Азбука паліталогіі: Пра патрыятызм і кішэчных паразітаў

Беларуская палітыка — дакладней, тое, што на афіцыйным узроўні лічыцца ў нас палітыкай, — не здольная функцыянаваць у канкурэнтным асяроддзі. Адзінства, адзінства і яшчэ раз адзінства! Адзінства ў грамадстве. Адзінства ў эліце. І — як найвышэйшая праява нацыянальнай своеасаблівасці — суцэльнае згуртаванне ўсіх, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, вакол фігуры «моцнага лідара».

apladysmenty_1_logo.gif


Вынікам згуртавання з’яўляецца ўнікальны сацыяльны атам, ён жа Беларуская мадэль. Тым, хто забыў школьны курс хіміі, нагадаю: звыклае нам слова «атам» у перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы азначае «непадзельны», «той, які нельга разрэзаць».
Праз адсутнасць канкурэнцыі ў беларускую эліту рэкрутуецца асаблівы сацыякультурны тып чалавека (пад «элітай» аўтар разумее не лепшых, а тых, хто надзелены правам прымаць канкрэтныя рашэнні). Здольнасць, адчуўшы на сабе позірк начальніка, ускокваць і заміраць слупком, нібы суслікік, з’яўляецца своеасаблівым пропускам у айчынную «эліту».
Чалавек-суслік (чалавек іерархічны — паводле тэрміналогіі сацыёлагаў «Лявада-цэнтра») не заклапочаны абгрунтаваннем уласных меркаванняў. Падобна прапаршчыку са старога анекдота, ён не думае. Ён атрымлівае каманды — і трасе, і пры гэтым часам прамаўляе тое, што лепей было б схаваць.

Спуску не будзе

Звярнуся па дапамогу да Вікіпедыі: «Нацыянальныя інтарэсы — аб’ектыўна значныя мэты і задачы нацыянальнай дзяржавы як цэлага. Уяўляюць сабой разнавіднасць палітычных інтарэсаў».
Прапаную ўважліва перачытаць вызначэнне. Нацыянальныя інтарэсы — разнавіднасць палітычных інтарэсаў. Але ў соцыуме, сканструяваным паводле прынцыпу атама, не можа быць палітычных інтарэсаў. Іх месца займае асабісты інтарэс лідара, дакладней, кіруючага клана, які штатнымі прапагандыстамі і выдаецца за нацыянальныя інтарэсы.
Але часам здараюцца праколы, і замест нацыянальных інтарэсаў нам з самых высокіх трыбун кажуць пра інтарэсы дзяржавы, г.зн. інтарэсы бюракратыі, аб’яднанай ва ўладную «вертыкаль».
Дамо слова адзінаму палітыку (АП): «...у бізнесе і вытворчасці — адны законы і парадкі. А ў палітыцы — іншыя законы. < ... > Бізнесмены, пачынайце працаваць на дзяржаву. Спуску вам не будзе, калі вы адступіцеся ад гэтай лініі. Я буду ад вас патрабаваць гэтага, пакуль буду ў гэтым крэсле. Нікога не запалохваю, але будзем працаваць на роўных умовах».
Сарваўся чалавек. Пагарачыўся. Працаваць на дзяржаву! А чаму не на грамадства, не на сябе і сваіх сямейнікаў?
Як тут ні прыгадаць заснавальніка сучаснай эканамічнай тэорыі Адама Сміта (1723–1790), які ў «Багацці народаў» адзначаў: «Не з ласкі мясніка, півавара або булачніка мы чакаем атрымаць свой абед, а ад дбання імі пра свае ўласныя інтарэсы (вылучана. — С. Н.). Мы звяртаемся не да іх гуманнасці, а да іх эгаізму, і ніколі не гаворым ім пра нашы патрэбы, а толькі пра іх выгады...»
Персанажы «Багацця народаў», заклапочаныя ўласнымі праблемамі, тым не менш працавалі на агульны дабрабыт. Ролю каардынатара паміж асабістым і грамадскім пры гэтым выконвала «нябачная рука рынку». Але ў беларускай мадэлі ўжо ў момант яе стварэння «нябачнай руцэ» надавалі па руках. Але ў тым Беларуская мадэль і палягае — гэта і было пацверджана на VI Усебеларускім народным сходзе.
Спуску беларускім мяснікам, піваварам і булачнікам не будзе. Хто б сумняваўся! Але гісторыя вучыць: калі прыватніка прымушаць кіравацца ў першую чаргу дзяржаўнымі інтарэсамі, а не асабістымі, то з часам не будзе ні мяса, ні піва, ні булак. Нездарма ў старадаўнім рускім горадзе Кастраме, у якім аўтару «Азбукі паліталогіі» пашчасціла нарадзіцца, да перабудовы не было ні мясных, ні малочных аддзелаў у крамах.

Ад прыбытку да страт

Булачнік, заклапочаны асабістым дабрабытам, памнажае грамадскі дабрабыт і карысць. Чыноўнік, заклапочаны асабістым дабрабытам, наадварот, зніжае яго. У Беларусі нескладана разгледзець абедзве тэндэнцыі. Але якая з іх дамінуе? Адказаць на гэтае пытанне нам дапаможа афіцыйная статыстыка, якая штомесяц публікуецца Нацыянальным статыстычным камітэтам.
Сума чыстых страт стратных арганізацый у 2020 годзе склала 6,1 мільярда рублёў і павялічылася адносна 2019 года ў 3,5 разы! Чысты ж прыбытак прыбытковых арганізацый, наадварот, скараціўся на 57,4% — да 6,1 мільярда рублёў. Іншымі словамі, Беларуская мадэль у цэлым спрацавала ў мінус, што не перашкодзіла яе прыхільнікам сабрацца разам у Палацы Рэспублікі і ў чарговы раз ухваліць адзіна правільны курс. Балазе, савецкі досвед бурных і працяглых апладысментаў у нас яшчэ да канца не згублены.
«У навуковым метадзе, — адзначаў у сваёй працы «Эпоха перамен» сацыяльна чужы Беларускай мадэлі амерыканскі фінансіст і філантроп Джордж Сорас, — ісціна важнейшая за ўсё. Навуковая тэорыя ўяўляе каштоўнасць, толькі калі яна дакладная. У палітыцы і іншых сферах грамадскага жыцця справы ідуць інакш, і ілжывыя ідэі могуць аказацца пануючымі. Што тады важнейшае: шукаць ісціну або дамінаваць?»
Цяжкасцей з пошукам адказу на пытанне фінансіста і філантропа ў бацькоў беларускай мадэлі не ўзнікае. Створаная пад іх кіраўніцтвам мадэль — гэта мадэль нічым не абмежаванага дамінавання невялікай і досыць згуртаванай групы «дапушчаных да дзяржаўнага стала».
Такі тып панавання мае патрэбу ў ідэалогіі, што навіной для беларусаў не з’яўляецца. Зноў працытую Сораса: «Ідэалогія, стаўшы пануючай, можа выгнаць страшныя прывіды няўпэўненасці і дэфіцыту мэт, усяліць у людзей пачуццё гонару і задаволенасці. Аднак закрытыя грамадствы імкнуцца да жорсткага кантролю слоў, думак і звяртаюцца да розных форм рэпрэсій, каб навязаць грамадзянам сваю версію грамадскіх інтарэсаў, якія ставяцца вышэй за асабістыя».

Не ўсё так безнадзейна

Сярод найбольш паспяховых ідэалогій у XX стагоддзі (калі лічыць па колькасці прыхільнікаў) варта прызнаць камуністычную, нацысцкую і фашысцкую. Усе яны прэтэндавалі на валоданне ісцінай у апошняй інстанцыі. Але паколькі канчатковых ісцін у гуманітарнай сферы не існуе, бацькі ўсіх трох ідэалогій вымушаныя былі з дапамогай прапаганды замяняць рэальнасць на віртуальныя сурагаты.
Ідэалогія — гэта сродак успрымання інфармацыі. Калі чалавеку з раніцы да вечара гаварыць, што ён свіння, то ён зарохкае. Калі палохаць знешнімі ворагамі, для якіх незалежнасць і суверэнітэт Беларусі нібы костка ў горле, то ён пачне ў гэтыя жахі верыць.
Попыт на ідэалогію ўзрастае ва ўмовах сацыяльнай турбулентнасці. Першая сусветная вайна і стала трыгерам, які запусціў у Еўропе працэс фарміравання ідэалогій.
Здавалася б, у рэспубліцы-партызанцы, якая прэтэндуе на ролю донара еўрапейскай стабільнасці, патрэба ў ідэалогіі не можа сфарміравацца па вызначэнні. Аднак пачынаючы з вясны 2003 года задача па распрацоўцы дзяржаўнай ідэалогіі была ўключаная ў шэраг прыярытэтных. Варта звярнуць увагу на прыметнік «дзяржаўная». Ён не выглядае чужародным у дзяржаве, якае прэтэндуе на наяўнасць уласных інтарэсаў.Але інтарэсы беларускай дзяржавы палягаюць у дамінаванні. З базавымі інтарэсамі народа яны не звязаныя. Народ — толькі сродак для ўзбагачэння тых, хто хаваецца за слоганам «дзяржава для народа». Па факце ж мы маем не дзяржаву для народа, а народ для дзяржавы.
Акрамя здольнасці заміраць, нібы суслік, слупком, абавязковай умовай для знаходжання сярод «дапушчаных да дзяржаўнага стала» з’яўляецца патрыятызм — зразумела, патрыятызм дзяржаўны. І вось ужо ў часопісе Інстытута сацыялогіі НАН РБ чытаем пра захаванне «пачуцця дзяржаўнага патрыятызму» ва ўмовах «масіраванай інфармацыйнай агрэсіі». Бывай, Радзіма! Добры дзень, дзяржава!
Але як дасціпна заўважыў філосаф Барыс Кашнікаў: «З такім жа поспехам кішэчнага паразіта можна лічыць патрыётам унутраных органаў».
***Па меры фарміравання дзяржавы для народа колькасць яе ўнутраных органаў узрастае. Адпаведна, расце і попыт на носьбітаў дзяржаўнага патрыятызму. Але не ўсё так безнадзейна: 2020 год прадэманстраваў, што адмова дзяржаве ў падтрымцы выдатна спалучаецца з любоўю да Радзімы.