Амерыканская экспертка пра сачэнне за людзьмі: Нават некаторыя ўрады не разумеюць, куды пойдуць даныя

Усё часцей тэхналогіі, якія выкарыстоўвае аўтарытарная ўлада, пастаўляюцца тымі, хто разумее, што ўрады могуць іх так скарыстаць, і хто нават заахвочвае гэта. Шмат у якіх выпадках даныя пойдуць у Пекін, які зможа мець да іх доступ, піша «Свабода». Можа так стацца, што не ўсе ўрады, якія заключаюць такія пагадненні, разумеюць гэты факт. Гэта ўжо робіцца пытаннем суверэнітэту ў той жа ступені, як і пытаннем асабістай свабоды.

 Мойра Уілан, дырэктарка ў пытаннях дэмакратыі і тэхналогій амерыканскай недзяржаўнай арганізацыі «Нацыянальны дэмакратычны інстытут» (NDI), расказала пра магчымасці і пагрозы, які нясуць новыя тэхналогіі, у прыватнасці тэхналогіі пятага пакалення ў тэлекамунікацыях — 5G. Уілан была адной з аўтарак дакладу NDI «5G і будучы інтэрнэт: наступствы для маладых дэмакратый і правоў чалавека».

«Любімая справа аўтарытарных уладаў»

— Аўтарытарныя ўрады ці ўрады з аўтарытарнымі тэндэнцыямі ўсё часцей выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі, каб абмежаваць удзел і актыўнасць людзей у грамадскіх справах. Гэта робіцца любімай справай для аўтарытарных уладаў у крытычныя для дэмакратыі моманты — да прыкладу, падчас выбараў: адключыць інтэрнэт, сачыць за насельніцтвам і мэтанакіравана абмежаваць доступ насельніцтва да інтэрнэту.

Усё часцей тэхналогіі, якія выкарыстоўвае аўтарытарная ўлада, пастаўляюцца тымі, хто разумее, што ўрады могуць іх так скарыстаць, і хто нават заахвочвае гэта.

Мы як супольнасць мусім пераадольваць разрыў паміж новымі тэхналогіямі і тым, што гэтыя тэхналогіі прапаноўваюць грамадству. Да прыкладу, 5G дае хутчэйшы інтэрнэт і стварае магчымасць эканамічнага росту, але гэта трэба балансаваць так, каб захоўваліся сістэмы павагі да правоў чалавека. Такія сістэмы дазволяць тэхналогіям працаваць на карысць людзей у краіне, а не выкарыстоўваць тэхналогіі супраць людзей.

 

«Кітайскія інструменты сачэння цяпер размяшчаюць па ўсім свеце»

— Тэхналогія, — такая, як мабільны тэлефон ці вежа ў камунікацыйнай сістэме 5G — сама па сабе ані дэмакратычная, ані антыдэмакратычная. Аднак мы ведаем, што ёсць некаторыя кампаніі, базаваныя на Захадзе, якія актыўна ўдзельнічаюць у вызначэнні міжнародных нормаў і вітаюць тое, што мы называем калегіяльнай сістэмай з мноствам удзельнікаў.

Такая сістэма, па сутнасці, дазваляе грамадзянскай супольнасці і парламэнтам уплываць на тое, што адбываецца з дадзенымі, якія збіраюцца ў канкрэтнай краіне. Да таго ж вакол такіх рашэнняў ёсць значны ўзровень празрыстасці, і насельніцтва ведае, якім чынам выкарыстоўваюцца гэтыя дадзеныя.

Аднак цяпер мы бачым, што шмат дзе ў свеце ўжываюцца кітайскія тэхналогіі. Кітайскія законы патрабуюць, каб доступ да звестак мела Камуністычная партыя Кітаю. І гэта патэнцыйна дазваляе Кітаю скарыстаць свае вельмі прасунутыя сістэмы штучнага інтэлекту і тэхналогіі сачэння, каб сачыць не толькі за тым, што адбываецца ў іх краіне, але і за тым, што адбываецца ў свеце.

Прыклад — вельмі прадуманае выкарыстанне лічбавых інструментаў супраць супольнасці рагінг’я ў М’янме, і асабліва супраць уйгураў у Кітаі, каб адасобіць іх ад астатняга насельніцтва.

Цяпер гэтыя інструменты размяшчаюць па ўсім свеце. Бо кітайская ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» ставіць прасоўванне гэтых тэхналогій на галоўнае месца сярод мэтаў замежнай палітыкі.

 

«Сельскія жыхары далучацца да глабальных гарадоў»

— Мы чуем пра 3G, 4G, 5G, цяпер мы ўжо набліжаемся да 6G. Але ў 5G ёсць некаторыя ўнікальныя магчымасці. Гэтая тэхналогія фактычна дазваляе нам пераскочыць з эпохі, калі мы проста дасылалі электронныя допісы, у эпоху, калі мы можам весці жывыя відэастрымы адразу на некалькіх прыладах у розных дыяпазонах частотаў. Паколькі базавая тэхналогія дазваляе гэта зрабіць больш эфектыўна.

Гэтая тэхналогія дазволіць шырэйшым супольнасцям удзельнічаць у камунікацыі — да прыкладу, чакаецца, што сельскія жыхары будуць мець лепшую сувязь і, да прыкладу, змогуць паглядзець відэа у добрай якасці. У мінулым такой магчымасці не было.

Інфраструктуру 5G ўжо ўсталёўваюць па ўсім свеце — гэта не такая рэч, якую мы можам спыніць. Яна зробіць рэвалюцыю ў нашым доступе да камунікацыі і ў хуткасці, з якой розныя супольнасці могуць у ёй удзельнічаць.

Гэта дазваляе нам зразумець, што да глабальных гарадоў — такіх, як Нью-Ёрк ці Парыж — цяпер далучацца сельскія жыхары, якія атрымаюць такія ж магчымасці доступу да інфармацыі і да яе пашырэння.

Але за гэтай інфармацыяй таксама вельмі лёгка назіраць і сачыць, калі мы не ўвядзем юрыдычных абмежаванняў на тое, як кіраваць гэтымі дадзенымі.

 

«Будзе цяжка даць зваротны ход»

— Два галоўныя пытанні: хто валодае фізічнай інфраструктурай і хто мае правы ўласнасці на дадзеныя. І важна зразумець, што мы тут бачым сапраўдны разрыў. Краіны маюць абгрунтаваны энтузіязм наконт тых перспектываў, якія прыносіць 5G для эканамічнага развіцця. Аднак сярод лідэраў ва ўрадах не хапае разумення, што калі выкарыстоўваць тэхналогіі, пабудаваныя ў сістэмах, якія не паважаюць правы чалавека, — да прыкладу, кітайскімі кампаніямі Huawei і ZTE, — гэтыя дадзеныя пойдуць у Пекін, які зможа мець да іх доступ. І да гэтых дадзеных змогуць мець доступ іншыя ўрады.

Некаторыя могуць ведаць пра гэта, але лічыць, што гэта прымальная цана ў такім выпадку. Але ўрэшце, нават калі вы аўтарытарная дзяржава, гэта лічбавы эквівалент таго, што вы аддаяце кантроль за сваімі хуткаснымі дарогамі. Гэта змена, якой будзе вельмі цяжка даць зваротны ход — незалежна ад таго, ці аўтарытарны вы ўрад, ці дэмакратычны.

 

«Мы падкрэсліваем важнасць калегіяльнай сістэмы»

— Правы на дадзеныя павінны захоўвацца ў людзей у гэтай краіне. Менавіта таму мы падкрэсліваем важнасць калегіяльнай сістэмы з мноствам удзельнікаў. І менавіта ў гэтым мы бачым найбольшы выклік, з якім сутыкаецца дэмакратыя.

Звычайна людзі маюць найбольшы кантроль за сваімі ўрадамі праз парламент, але па ўсім свеце ўплыў парламентаў на прыняцце рашэнняў змяншаецца. Іх распускаюць, яны часта проста штампуюць падрыхтаваныя іншымі законы. А гэта першы сродак, з дапамогай якога можа існаваць празрыстасць і разуменне.

У большасці краінаў тэлекамунікацыйныя кампаніі не знаходзяцца пад кантролем парламенцкай сістэмы, нават калі ў краіне ёсць парламенцкая сістэма. Мы выступаем за тое, каб тэлекамунікацыйныя сістэмы былі адкрытымі і празрыстымі, а таксама мелі нейкую ступень кантролю, як, напрыклад, у Еўрасаюзе і Злучаных Штатах. Там ёсць нейкі ўзровень празрыстасці наконт таго, хто кантралюе дадзеныя і хто можа мець да іх доступ. Гэта павінна вызначацца нацыянальнымі законамі.

 

«Кантроль за інтэрнэтам падчас выбараў — ужо норма»

— Аўтарытарныя ўрады ці ўрады з аўтарытарнымі схільнасцямі могуць дзейнічаць больш эфектыўна і аператыўна з дапамогай тэхналогій 5G. Магчыма, самае актуальнае, што мы бачым, — гэта кантроль за інтэрнэтам у крытычныя для дэмакратыі моманты, такія як выбары. Цяпер гэта ўжо норма.

Два тыдні таму мы гэта назіралі ў Замбіі. Там адбыліся дэмакратычныя выбары, вельмі паспяховыя дэмакратычныя выбары, але ўявіце, што пры гэтым не было доступу да інфармацыі ў дзень выбараў. І гэта ўжо зрабілася даволі стандартнай сітуацыяй. Таму гэта, бадай, самая неадкладная праблема ў тым, што тычыцца дэмакратыі, — недахоп інфармацыі ў моманты, крытычныя для дэмакратычнай сістэмы.

Другая праблема — гэта асобныя правілы для нейкай канкрэтнай групы насельніцтва. Як я ўжо згадвала, адзін з найбольш відавочных прыкладаў тут — уйгурскае насельніцтва ў Кітаі. Іх цалкам пазбаўляюць доступу да камунікацый.

І нас таксама хвалюе ў такіх выпадках, як Афганістан, што будзе, калі Талібан цалкам пяройме краіну пад кантроль і возьмецца за гэтае пытанне. Талібан можа займець неабмежаваныя магчымасці распаўсюджваць дэзінфармацыю, сачыць за насельніцтвам, у той час як у насельніцтва Афганістану агулам будзе ці абмежаваны доступ, ці ўвогуле ніякага доступу да інфармацыі, да навінаў, да базавых камунікацый. А калі такі доступ будзе, дык ён будзе адбывацца пад наглядам, ажно да ўзроўню канкрэтных асобаў і іх дзеянняў.

 

«Нельга недаацэньваць дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў»

— Дапамога актывістам у аўтарытарных краінах сталася вельмі важным момантам ва ўзмацненні сувязяў паміж тэхналагічнай і праваабарончай супольнасцямі ў апошнія гады. Мы бачым рост тэхналогій шыфравання, якія дазваляюць людзям працягваць сваю дзейнасць.

Тут не трэба глядзець далёка — мы пабачылі гэта ў падзеях у Мʼянме і ў іншых месцах, дзе актывісты працягваюць такім чынам камунікаваць, а таксама, відавочна, і ў Беларусі, дзе людзі добра разумелі, калі выходзіць на канкрэтны пратэст у канкрэтны дзень.

Тэхналогіі, якія дазваляюць абысці блакаванне, таксама відавочна развіваюцца. Ёсць шэраг сетак VPN, якія карыстаюцца даверам і маюць ухвалу з боку праваабарончай супольнасці. Таксама ёсць шыфраваныя спосабы камунікацыі, такія як месенджар Signal, які быў першапачаткова задуманы нашымі калегамі з Фонду адкрытай тэхналогіі. Гэтая недзяржаўная арганізацыя ў ЗША шмат займаецца тэхналогіямі шыфравання, каб абараніць веб-сайты.

Як мы бачым, найбольш эфектыўна, калі такія арганізацыі, як мая — Нацыянальны дэмакратычны інстытут — і іншыя праваабарончыя арганізацыі, наўпрост камунікуюць з актывістамі, каб дапамагчы ім зразумець, якія інструменты тыя могуць скарыстаць для сваёй працы.

Відавочна, што мы часта не хочам публікаваць такую інфармацыю на першых старонках газет. Бо інакш гэта ператвараецца ў гульню ў ката і мыш супраць аўтарытарных урадаў. Але я магу сказаць, што ніколі нельга недаацэньваць дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў, бо яны знаходзяць спосабы камунікаваць пра гульнявыя платформы, яны здольныя каардынавацца іншымі шляхамі. Гэта сапраўды абнадзейвае, і нашая задача — падтрымаць іх у такіх намаганнях, пакуль у іхных краінах не будзе ўраду, які рэагуе на іх патрэбы і працуе, каб абараніць іх.

— Мы глыбока перакананыя, што кампаніі адказваюць за тое, каб ствараць новыя тэхналогіі на карысць дэмакратыі. У нас ёсць кааліцыя, якая дапамагае ім дзейнічаць такім чынам, але мы перакананыя, што яны нясуць адказнасць за тое, каб праектаваць гэта дэмакратычным шляхам.

Тэхналогіі сачэння, бадай, цяпер адны з самых праблематычных. Бо калі іх правільна выкарыстоўваць, яны могуць дапамагчы гарантаваць людзям бяспеку ў розных значных аспектах жыцця. Але мы таксама бачым выпадкі кшталту таго, пра які вы згадалі, або зусім нядаўні выпадак ізраільскай кампаніі Paegasus NSO, дзе яе кліенты выкарыстоўвалі тэхналогію кампаніі, каб сачыць за журналістамі, дэмакратычнымі актывістамі, праваабаронцамі і гэтак далей.

Найлепшы спосаб, якім можна дасягнуць зменаў у гэтай сферы, — гэта ініцыятыва «Парыжскі заклік», на якую я б хацела звярнуць увагу вашай аўдыторыі. Кампаніі, урады, палітычныя партыі, недзяржаўныя арганізацыі абʼядноўваюць намаганні, каб спрыяць кібербяспецы на дэмакратычным падмурку. Мы спадзяёмся такім чынам выпрацаваць набор нормаў, якія кампаніі абавяжуцца выконваць, каб абараніць супольнасці.

Шчыра кажучы, яны павінны дапамагаць супольнасцям, якія дапамагаюць ім працвітаць. Большасць гэтых кампаніяў былі створаныя ў дэмакратычных сістэмах і ў ліберальных эканоміках. І нам цяпер патрэбна іх дапамога, каб абараніць усё гэта.

Такім чынам, у нас адбываецца размова. Першая фаза — гэта пачаць дыялог і заахвочваць тыя кампаніі, якія дзейнічаюць правільна. Паказаць, што ёсць рынкавая каштоўнасць у тым, каб так дзейнічаць. Мы стараемся стварыць такі набор нормаў, каб кампаніі зразумелі, што іх запросяць у гэтую прастору і што ім таксама можа быць выгадна рабіць правільныя ўчынкі.

 

Ці непазбежная далейшая страта прыватнасці з развіццём 5G і «інтэрнэту рэчаў»

— Мы б хацелі захаваць асабісты, індывідуальны выбар. Калі вы хочаце мець красоўкі, якія будуць вам падказваць, што ўжо час ісці на прабежку, якія даюць сігнал на ваш тэлефон, што ўжо час іх скарыстаць, — гэта павінен быць ваш выбар.

З большасцю кампаній вы будзеце заключаць пагадненне аб тым, што вы пагаджаецеся на гэтыя паведамленні і што вы пагаджаецеся, каб гэтыя вашы дзеянні адсочвалі.

З чым мы не пагаджаемся і пра што варта працягваць дыскусію і прыцягваць да гэтага ўвагу, — гэта калі карыстальнікі не маюць выбару. Гэта можа рабіць урад, які сочыць за імі без іхнага ведама, — бо такім чынам тэхналогію таксама выкарыстоўваюць, або гэта можа быць кампанія, якая прадае гэтыя дадзеныя ці выстаўляе іх на рынак, не абараняючы.

Гэта няспыннае змаганне, і я не думаю, што міжнародная супольнасць ужо прыйшла да правільнага развязання гэтай праблемы. Але я магу сказаць, што цяпер гэтаму пытанню надаецца вельмі шмат увагі. І мы робім шмат, каб захаваць яго ў цэнтры ўвагі.

Думаю, што ў наступны год ці паўтара мы пабачым шмат зрухаў у гэтым пытанні — кампаніі і ўрады будуць працаваць разам, каб гарантаваць нам бяспеку, але пры гэтым захаваць адкрытую прастору, дзе людзі будуць мець выбар і доступ да той інфармацыі, якую яны хочуць мець.

Да прыкладу, у пытанні 5G мы спрабуем патлумачыць людзям, што іхныя дадзеныя пойдуць у Пекін і што гэтыя дадзеныя будуць выкарыстоўвацца. Мы нават не ўпэўненыя, што ўсе ўрады, якія заключаюць такія пагадненні, разумеюць гэты факт. І гэта ўжо робіцца пытаннем суверэнітэту ў той жа ступені, як і пытаннем асабістай свабоды.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: