Азбука паліталогіі: Прыгоды 35-га артыкула Канстытуцыі ў Беларусі

Чалавек, які не валодае глыбокімі ведамі, падганяе сваю «карціну свету» пад любую свежую інфармацыю.

Асаблівым попытам карыстаецца разнастайная алармісцкая інфармацыя, здольная стаць аналагам майскага жука, які ўдарыў Нязнайку па патыліцы. Нагадаю, у карантышак з Кветкавага горада гэта падзея ледзь не спарадзіла ўсеагульную паніку:

«— Браткі, ратуйся! Кавалак ляціць!
— Які кавалак? — пытаюцца Нязнайку.
— Кавалак, браткі! Ад сонца адарваўся кавалак. Хутка пляснецца — і ўсім будзе канец. Ведаеце, якое Сонца? Яно большае за ўсю нашу Зямлю!»

Цікавая дынаміка

Але годзе настальгаваць па басаногім дзяцінстве. Прапаную са свету карантышак вярнуцца ў беларускую рэальнасць з дапамогай 35-га артыкула Канстытуцыі: «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуюцца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам».

Гарантуюцца ДЗЯР-ЖА-ВАЙ. Гэта для тых, хто з першага разу не зразумеў. Сярод чытачоў НЧ такіх, спадзяюся, адзінкі. Таму няма сэнсу тлумачыць, што ў кожнага грамадзяніна, не схільнага біць вітрыны, не павінна паўстаць праблем з рэалізацыяй жадання сабрацца і памітынгаваць. Было б жаданне.
На жаль, у сям’і не без вырадка, пра што сведчыць адна разбітая вітрына мінулым летам у Мінску. Але выключэнні на тое і існуюць, каб пацвярджаць агульныя правілы.

Мітынгі прынята падзяляць на законныя і незаконныя, санкцыянаваныя і несанкцыянаваныя. Гэта ў тэорыі. Што тычыцца практыкі, то наяўнасць артыкула 35-га ставіць крыж на арганізацыі незаконных і несанкцыянаваных мітынгаў у Беларусі. Хочаце памітынгаваць ці знемагаеце ад жадання пастаяць у пікеце? Няма праблем. Такога кшталту жаданні ў Рэспубліцы Беларусь гарантуюцца ДЗЯР-ЖА-ВАЙ! Мітынгуй! Пікетуй!

Але вось парадокс. Насуперак дзяржаўным гарантыям, колькасць незаконных і несанкцыянаваных мітынгаў у краіне расце. Гэта сцвярджэнне лёгка пацвердзіць з дапамогай пошукавіка газеты «СБ. Беларусь сегодня» (глядзі табліцу).


Цікавая дынаміка, пагадзіцеся. За перыяд з 2001 па 2019 гады сярэднегадавая колькасць артыкулаў, якія змяшчаюць шуканыя фразеалагізмы, не дацягвала і да трох. «Норма» была перакрытая больш чым у два разы ў першай палове 2020 года, у другой палове — нібы з ланцуга сарвалася... За апошнюю палову 2020-га несанкцыянаваных мітынгаў здарылася ў два разы больш, чым за папярэднія два дзесяцігоддзі! І гэта ў год, які прайшоў пад знакам малой радзімы!

Чым растлумачыць масавае нежаданне беларусаў скарыстацца гарантыямі дзяржавы? Зразумелага адказу на гэтае пытанне, калі абмежавацца ўнутранымі прычынамі, нікому яшчэ сфармуляваць не атрымалася. Аднак з пошукам знешніх прычын праблем не ўзнікае. ЛЯЛЬ-КА-ВО-ДЫ! ЛЯЛЬ-КА-ВО-ДЫ! Уся справа ў заходніх ЛЯЛЬ-КА-ВО-ДАХ, якія асвоілі метадычку амерыканскага ідэолага «каляровых рэвалюцый» Джына Шарпа «198 метадаў негвалтоўных дзеянняў».

Лепш позна, чым ніколі

Шарп да беларускага гарачага жніўня не дажыў (памёр у 2018 годзе ва ўзросце 90 гадоў). Шарп памёр, але справа яго жыве — і «каляровыя рэвалюцыі» працягваюць квітнець. У поўнай адпаведнасці з прыказкай «пасееш вецер, пажнеш буру», негвалтоўныя дзеянні ўсё часцей трансфармуюцца ў гвалтоўныя. Гісторыя са 150 пазадарожнікамі і буйнакалібернымі кулямётамі, агучаная прафесарам-патрыётам Станіславам Князевым, — гэта далёка не першая ластаўка і далёка не апошняя. Чаго-чаго, а сапраўдных патрыётаў у нас хапае. Памыляецца той, хто мяркуе, што на ўсіх патрыётаў пазадарожнікаў у Беларусі не хопіць.

Што не задавальняе лялькаводаў? Нашы поспехі. Спіс поспехаў заслужана ўзначальвае поспех у барацьбе з эпідэміяй COVID-19. Ён такі маштабны, што Белстат з лета 2020 года перастаў публікаваць даныя па смяротнасці. Тройчы мае рацыю Белстат. Навошта ствараць чарговую нагоду для раздражненняў у Гейропе. Прыгадаем Марка Твэна: «Няма нічога больш раздражняльнага, чым добры прыклад».

