Беларускі варыянт французскага анекдота

Нягледзячы на амаль чатырохразовую перавагу колькасці гарадскіх жыхароў над сельскімі, носьбіты гарадской культуры па-ранейшаму застаюцца ў меншасці.

suchasnasc__1_logo.gif

'Здавалася б, у век інтэрнэту масавая вера ў міфы павінна знікнуць. Адна справа — старажытныя грэкі з іх Зеўсам-Грамоўнікам, кентаўрамі і сірэнамі, і зусім іншае — сучасныя беларусы з сярэдняй, як мінімум, адукацыяй, заточанай на падрыхтоўку прафесійных матэматыкаў.

Крыху афіцыйнай інфармацыі, запазычанай у «Статистическом ежегоднике» за 2017 год з раздзела «Размеркаванне спісачнай колькасці работнікаў арганізацый па ўзроўні адукацыі»: вышэйшая — 33,0%, сярэдняя спецыяльная — 22,3%, прафесійна-тэхнічная — 20,5%, агульная сярэдняя — 22,2%, агульная базавая (у тым ліку агульная пачатковая) — 2,0%.

Так і хочацца напісаць: «Амерыка адпачывае», ды няма часу на пошук адпаведнай статыстыкі. Таму прывяду тыповы прыклад міфалагічнага мыслення: «Палітычная сітуацыя ў 2020 годзе ў Беларусі на «прэзідэнцкіх выбарах» выдатна вядомая і нам у Беларусі, і Еўропе, і ЗША, і нашым суседзям, ды і адзінаму палітыку (АП). Яна такая: АП сумленна не выйграваў ніякіх выбараў пасля 1994 года. Ніякіх дэмакратычных выбараў у Беларусі ён выйграць не здольны, затое здольны развязаць яшчэ большыя рэпрэсіі супраць народа і працягнуць знішчаць эканоміку краіны».

Цытата запазычаная з артыкула «Прыклад Венесуэлы адкрывае акно магчымасцяў для Беларусі». Яе аўтар — кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў. Але я нездарма назваў прыведзены прыклад «тыповым». Сярод лідараў апазіцыйных партый, мабыць, няма ні аднаго, хто б ні заяўляў пра немагчымасць АП перамагчы «сумленна».

Такая перакананасць, як правіла, заснаваная на асабістым вопыце зносін апазіцыянераў з насельніцтвам. Гэта, маўляў, яшчэ 3–4 гады таму на перыферыі многія адкрыта падтрымлівалі АП. Але сёння настрой у людзей змяніўся кардынальна. Куды ні прыедзеш, з кім ні пагутарыш — усюды сустракаеш падтрымку.

Практыка — крытэр ісціны. Што можна супрацьпаставіць такім рашучым заявам? Толькі тое, што яны гучаць ужо трэці дзясятак гадоў.

«Міф, — тлумачыць дырэктар «Лявада-цэнтра» Леў Гудкоў, — па сутнасці сваёй ірацыянальны. Менавіта таму сродкаў барацьбы з ім практычна няма. Сродкі масавых камунікацый, інтэрнэт — гэта ўсяго толькі інструменты перадачы. Ім усё роўна, што трансляваць — міф ці інфармацыю, якая развейвае гэты міф».


Як у показцы пра Напалеона

Безумоўна, сумленныя выбары не зводзяцца да сумленнага падліку галасоў. Калі, напрыклад, дзяржава ўвяла манаполію на эфірнае тэлебачанне, дык усялякія размовы пра сумленнасць ператвараюцца ў пустую балбатню.

Прывяду прыклад з жыцця. У сярэдзіне 90-х гадоў аўтар «Азбука паліталогіі» працаваў дырэктарам тэлекампаніі «М4» на 8-м канале. Кампанія спецыялізавалася на навінавых праграмах. Здавалася б, выбары — яе залаты час, толькі паспявай намазваць масла на хлеб. Аднак пасля 1994 года перадатчык у Калодзішчах на час выбарчых кампаній для 8-га канала чамусьці пачынаў адчуваць патрэбу ў прафілактыцы і... адключаўся.

