Аўтазакі як сімвалы поспеху імпартазамяшчэння

«Гэта — не канец, гэта не пачатак канца, але гэта канец пачатку». Выдатнае выказванне. Яно можа ўпрыгожыць любую кнігу пад загалоўкам «У свеце мудрых думак». Аўтар гэтых словаў — Уінстан Чэрчыль.

shop_1_1.gif


Аднак ці можа існаваць сувязь паміж выказваннем брытанскага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча і сітуацыяй у сучаснай Беларусі? Мяркую, такая сувязь магчымая. Але найперш неабходна ўдакладніць, пра канец і пачатак чаго ідзе гаворка.

У расколатым беларускім грамадстве прадстаўнікі дзвюх яго частак (не роўных, на жаль) чакаюць і спадзяюцца на супрацьлеглае. Тыя, каго сацыёлагі адносяць да так званай «меншасці», кожны ляп прадстаўнікоў улады і кожны мікрапоспех актывістаў грамадзянскай супольнасці ўспрымаюць у якасці прыкметы калі і не канца, то пачатку канца «апошняга дыктатара Еўропы». Чалавек слабы — і яму ўласціва выдаваць пажаданае за сапраўднае.

Нескладана ўявіць, якую хвалю энтузіязму ў прадстаўнікоў «меншасці» спарадзілі чэргі ахвочых паставіць свае подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў. Нічога падобнага ў электаральнай гісторыі Беларусі раней не назіралася! Асобным гарачым галовам нават здалося, што прызначаныя на 9 жніўня «выбары» (двукоссі пры напісанні гэтага слова па-ранейшаму дарэчныя) змогуць падвесці рысу пад беларускім аўтарытарызмам. Адсюль той энтузіязм, з якім яны пачалі разважаць пра другі тур і іншыя электаральныя глупствы.

Што да прадстаўнікоў «большасці», то сваю падтрымку і ўхваленне адзінага палітыка (АП) па ўласнай ініцыятыве яны даўно ўжо публічна не выказваюць. Мода на такія пачуцці ў Беларусі прайшла. Што, аднак, не перашкаджае прымаць позу пакоры ў адказ на ўсе палітызаваныя ўказанні непасрэдных начальнікаў. Прыклад такога кшталту ўказанняў — збор подпісаў за вылучэнне аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты непасрэдна на працоўных месцах.


А зайздросціць ёсць чаму

Адно з адрозненняў цяперашніх «выбараў» ад папярэдніх палягае ў перахопе ініцыятывы альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Яны сёння фарміруюць парадак дня. Іх канкурэнт, які прызвычаіўся ў электаральным аркестры выконваць партыю першай скрыпкі, вымушаны адкласці ўбок высакародны інструмент і ўзяць у рукі балалайку.

Атрымліваецца непераканаўча, бо рэпертуар за чвэрць стагоддзя надакучыў. А выкананы на народным інструменце, ён тым больш рэжа слых. Аднак я б зграшыў супраць ісціны, калі б адмовіў асобным музычным пасажам у арыгінальнасці. Адзін з такіх прагучаў 22 чэрвеня падчас наведвання АП 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады. З задавальненнем падзялюся сваёй знаходкай: «У сітуацыі, якая склалася, задача арміі і сілаў спецыяльных аперацый — у першую чаргу абарона Айчыны, падтрыманне стабільнасці і згоды ў грамадстве».

З абаронай Айчыны, думаю, прынцыповых пярэчанняў у чытачоў не ўзнікне. Але для Беларусі гэтая ісціна актуальная ўдвая. І вось чаму. Самая аўтарытэтная крыніца адзначае: «Не расслабляйцеся. Памятаеце, што вакол столькі шмат людзей, якія з-за зайздрасці, з-за таго, што ім не падабаецца наш народ, бо мы гаворым пра сваю незалежнасць, праводзім свой незалежны курс, будуць старацца абавязкова ўлезці ў нашы справы. Мы нікому не павінны дазволіць у чарговы раз вярнуць нас пад бізун і абуць у лапці». Датавана гэта адкрыццё 21 чэрвеня 2020 года.

Каму і калі падабаўся незалежны курс беларусаў? Пытанне рытарычнае. У які бок ні глянь, як тут жа натыкаешся на позіркі зайздроснікаў. А зайздросціць ёсць чаму! Адна ўпартасць, з якой АП спрабуе вось ужо на працягу 10 гадоў давесці сярэднюю зарплату ў краіне да 500 долараў у эквіваленце, дарагога вартая. А наша традыцыя арыштоўваць кандыдатаў у прэзідэнты! Я не спецыяліст па Афрыцы, таму наконт Афрыкі мне сказаць няма чаго, але ў якой яшчэ еўрапейскай краіне такое магчыма?

Чэрвеньскае турнэ АП па Брэсцкай вобласці ўзбагаціла айчынны палітычны слоўнік фразеалагізмамі «вярнуць пад бізун» і «абуць у лапці».

Хто з нашых суседзяў спіць і бачыць беларусаў у лапцях, АП не ўдакладніў. Незразумелы і сэнс падобнага пераабування. Лапці — сімвал галечы. Хто прывык здавольвацца чаркай і скваркай, а новыя лапці разглядае ў якасці падставы прадэфіляваць па вёсцы, каб прыцягнуць увагу асобаў супрацьлеглага полу, той не цікавіцца навінкамі ад Apple і Gucci.

Бо што можа быць горш жабракоў-суседзяў у эпоху абвостранай барацьбы за рынкі збыту! Жабракам-суседзям нічога не прадасі, у іх нічога карыснага для сябе не купіш.

З бізуном — аналагічная гісторыя. Калі лапці — сімвал галечы, то бізун — сімвал сілы. Але ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на міжнародным узроўні з дапамогай сілы ў нашы дні яшчэ нікому наладзіць не ўдавалася. Адваротнае — калі ласка. Дастаткова прыгадаць, чым скончылася для Расіі акупацыя Крыма.

Ад бізуноў да гумовых дручкоў

Адно з ноу-хау СССР, выпрацаванае грамадствам па меры прасоўвання да камунізму, — двухдумства. Вось як гэты феномен вызначае дырэктар Лявада-цэнтра сацыёлаг Леў Гудкоў: «Уладам не давяраюць, але пры гэтым дэманструюць ім знешнюю лаяльнасць. На іх спадзяюцца, але адначасова надзяляюць іх самымі агіднымі якасцямі. Двухдумства — адзін з найбольш дзейсных механізмаў адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы, да непадкантрольнай улады. Гэта — аснова таго, што называецца “рускім цярпеннем”».

А як наконт «беларускага цярпення», якое хаваецца за імпартным словам «талерантнасць»? Якая роля двухдумства ў працэсе адаптацыі да «дзяржавы для народа»?

Але адаптацыя — гэта вуліца з двухбаковым рухам. Грамадства адаптуецца да рэпрэсіўнай дзяржавы, а рэпрэсіўная дзяржава адаптуецца да грамадства, і двухдумства пры гэтым адыгрывае далёка не апошнюю ролю. Таму складана здзівіць беларусаў спалучэннем афіцыйных размоваў пра высокае, добрае і вечнае з імітацыйнасцю і адкрытым цынізмам.

Па прыклады далёка хадзіць не давядзецца. Дастаткова звярнуцца да прэс-рэлізаў, прысвечаных чэрвеньскім паездкам АП па Брэсцкай вобласці: «Я заўсёды вам казаў: я нікому не дазволю сілавым чынам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў. Так будзе заўсёды».

Да каго ён звяртаецца? Да грамадзян, якія становяцца на вуліцах у ланцугі пратэсту супраць самавольства ўлады, або да амапаўцаў, якія збіваюць грамадзян гумовымі дручкамі? Заўважце, не бізунамі, а дручкамі. Ці азначае пераход ад бізуноў да гумовых дручкоў, што ўсе ўнутраныя праблемы ў Беларусі вырашаюцца выключна мірным шляхам і будаўніцтва прыгожай, квітнеючай, ціхай і спакойнай краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы ўжо падыходзіць да свайго завяршэння? Ці азначае гэта, што аўтазакі айчыннай вытворчасці на вуліцах беларускіх гарадоў сведчаць не толькі пра поспехі ў пытаннях імпартазамяшчэння, але і наглядна дэманструюць наша ўменне «выхоўваць сваіх дзяцей на каштоўнасцях міру і чалавечага жыцця»?

Не буду хаваць, мне б хацелася атрымаць афіцыйныя адказы на гэтыя пытанні.


Мы не самотныя ў сусвеце!

Было б дзіўна, калі б АП не закрануў тэму незалежнасці і суверэнітэту, якія «дарагога каштуюць». Адна з прычын дарагоўлі — наяўнасць па ўсім знешнім перыметры краіны тых, хто хацеў бы, «каб мы не дыхалі». Але не дачакаюцца. Краіну («свой імперыі асколак») мы захаваем.

Чым спароджаныя такія перажыванні, што шматкроць узмацняюцца ўзрослай палітычнай актыўнасцю беларусаў? Прапаную чытачам варыянт адказу фінансіста Андрэя Моўчана: «Ведаеце, гіпотэзы аб знешняй дэстабілізацыі ўнутранай абстаноўкі ў адсталых краінах з аўтарытарным праўленнем з’яўляюцца настолькі стопрацэнтна дамінуючымі ў элітах, што казаць пра тое, чаму яны паўсталі, напрыклад, цяпер у Беларусі, проста бессэнсоўна. Яны з’яўляюцца ў Беларусі менавіта таму, што там адсталая эканоміка і аўтарытарнае кіраванне. Гэта абсалютна неабходная і дастатковая ўмова для ўзнікнення такіх гіпотэз».

Пра якую канкурэнцыю за ўладу можа ісці гаворка, калі знешнія і ўнутраныя ворагі толькі і чакаюць моманту, каб пазбавіць беларусаў іх галоўнага дасягнення? І не варта гэтыя страхі тлумачыць чыёйсьці паранойяй. Расплюшчыце вочы. Азірніцеся вакол. І ў «нашай Расіі», і ў Венесуэле, і ў Конга — тыя ж праблемы. Не верыце? Дык пачытайце, пра што ўвесь час кажа былы кіроўца аўтобуса, а цяпер прэзідэнт Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Нікалас Мадура. Ужо хто-хто, а ён цудоўна ведае, што значыць «ісці ад жыцця»!

Не, мы не самотныя ў сусвеце. Краін з адсталымі эканомікамі і аўтарытарнымі палітычнымі сістэмамі — у свеце большасць, такім чынам, за імі праўда! Аднак не ўсё так безнадзейна. Рух убок ад гэтай праўды ў бягучым годзе намеціўся. Але гэта не яго канец ці пачатак канца, гэта канец пачатку.