«Мы самая інтэрнацыянальная краіна, і наш беларускі народ па сваёй ментальнасці самы добры і інтэрнацыянальны». Аўтару «Азбукі паліталогіі» да такога ўзроўню абагульненняў не падняцца. Гэтакі ўзровень чытаннем кніг не забяспечыць. Ён ідзе ад жыцця. Ён або ёсць, або яго няма.

Самы добры і самы інтэрнацыянальны народ добрымі прыкладамі раздражняць суседзяў не стане. Ён падбярэ негатыўныя прыклады, а пры адсутнасці такіх — будзе імітаваць іх наяўнасць. Чаго толькі не зробіш дзеля суседзяў! Суседзяў не выбіраюць! Яны — ад Бога!

Тут міжволі прыгадваецца анекдот пра прэтэндэнта на пасаду намесніка дырэктара ў буйной фірме:

«— Ахарактарызуйце сябе.
— Я тугадум, ні ў чым не разбіраюся, у мяне ўсё з рук валіцца…
— Дык навошта вы мне патрэбны?
— А ўяўляеце, як вы будзеце глядзецца на маім фоне!»

Кнігу «Захад Еўропы» нямецкі публіцыст Освальд Шпэнглер апублікаваў у 1918 годзе, але за стагоддзе яна не страціла сваёй актуальнасці. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець навіны на любым дзяржаўным тэлеканале. А тут яшчэ Euronews. Добра, што адключылі. Запозненае рашэнне. Аднак лепш позна, чым ніколі.

Згодна з законамі бюракратыі

Намаганні заходніх лялькаводаў пазбаўленыя гістарычнай перспектывы. Але разуменне гэтага не адмяняе пільнасці ў рэжыме «тут і цяпер». Абагульнены Захад усё псаваў, псуе і будзе працягваць псаваць. Такая яго прырода.

Дам слова генеральнаму сакратару АДКБ Станіславу Засю: «Супраць асобных нашых дзяржаў разгорнутая маштабная інфармацыйная кампанія па падрыве стабільнасці і стварэнні пажыўнага асяроддзя для ўзнікнення канфліктных сітуацый паміж уладнымі структурамі і дэструктыўнымі апазіцыйнымі групоўкамі, якія імкнуцца ва ўладу. Шырока прымяняюцца для змены палітычнага курсу ўдасканаленыя методыкі “каляровых рэвалюцый” і “гібрыдных войнаў”».

Абрэвіятура АДКБ, калі хто забыўся, расшыфроўваецца як «Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы». Абавязковай умовай прыёму ў арганізацыю з’яўляецца наяўнасць у краіне дэструктыўнай апазіцыі. Адрозніць дэструктыўную апазіцыю ад канструктыўнай нескладана: першая — у адрозненне ад другой — імкнецца ва ўладу. Другім улада і дарма не патрэбная. Другая корміцца не з крытыкі ўлады, а з апявання яе дасягненняў.

Падставы для хваласпеваў заўсёды пад рукой. «Прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць». З Оскарам Уайльдам не паспрачаешся. Але тое самае можна сказаць і пра пачварнасць. Для ілюстрацыі апошняга сцвярджэння прывяду выказванне расійскага публіцыста Івана Давыдава: «Крыміналізацыя (прыраўноўванне да крымінальнага злачынства) канстытуцыйнага права збірацца мірна без зброі з’яўляецца найважнейшай прыкметай дыктатуры, якія адрознівае яе ад мяккага (канкурэнтнага) аўтарытарнага рэжыму».

Апошнія інавацыі ў пытаннях узмацнення жорсткасці адказнасці за грэблівае стаўленне да правоў, гарантаваных 35-м артыкулам Канстытуцыі, прынята тлумачыць рэакцыяй «дзяржавы для народа» на масавыя пратэсты лета-восені 2020 года. З такім тлумачэннем цяжка не пагадзіцца. Аднак ні адно тлумачэнне не можа быць поўным.

«Сілавы блок у краінах з размеркавальнай эканомікай, — тлумачыць фінансіст Андрэй Моўчан, — першапачаткова развіваецца для ажыццяўлення абароны ўлады. < ... > Па законах бюракратыі, ён досыць хутка пачынае гуляць сваю гульню — займаючы ўсё большую “долю рынку” рэсурсаў, прадаючы “наверх” сваю важнасць шляхам нагнятання абстаноўкі і забяспечваючы сабе “кармавую базу” шляхам пабудовы прасторы без закона — гэта значыць, развіваючы рэпрэсіўную сістэму. Спыніць гэты працэс вельмі цяжка, ды ўладзе гэта і не трэба; яе задача вырашаецца, а астатняе — выдаткі».

***
Пачварнасць, паклёп і іншы негатыў — у вачах таго, хто глядзіць. Вось ужо хутка год, як Моўчан жыве з сям’ёй у сталіцы краіны, прадстаўніца якой працягвае нам усё псаваць, прычым псаваць прафесійна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: