Азбука паліталогіі: Словы на асфальце

Што гэта было? Аптымісты сцвярджаюць, што ўсе мы сталі сведкамі, а многія і ўдзельнікамі, РЭ-ВА-ЛЮ-ЦЫІ. Для аптымістаў жа ў квадраце мінулы час у пытанні недарэчны. Чаму было? Рэвалюцыя працягваецца, бо яна — не падзея, а працэс, старт якому быў дадзены летам 2020 года.

saldatiki_1.gif


Колькі людзей — столькі меркаванняў. Адзін з падыходаў да трактоўкі паняцця «рэвалюцыя» адлюстраваны і ў Вікіпедыі: «Рэвалюцыя (ад позднелацінска revolutio — паварот, пераварот, ператварэнне) — радыкальнае, карэннае, глыбокае, якаснае змяненне, скачок у развіцці грамадства, прыроды або пазнання, што спалучаецца з адкрытым разрывам з папярэднім станам».
У вызначэнні нічога не сказана пра барацьбу за ўладу. Ленін бы такое вызначэнне не прыняў. Не прымае яго і адзіны палітык (АП). У яго — свая логіка. Яе паслядоўнае развіццё можна смела лічыць адным з важных дасягненняў афіцыйнай навуковай думкі ў 2020-м годзе.
Абмяжуюся адным прыкладам: «Мы адназначна ацэньваем падзеі, якія адбываюцца пасля выбараў у краіне, як спробу неканстытуцыйнага перавароту па лякалах, як гаворыцца цяпер, каляровых рэвалюцый. Ніякай рэвалюцыяй тут не пахне, таму што проста няма рэвалюцыянераў у краіне».
Выдатна! Чытаю і перачытваю. У чым розніца паміж проста «рэвалюцыяй» і «каляровай рэвалюцыяй»? Для першай патрэбныя рэвалюцыянеры — свае рэвалюцыянеры, спароджаныя аб’ектыўнымі палітычнымі, сацыяльнымі і эканамічнымі ўмовамі. Сваімі ўмовамі. Але дзе вы такія ўмовы бачылі ў дзяржаве для народа?
У якасці рухаючай сілы каляровых рэвалюцый выступае знешні фактар. За словамі знешніх зайздроснікаў наконт дэмакратыі і правоў чалавека хаваецца банальнае імкненне «прыбраць канкурэнтаў, разбурыўшы наш прамысловы патэнцыял». Няма нічога дзіўнага ў тым, што «асабліва дбаюць, хто ў постсавецкі час сам разбурыў свае вытворчасці».
Але зайздроснікі-лялькаводы не заспелі нас знянацку. Іх сапраўдныя намеры былі своечасова выяўленыя «залатымі пёрамі» беларускай журналістыкі.
* На 01.12.2020
Адзін з галоўных вынікаў года, які адыходзіць, — поўная няздольнасць улады прызнаць сваю адказнасць за тое, што адбылося ў краіне. Гульня ў «перакіднога дурня» зайшла так далёка, што гульцы самі пачалі верыць у ідэалагічнае смецце, якое дзяржаўныя СМІ абрынулі на сваіх гледачоў-чытачоў.
Зразумела, у палітычных апанентаў улады існуюць свае крыніцы інфармацыі. Так было заўсёды. Аднак ніколі яшчэ дзве рэальнасці — намаляваныя на грошы падаткаплацельшчыкаў і на грошы Дзярждэпу — не разыходзіліся паміж сабой так кардынальна. Прыклад з рэвалюцыяй і каляровай рэвалюцыяй — толькі адзін са шматлікіх.

