Азбука паліталогіі: Хто спарадзіў, той і павінен забіць

Адзіны палітык рэдка прызнаецца ва ўласным бяссіллі. Адзінае тлумачэнне — маштаб праблемы, які даўно перасягнуў межы Беларусі.

Чалавек, які паталагічна не здольны адказваць за зробленае, усё тое негатыўнае, што адбываецца ў зоне яго адказнасці, будзе тлумачыць знешнімі абставінамі. Лялькаводы для такога чалавека — дарунак нябёсаў. Іх галоўная вартасць палягае ва ўніверсальнасці. Што б ні пайшло не так у палітыцы, эканоміцы або на побытавым узроўні, тлумачэнне заўсёды знойдзецца.

Для любой улады каляровая рэвалюцыя — гэта заўсёды не так. Але перш, чым паспрабаваць даць ацэнку гэтай з’яве, працытую расійскага эканаміста Вячаслава Іназемцава: «На працягу апошняй чвэрці стагоддзя практычна ўсе масавыя пратэсты ў посткамуністычных краінах пачыналіся на глебе электаральных фальсіфікацый (выдзелена. — С.Н.), а фатальнай памылкай уладаў аказвалася дапушчэнне хоць бы адносна свабодных выбараў (як у Сербіі ў 2000 годзе, у Грузіі ў 2003-м, Украіне ў 2004-м і нават у Беларусі ў 2020 годзе, дзе ўлады ўсё ж такі дапусцілі рэгістрацыю Святланы Ціханоўскай). Правалам часта заканчваліся і спробы “перафарматаваць” тыя ці іншыя ўладныя інстытуты (як гэта здарылася ў Малдове ў 2009 годзе і ў Арменіі ў 2018-м)».

Прапаную сканцэнтравацца на выдзеленай частцы цытаты. Стаўленне да выбараў — раздарожжа. Ад таго, прызнае чалавек вынікі выбараў сфальсіфікаванымі ці не, залежаць ацэнкі ўсіх наступных падзей.

Афіцыйныя прадстаўнікі дзяржавы для народа масавыя пратэставыя выступленні (каляровыя рэвалюцыі) тлумачаць актыўнасцю лялькаводаў. Згадаем словы праўладнага палітолага і філосафа Аляксея Дзерманта: «Супраць нас працуе сур’ёзная міжнародная каманда прафесіяналаў. Дастаткова выразна прасочваецца план дзеянняў. Глядзіце, колькі было варыянтаў — іх не падрыхтуеш за пару дзён. Усё гэта рабілася загадзя і старанна. Магчыма, з дапамогай матэматычнага мадэлявання».

Канструяваць сказы з выкарыстаннем фразеалагізму «матэматычнае мадэляванне» дадзена не кожнаму.

Маркс супраць Дзерманта або Дзермант супраць Маркса

Маркс да каляровых рэвалюцый не дажыў. Ён абмежаваўся апісаннем буржуазных рэвалюцый. У прадмове да «Крытыкі палітычнай эканоміі» чытаем: «На вядомай прыступцы свайго развіцця матэрыяльныя прадукцыйныя сілы грамадства прыходзяць у супярэчнасць з існуючымі вытворчымі адносінамі... З формаў развіцця прадукцыйных сіл гэтыя адносіны ператвараюцца ў іх кайданы. Тады надыходзіць эпоха сацыяльнай рэвалюцыі».

Чым рэвалюцыі паводле Маркса адрозніваюцца ад рэвалюцый паводле Дзерманта? У першым выпадку, рэвалюцыі — вынік назапашаных аб’ектыўных супярэчнасцяў, вырашыць якіх немагчыма ва ўмовах нягнуткіх (пераўтвораных у кайданы) вытворчых адносін. Адсюль вызначэнне рэвалюцыі як лакаматыву гісторыі — таму што іншага інструмента, каб зламаць кайданы, у распараджэнні дабуржуазных грамадстваў папросту не было.
З пераходам ад жорсткіх манархічных канструкцый да грамадстваў буржуазных такі інструмент — усеагульныя выбары — з’явіўся. Ён і дазволіў у аператыўным рэжыме карэктаваць вытворчыя адносіны. Менавіта выбары, а не вычарпанне міфічнага ліміту, і падвялі рысу пад эпохай рэвалюцый у Еўропе.

На жаль, сацыяльныя інавацыі новага часу толькі крыху закранулі Расійскую імперыю. Спроба ў лютым 1917 года адмяніць саслоўі, без чаго немагчыма роўнасць усіх грамадзян перад законам, была рашуча спыненая бальшавікамі. Праз 73 гады на постсавецкай прасторы ніхто, акрамя прыбалтаў, так і не здолеў сур’ёзна прасунуцца ў вырашэнні задач буржуазных рэвалюцый.

Тое, што мы маем сёння, — адна вялікая імітацыя. Праблемы, з якімі сутыкаліся імітатары ў эпоху тэлебачання, аказаліся кветачкамі ў параўнанні з цяперашнімі ягадкамі. Час не пацвердзіў мары культавага героя савецкага фільма «Масква слязам не верыць», які сцвярджаў, што ў будучыні застанецца «адно суцэльнае тэлебачанне». Сёння на гэту ролю здольны прэтэндаваць толькі інтэрнэт, галоўнай вартасцю / недахопам якога з’яўляецца слабая падкантрольнасць дзяржаве.

