канстытуцыя ні ва што не ставіцца, і калі відавочна яе дзеянне мае перавагу, і Канстытуцыя надае права Руху „За Свабоду“ вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, выбаркамы спасылаюцца на нейкія ўнутраныя распараджэнні, альбо выбарчы кодэкс каб адмовіць у рэгістрацыі».
Паводле pyx.by