«Большасць» нікуды не знікла

Беларуская рэвалюцыя, нягледзячы на шматлікія заявы АП, не стала інструментам барацьбы за ўладу ў рэжыме «тут і цяпер». Аднак, у поўнай адпаведнасці з Вікіпедыяй, яе можна лічыць радыкальным, карэнным, глыбокім, якасным змяненнем, скачком у развіцці грамадства.
АП не заўсёды трапляе пальцам у неба. Складана, напрыклад, не пагадзіцца з наступным адкрыццём: «Нешта з намі адбылося. Я ўпэўнены, што гэта толькі пачатак. Паверце, вы прыгадаеце мяне праз паўгода-год і ўбачыце, што гэта толькі пачатак».
«Верым, можам, пераможам!» Верым і ў тое, «што гэта толькі пачатак». Не сёння народжаны слоган за некалькі месяцаў напоўніўся рэальным зместам. А тое, што людзі лічаць рэальным, мае рэальныя наступствы (закон Томсана). Пра гэта ж у першы дзень 1905 года пісаў Ленін у нелегальнай газеце бальшавікоў: «Усеагульная вера ў рэвалюцыю ёсць ужо пачатак рэвалюцыі».
Працэс пайшоў — працэс змены грамадства. Але не трэба цешыць сябе. Так званая «большасць», па замове якой вось ужо 26 гадоў будуецца беларуская мадэль, нікуды не знікла. Яна стаілася, яна сцішылася, але не больш за тое.
Тыповы прадстаўнік «большасці» — гэта, як правіла, жыхар дэпрэсіўнай перыферыі. Ён немаладыя. Нізкі ўзровень адукацыі не пакідае яму шанцаў на атрыманне працы ў лакальных цэнтрах эканамічнага росту.Як салаўя не варта карміць байкамі, так і тыповага прадстаўніка «большасці» не пераканаць у тым, што свабода лепшая за несвабоду, але гэта не перашкаджае яму расчароўвацца ў канкрэтнай персоне. Аднак вера ў канкрэтную персону не адмяняе патрэбы ў персоне падобнага кшталту. На гэтым і трымаюцца аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы.
Кроплі сацыялагічнай інфармацыі, што прасочвалася скрозь дзяржаўныя заслоны, гэту сумную выснову пацвярджаюць. У прыватнасці, паводле даследавання навуковага супрацоўніка брытанскага аналітычнага цэнтра Chatham House Рыгора Астапені, доля прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга сярод гарадскіх жыхароў складае 38%, чырвона-зялёнага — 42%, пры 20% нявызначаных. З улікам сельскага насельніцтва (22%), працэнт прыхільнікаў афіцыйнага сцяга будзе яшчэ вышэйшым.
Параўнаем з апытаннем НІСЭПД, што наяўнасць сельскага насельніцтва ўлічвае. У чэрвені 2014 года з тым, што «такія сімвалы, як да 1995 года (з гербам “Пагоня”)», больш адпавядаюць гістарычнай і культурнай спадчыне беларускай нацыі, былі згодныя 32% — а з сімваламі, якія нагадваюць БССР, — 55%. Змены разглядзець можна, але яны непрынцыповыя.
Але хто б у цяперашні час ні праводзіў апытанні, неабходна памятаць, што ад лета беларускае грамадства знаходзіцца ва ўзбуджаным стане. Як і ў выпадку з асобным чалавекам, узбуджэнне, безумоўна, уплывае на паводзіны грамадства, але яно не мяняе яго прыроды.
Такое маштабнае ўзбуджэнне — з’ява рэдкая. У мінулым стагоддзі яно назіралася толькі двойчы: у 1917 годзе і на мяжы 1989–1990-х гадоў. Пры гэтым ўзбуджэнню грамадства папярэднічаў крах дзяржавы. Узбуджэнне, такім чынам, было следствам, а не прычынай краху расійскай і савецкай імперый.
Ні летам, ні восенню, ні ў пачатку зімы сур’ёзнай дэфармацыі беларускай дзяржавы не назіралася. Яна яшчэ не выпрацавала свой рэсурс — і таму выстаяла. Пра гэта неабходна памятаць, складаючы планы на бліжэйшую будучыню. Веданне — сіла. Без ведаў сіндрому завышаных чаканняў не пераадолець.

Новы трэнд

Узбуджэнне пройдзе. Гэта нармальна. Але набытыя навыкі сумесных дзеянняў застануцца. Гэтыя навыкі — і ёсць галоўны вынік года, што адыходзіць. Дзякуючы ім з насельніцтва фарміруецца грамадства.
«Грамадства, — тлумачыць дырэктар Лявада-цэнтра сацыёлаг Леў Гудкоў, — гэта ўстойлівая сістэма сацыяльных стасункаў, заснаваных на салідарнасці і ўзаемных інтарэсах». Фактамі салідарнасці сёння забіты інтэрнэт. Дзякуй дзяржаве. Яна не стаіць убаку ад працэсу фарміравання беларускага грамадства і рэгулярна стварае новыя падставы, якія патрабуюць аб’яднання намаганняў грамадзян для эфектыўнага адказу.
У гады палітычнай апатыі ў Беларусі ішоў працэс адаптацыі масавага чалавека да рэпрэсіўнай дзяржавы. Пад адаптацыяй варта разумець пасіўныя, галоўным чынам, рэактыўныя (на ўзор «стымул–рэакцыя») паводзіны. Гаворка ідзе перш за ўсё пра паводзіны, залежныя ад улады. Да адстойвання ўласных індывідуальных і групавых інтарэсаў справа не даходзіла.
Каб падкрэсліць ролю адаптацыі на дарэвалюцыйнай стадыі жыцця беларусаў, працытую сацыёлага Барыса Дубіна:«Устаноўка на адаптацыю — гэта нешта накшталт абцугоў, якія трымаюць сітуацыю ў цяперашнім стане, кансервуючы яе. Гэтыя абцугі нагадваюць пра тое, хто тут гаспадар і каму належыць верх гары. Але справа ў тым, што такое ж кантралюючае і кансервавальнае ўладкаванне працуе і знізу: гэта звычка на ўзроўні масы. Такі мяккі спосаб кантролю масы над самой сабой, спосаб самакантролю. Ніхто не высоўваецца, усе прыселі і аказаліся прыкладна аднолькавага росту».
Ад ролі гаспадара дзяржава, зразумела, не адмовілася, дый адмаўляцца не збіраецца. Прыклад таму — два гады калоніі і паўтара года «хатняй хіміі» за словы «не забудзем» на асфальце. Бо вельмі ж дзяржаве хочацца, каб жыццё пачалося з чыстага ліста. Новы тэрмін. Новая пяцігодка. Новая Канстытуцыя. А хто старое прыгадае, застанецца без вока.
Засталася дробязь — аформіць усю гэтую навізну на чарговым Усебеларускім народным сходзе, якому прапануецца надаць новыя паўнамоцтвы. Самы час запляскаць у ладкі і хорам выгукнуць: «Бінга!». Тым жа чытачам НЧ, што не знаёмыя з набіраючым папулярнасць неалагізмам, рэкамендую трошкі пагугліць.Існуе, аднак, дробязь: колькасць ахвочых практыкавацца ў самакантролі за час рэпрэсіўнай актыўнасці дзяржавы прыкметна зменшылася. У Беларусі сфарміраваўся новы трэнд. Ён стаў самадастатковым — і яго не спыніць.