Адсюль — Дзермант ды дзерманты меншага калібру. Адсюль рашучая адмова аналізаваць сацыяльную рэальнасць. Навошта напружвацца, калі ўсялякую актыўнасць народных масаў можна растлумачыць мэтанакіраванай працай міжнародных каманд прафесіяналаў. Галоўнае, каб піпл пагадзіўся гэта спажываць.

Загадка пра ялінку

Але сучасны піпл, у адрозненне ад свайго архаічнага папярэдніка, не такі маналітны, як таго хацелася б лялькаводам мясцовага разліву. Звернемся да апытання, праведзенага ў лістападзе-снежні Цэнтрам усходніх даследаванняў (Польшча). Пазітыўна і хутчэй пазітыўна ацанілі адзінага палітыка (АП) 27,2% і 13,6% (40,8%), негатыўна і хутчэй негатыўна — 33,4% і 12,3% (45,7%).

Пры такіх суадносінах цяжка прэтэндаваць на падтрымку 6 мільёнаў, асабліва калі ўлічыць, што агульная колькасць выбаршчыкаў у Беларусі складае 6,9 мільёна, аднак не варта забываць пра дапамогу з боку спецыялістаў па матэматычным мадэляванні. Такія ёсць і ў родным ЦВК. Але ім для гэтага мець дыплом матэматычнага факультэта БДУ не абавязкова.

Нішто так не характарызуе беларускую стабільнасць, як узровень электаральнай падтрымкі АП, зафіксаваны ЦВК пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай: 2020 г. — 80,1%, 2015 г. — 83,47%, 2010 г. — 79,65%, 2006 г. — 82,96%, 2001 г. — 75,65%. У 1994 годзе, гэта значыць у электаральную эру без Ярмошынай, будучага трыумфатара ў першым туры падтрымалі толькі 44,82% выбаршчыкаў (і 80,34% ад тых, хто прагаласаваў, — у другім).

Тут напрошваецца аналогія з дзіцячай загадкай пра ялінку, чый колер ад пары года не залежыць. Усё роўна, ці растуць рэальны даходы беларусаў (2006) ці зніжаюцца (2015), на ўзроўні электаральнай падтрымкі гэта ніяк не адбіваецца. Што ўжо тады казаць пра такія тонкасці, як структура занятасці насельніцтва. У 2000 годзе ў сельскай гаспадарцы, напрыклад, працавала 15,2% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, у той час як у 2019 годзе — 8,7%.

Чакаем

Але якія б лічбы ні дэманстраваў ЦВК, цалкам ігнараваць сучаснасць не атрымліваецца. Адсюль — павышэнне ўвагі да моладзі. Паколькі ў нас адсутнічае ўласнабеларуская сацыялогіі, прывядзем аналагічныя расійскія лічбы: 66% «пратэстуноў», якія адгукнуліся на заклік Навальнага, — людзі да 35 гадоў. «Таму што менавіта гэтыя катэгорыі, — тлумачыць дырэктар Лявада-цэнтра сацыёлаг Леў Гудкоў, — сядзяць у сацыяльных сетках. Яны таксама глядзяць тэлевізар, але значна менш, па-іншаму. Якраз не тыя праграмы, не прапагандысцкія праграмы. Таму ў іх іншыя каналы інфармацыі, іншыя інтэрпрэтацыі, іншыя пункты гледжання. Адпаведна, разнастайнасць інтэрпрэтацый».

Сваімі страхамі перад сацыяльнымі сеткамі АП падзяліўся са студэнтамі БДУ 29 студзеня: «...той, хто спарадзіў гэтага змея і выпусціў з бутэлькі, той і павінен гэты працэс (цэнзуры ў інтэрнэце. — С.Н.) пачынаць. Мы наогул гэта зрабіць не зможам. Калі мы закрыем адзін кірунак, у нас вылезе ў іншым».

АП рэдка публічна прызнаецца ва ўласным бяссіллі. Адзінае тлумачэнне — маштаб праблемы, якая даўно перасягнула межы рэспублікі-партызанкі: «Дзякуючы сацыяльным сеткам і месенджарам, мы можам цяпер спарадзіць планетарную рэвалюцыю. Вы бачыце, што сёння ва ўсіх краінах адбываюцца падобныя падзеі, якія кіруюцца праз гэтыя сеткі і не з месца. Як у нас было: усё кіравалася з тэрыторыі Польшчы і Літвы. Таму так, мы на парозе прыняцця гэтых рашэнняў. Але яны павінны зыходзіць ад моцных гэтага свету».

Чакаем. Моцныя гэтага свету, адгукніцеся! У нас на парозе — планетарная рэвалюцыя! І не істотна, што ў Беларусі ліміт рэвалюцый вычарпаны. Донар еўрапейскай стабільнасці — не гумовы. І яго магчымасці эвалюцыянаваць у ганарлівай адзіноце надзвычай абмежаваныя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: