Азбука паліталогіі: Пару слоў пра галоўнае

Пачынаць новае жыццё прасцей за ўсё з 1 студзеня: прачнуўся, зрабіў зарадку, прыняў кантрасны душ і... перагарнуў старонку мінулага. І як пасля гэтага не абвясціць 2021-ы Годам народнага адзінства?


Яшчэ жывы класік неяк адзначыў, «што ідэя, кінутая ў масы, — гэта дзеўка, кінутая ў полк». Справядлівасць такога неардынарнага параўнання пацвярджае пошукавік газеты «СБ. Беларусь сегодня», якая апублікавала за першыя сем дзён 2021 года 15 артыкулаў з абгрунтаваннем актуальнасці і своечасовасці чарговай палітычнай інавацыі.

Сярод аўтараў — Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Яму я і даю слова: «Крызіс, які мы перажылі ў 2020 г., патрабуе сур’ёзнага асэнсавання, а нашаму грамадству неабходна нацыянальнае прымірэнне. Таму цяпер такая важная ідэя пра год народнага адзінства».

Свае надзеі Гігін ускладае на Усебеларускі народны сход. Сам факт яго склікання «ў адказны гістарычны момант» — надзвычай важны, бо «народнае адзінства, грамадскі мір і згода патрабуюць вялікай сумеснай працы» — як прыхільнікаў, так апанентаў адзінага палітыка (АП).

Вось такі ў БДУ дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук! Насуперак афіцыйнай ідэалогіі, ён уключае ў паняцце «народ» не толькі патрыётаў-дзяржаўнікаў, але і «пратэстуноў»! Калі б я ўжываў алкаголь, паспрачаўся б на скрыню каньяку, што ніводнага апанента АП сярод дэлегатаў маючага адбыцца «народнага веча» не будзе.

Мы будавалі, будавалі…

Новае жыццё варта пачынаць не толькі з кантраснага душа і зарадкі, але і з рэальнай ацэнкі дасягнутых вынікаў. Як, напрыклад, гэта зрабіў 6 студзеня таварыш Кім Чэн Ын у вітальнай прамове на з’ездзе Працоўнай партыі Карэі: «Задачы развіцця нашай гаспадаркі, што былі пастаўленыя ў цяперашнім пяцігадовым плане, мы не дасягнулі практычна ні на адным кірунку».

Далей яшчэ цікавей: «Мы павінны смела прызнаць свае недахопы і выпрацаваць новую палітыку. Барацьба за аднаўленне і развіццё нашай краіны і шчасце народа ўступае ў новы этап».

Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, нагадаю, была ўтвораная ў верасні 1948 года — і вось ужо восьмы дзясятак гадоў яна ідзе сваім шляхам пад кіраўніцтвам бацькі, сына і ўнука з сямейства Кімаў. Важным вынікам паўночнакарэйскай самабытнасці стала прызнанне ўнука пра неабходнасць... аднаўлення краіны. Мы будавалі, будавалі — і нарэшце пабудавалі тое, што мае патрэбу ў аднаўленні!

Галоўнаму архітэктару беларускай мадэлі да падобнага прызнання яшчэ далёка. Пра тое, што патрэбна новая палітыка, ён не выказваецца — ва ўсялякім разе, публічна. Зрэшты, за 26 апошніх гадоў наш адзіны палітык і ў схільнасці прызнаваць недахопы сваёй працы заўважаны не быў.

Адкрываю перадвыбарчую праграму ўзору 2015 года. І тут амаль кожны абзац варты таго, каб быць працытаваным. Абмяжуюся адным, абраным выпадкова: «Усе пералічаныя меры ў сукупнасці забяспечаць нашай краіне новы эканамічны прарыў за кошт спалучэння эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, прыватнай ініцыятывы і добрасумленнай працы нашых людзей».

А што па факце? Сярэднегадавы індэкс валавога ўнутранага прадукту за пяць гадоў склаў 100,7%! Гэта многа ці мала? Пытанне філасофскае. Нашы тэмпы эканамічнага росту саступалі сусветным амаль у пяць разоў. Гэта многа ці мала? Яшчэ адно філасофскае пытанне…

На новы эканамічны прарыў у 100,7% прэтэндаваць, быццам бы, шанцаў няма. Але хто сказаў, што нашы тэмпы росту варта параўноўваць з сусветнымі? А давайце параўнаем нашы з нашымі — і ў якасці прыкладу для параўнання звернемся да «ліхіх 90-х».

За перыяд засілля нацыяналістаў ва ўладзе (1991–1995) сярэднегадавы індэкс ВУП склаў 91,9%. Адчуваеце розніцу? Пры нацыяналістах эканоміка падала. Пры АП яна расце. Вось толькі не зусім зразумела, пры чым тут АП. Але ці ёсць сэнс тлуміць сабе галаву з такой нязначнай нагоды?

Каханую не аддаюць

Яшчэ адно выказванне АП: «Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэтае пытанне. Толькі выбары. Я гэта кажу, як бы камусьці не падабалася».

Адкуль такія асцярогі наконт «падабаецца» / «не падабаецца»? Сярод маіх знаёмых, напрыклад, няма ні аднаго, каму б не падабаліся выбары. Але адначасова я не ведаю нікога, каму б пасля 1996 года пашчасціла прыняць удзел у «выбарах».

Праілюструю гэты парадокс на ўласным прыкладзе. За два тыдні да 9 жніўня я накіраваў у Лявада-цэнтр артыкул «Беларусь накануне шестого переутверждения Лукашенко». Уяўляеце ўзровень майго прадбачання!? За два тыдні! Яшчэ і папярэдняе галасаванне не пачалося, а я — наваяўлены нікому не вядомы Настрадамус, — у самы аўтарытэтны сацыялагічны часопіс «нашай Расіі» накіраваў артыкул пра перапрызначэнне нашага АП. І вы не паверыце — мой артыкул прынялі.

Выбары — гэта амаль заўсёды латарэя. Хто ў Амерыцы — і не за два тыдні да пачатку галасавання, а за гадзіну да закрыцця выбарчых участкаў — узяўся б прадказаць іх вынік? Гаворка, зразумела, не пра дылетантаў, а пра сур’ёзных экспертаў.

Выбары — амаль заўсёды латарэя. Божы дар, аднак, не варта блытаць з яечняй. Патлумачыць розніцу я паспрабую з дапамогай палітолага Рыгора Голасава: «У электаральных аўтарытарызмах некаторыя элементы ліберальнай дэмакратыі (парламент, партыі і выбары) выкарыстоўваюцца не па прамым прызначэнні — для змены ўлады, а зусім наадварот — для таго, каб гэту змену ўлады выключыць».

Каханую не аддаюць. «Хто мае вушы, хай пачуе» (Мф.13:15.). Спасылкі на сапраўднае размеркаванне галасоў тут недарэчныя, бо што ёсць ісціна?

Аднак, калі грэбаванне размеркаваннем галасоў заходзіць занадта далёка, то ўзнікаюць праблемы з тым, што ў паліталогіі прынята называць «легітымнасцю».

Пра дэфіцыт разумення

Легітымнасць — згода грамадства на падпарадкаванне існуючай эліце і ўладзе. Прынцыпы легітымнасці могуць мець вытокі ў старажытных традыцыях, рэвалюцыйнай харызме або ў дзеючым заканадаўстве.

Казаць пра старажытныя традыцыі сёння не даводзіцца. З рэвалюцыйнай харызмай не ўсё так адназначна. Аўтар мема «ліміт рэвалюцый у Беларусі вычарпаны» ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады на рэвалюцыйнай хвалі. Харызмай — у адрозненне ад большасці сваіх супернікаў — ён, безумоўна, валодаў.

Але падтрымліваць легітымнасць выключна за кошт харызмы — задача архіскладаная, тым больш у грамадстве, у якім ад любові да нянавісці адзін крок. Адна справа, калі эканоміка дадае больш за 7% у год, і зусім іншае — калі нават штатным спецыялістам патрэбная цэйсаўская оптыка для фіксацыі поспехаў. У апошнім выпадку аказацца ў становішчы Акелы, які прамахнуўся, — толькі пытанне часу.

Легітымнасць — згода грамадства на падпарадкаванне існуючай эліце і ўладзе. Калі яна ёсць у наяўнасці — звяртацца па дапамогу да сілавікоў, каб ўтрымаць уладу, патрэбы не будзе. Пацверджанне гэтай азбукавай паліталагічнай ісціны пасля 9 жніўня беларусы маюць магчымасць назіраць практычна штодня.

З той жа оперы — шматлікія страшылкі. Апошняя (на момант напісання гэтага тэксту) была агучаная ў храме Узвышэння Святога Крыжа 7 студзеня: «Нам спакойнага жыцця не дадуць. Нам свабодна дыхаць ніхто не дазволіць, у цэнтры Еўропы. Гэта сутычка. І не дай Бог яна ператворыцца ў гарачую вайну на гэтай нашай тэрыторыі, але дзе не будуць вырашацца нашы пытанні, дзе не будзе нашых інтарэсаў. Вось гэтага дапусціць нельга. Гэта — галоўнае. І я вас прашу пра адно: каб з вашага боку было разуменне».

З апошнім сказам цяжка не пагадзіцца. Разуменне — гэта якраз тое, што сёння ў дэфіцыце. На яго пераадоленне і накіроўвае свае намаганні аўтар «Азбукі паліталогіі».

***
Пры ўсёй своеасаблівасці беларускай мадэлі, яна фарміруецца не без уплыву мэйнстрыму, што, у прыватнасці, выяўляецца ў тым, што расце попыт на легітымнасць, заснаваную на выкананні законаў, на працэдурах, прапісаных у Канстытуцыі.

Маладое пакаленне цяпер не захапіць ідэяй «дзяржавай для народа». Яны яе ўспрымаюць у якасці сучаснага варыянту пацёмкінскай вёскі. Маладое пакаленне 9 жніўня прад’явіла попыт на «дзяржаву народа», у якой народ з’яўляецца не аб’ектам маніпуляцый, а паўнавартасным суб’ектам палітыкі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: