Ультыматум для Беларусі

Расія будзе турбавацца, перш за ўсё, пра сябе. Саюзніку і стратэгічнаму партнёру давядзецца разлічваць на ўласныя сілы і не чакаць падтрымкі. 

suvenir_1_logo.gif


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаліся ў чэрвені — дзеля гэтага кіраўнік Расіі нават прапусціў матч сваёй зборнай з Егіптам на Чэмпіянаце свету па футболе. У ліпені Пуцін запрасіў беларускага калегу на сустрэчу. Той не ехаў амаль месяц, і ўрэшце выправіўся ў Сочы напрыканцы жніўня.

Варта звярнуць увагу на тое, што канкрэтнай інфармацыі па выніках гэтых рандэву — кату па пяту. Па выніках апошняй паездкі Лукашэнкі на пуцінскую яхту прэс-­служба кіраўніка дзяржавы не рабіла ніякіх гучных заяў. Толькі праз тры дні Аляксандр Рыгоравіч даў маштабнае інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь-1».

Цалкам можа быць, што затрымка з інфармацыяй была адмысловым ходам: каб прыцягнуць да гэтага інтэрв’ю больш увагі. Але ж яно пакінула больш пытанняў, чым адказаў.

Многія заўважылі, што ці не ўпершыню Лукашэнка адказваў на пытанні журналістаў з паперкай — з гатовымі тэзісамі адказаў. Канешне, гэта звычайная практыка, калі кіраўніку такога ўзроўню спачатку дасылаюцца пісьмовыя пытанні, ён рыхтуе адказы і потым агучвае іх на камеру. Аднак гэта імкнуцца не афішаваць.

Апроч таго, ніякіх рэальных адказаў пра сустрэчу з Пуціным мы не атрымалі. Па сутнасці, інтэрв’ю выглядала апраўданнем беларускага кіраўніка за рэзкія словы, якія ён дазволіў сабе на адрас Расіі раней: «Без Расіі мы нікуды», «Мы — народы з аднаго кораня» і «Расія для Беларусі — анёл-абаронца». Але за салодкагалосай рыторыкай так і не было чуваць, што ж Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі ў Сочы і чаму расійскі кіраўнік так доўга і ўпарта чакаў беларускага калегу.

Для таго, каб абмеркаваць кандыдатуру новага расійскага пасла? Гэта і аспрэчыў сам кіраўнік Беларусі, што было ці не адзіным сэнсоўным кавалкам яго размовы з тэлевізійшчыкамі.

Палітолагі і аналітыкі лічаць, што нешта на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна «не зраслося» і «не склеілася». Але, мяркуючы па настойлівасці і цярплівасці Уладзіміра Уладзіміравіча і па наступнаму інтэрв’ю Аляксандра Рыгоравіча, «зрастацца і клеіцца» там не было чаму.

Хутчэй за ўсё, кіраўнік Расіі агучыў «новую эканамічную палітыку» ў адносінах да Беларусі, якая палягае ў словах: «Вучыцеся выжываць самі». Санкцыі ЕС і ЗША моцна б’юць па расійскай эканоміцы. І, падаецца, яны ўжо перакрочылі тую мяжу, калі іх можна было «адкаціць назад». Раней іх прычынай была вайна ва Украіне, а зараз фінансавыя абмежаванні ўводзяцца з-за «справы Скрыпалёў» і расійскага ўплыву на выбары ў заходніх дэмакратыях.

Калі раней можна было вярнуць Крым Украіне і сказаць: «Выбачаемся», то атручаных замежных грамадзян з таго свету не вернеш.

Расіі патрэбныя грошы. Грошы на падтрымку ўладаў марыянетачных рэспублік ва Украіне, Расія загразла ў Сірыі — напрыклад, днямі з’явілася інфармацыя, што РФ накіроўвае дадатковыя сілы на базу ў Хмеймім (хаця яшчэ 11 снежня мінулага года Пуцін урачыста загадваў вывесці расійскія войскі з Сірыі). Плюс санкцыі — і грошай на падтрымку «сяброў» не застаецца. Больш за тое, завязаныя на расійскую эканоміку «сябры» непазбежна атрымаюць аддачу антырасійскіх санкцый па сваёй эканоміцы. Для Беларусі гэтая аддача можа быць вельмі і вельмі балючай.

Расія будзе турбавацца, перш за ўсё, пра сябе. Саюзніку і стратэгічнаму партнёру давядзецца разлічваць на ўласныя сілы і не чакаць падтрымкі (акрамя маральнай). «Падатковы манеўр» Расіі што да карысных выкапняў працягнецца, адзіная нафтагазавая прастора ў межах ЕАЭС — у аддаленай перспектыве, паліва для АЭС прыйдзецца набываць па нармальным кошце. Па ўнутрырасійскіх коштах нафту, газ і ўран могуць атрымаць толькі расійскія рэгіёны, так што калі хочаце — давайце да нас.

Думаю, што Пуцін выклаў усё гэта спакойным дзелавым тонам, абмаляваўшы сітуацыю, як яна ёсць. І ў якасці першага кроку падтрымкі прапанаваў прыняць пасла Бабіча з паўнамоцтвамі спецпрадстаўніка па эканамічных пытаннях. На што Лукашэнку заставалася толькі пагадзіцца.

Пагадзіцца — і думаць, што рабіць далей. Астатнія канкрэтныя пытанні, калі яны ўзніклі ў Пуціна, Аляксандр Рыгоравіч мог нівеляваць адным чынам: «Трэба параіцца з таварышамі, такія пытанні з кандачка не вырашаюцца». А «таварышы» яшчэ не ўвайшлі ў курс справы. Не выключаю, што нядаўнія маштабныя змены ва ўрадзе былі зробленыя Лукашэнкам не толькі «пасля Оршы», але і з перспектывай ухіліцца ад абмеркавання праблемных пытанняў у размове з расійскім кіраўніком.

Па выніках сочынскай размовы Лукашэнка сказаў, што наступная сустрэча з Пуціным пройдзе ў пашыраным складзе з кіраўнікамі ўрадаў. Меркавана, гэта адбудзецца ў Магілёве ў кастрычніку падчас V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Такім чынам, кіраўнік Беларусі ўзяў паўзу, каб асэнсаваць новыя рэаліі і паспрабаваць выпрацаваць адказ на новыя выклікі. Хаця месца для манеўра ў яго, падаецца, няшмат.