Што да сумленных выбараў, то яны не зводзяцца толькі да сумленнага падліку галасоў. Аднак сумленны падлік галасоў у шэрагу іншых крытэрыяў сумленнасці не мае сабе роўных. У гэтай сувязі прывяду анекдот, які я распавёў супрацоўнікам місіі БДІПЧ АБСЕ ў 2015 годзе: «У час наведвання аднаго з гарнізонаў Напалеон пацікавіўся, чаму яго кіраўнік не вітаў імператара гарматнымі залпамі. Той пачаў апраўдвацца: «Па дзесяці прычынах, Ваша Вялікасць. Па-першае, у мяне няма гармат...». «Дастаткова!» — перапыніў яго Напалеон».

Супрацоўнікам місіі, якія не зразумелі намёку, давялося патлумачыць, што ў Беларусі фармаванне ўчастковых выбарчых камісій — гэта аналаг гармат з анекдота. Калі ад спісу кандыдатаў, вылучаных апазіцыйнымі партыямі, у камісіі трапляюць некалькі працэнтаў, то гэтага цалкам хапае, каб сказаць: «Дастаткова».


Даведка

У 2015 годзе ад апазіцыйных палітычных партыі праз сіта выканаўчых камітэтаў змаглі прабіцца толькі 30 чалавек (6,4% з заяўленых). У лаяльных уладам партый прынцыпова іншы паказчык — 2906 (86,4%).


Выснова з такой статыстыкі відавочная: калі ўлады на месцах прапускаюць менш за 80% кандыдатаў у сябры выбарчых камісій ад апазіцыйных партый, то такія выбары не з’яўляюцца выбарамі, і таму любыя намаганні па іх ацэнцы на адпаведнасць дэмакратычным нормам пазбаўленыя сэнсу.


Два народы ў адной краіне

Але як бы ні падлічваліся галасы, як бы ні ацэньваліся іншыя крытэры, вынікі галасавання не могуць выйсці за мяжу, устаноўленую прыродай беларускага грамадства. А галоўнай яго характарыстыкай, пра што мне неаднаразова даводзілася пі­саць, з’яўляецца раскол. У самым агульным выглядзе ён народжаны сутыкненнем сучаснасці і сялянскага традыцыяналізму.

У Беларусі колькасць гараджан перавысіла колькасць сельскіх жыхароў у 1976 годзе, а на пачатак 2018-га ў гарадах пражывала 78,1% насельніцтва. Вось толькі якасныя змены ўсё ніяк не могуць угнацца за зменамі колькаснымі, таму працэс сацыякультурнай мадэрнізацыі па-ранейшаму далёкі ад завяршэння.

У выніку ў адной краіне жывуць як бы два народа. «Аднаму, — на думку культуролага Ігара Якавенкі,патрэбна сакральная ісціна, гарантаваная сакральнай уладай. Іншы народ сам фармуе прастору светапоглядных і палітычных каштоўнасцяў і выпрацоўвае лінію ўласных паводзінаў. Першаму такая сітуацыя бачыцца хаосам, у якім немагчыма нічога зразумець і незразумела, як жыць».

На жаль, другі народ складае ў Беларусі «большасць». Ён і забяспечыў у 1994 годзе будучаму АП перамогу на першых і апошніх дэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах. Якасць наступных выбараў «большасць» цалкам задавальняла, бо пераможцам заўсёды абвяшчаўся кандыдат, за якога «большасць» галасавала.

У табліцы прыведзеныя вынікі галасавання, зафіксаваныя сацыёлагамі НІСЭПД. Яны істотна адрозніваюцца ад афіцыйных — і не толькі таму, што прыведзеныя ад колькасці апытаных, а не ад колькасці тых, хто прагаласаваў, як гэта робіць ЦВК.

nispd.jpg


Сам пентачэмпіён любіць паўтараць, што на першых прэзідэнцкіх выбарах за яго прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў. І гэта праўда, але не ўся. У другім туры, паводле звестак ЦВК (а гэта быў ЦВК да Ярмошынай), за яго прагаласавала 80,34% ад колькасці тых, хто прыняў удзел у галасаванні, што склала 56,7% ад спісачнага складу выбаршчыкаў.

У 2006 годзе яўка была рэкорднай, рэкорднай была і падтрымка АП (58% і 63% адпаведна). Далей, нібы нітка за іголкай, узровень электаральнай падтрымкі АП ішоў следам за макраэканамічнымі паказчыкамі. Аднак ЦВК гэтага не заўважыў і адрапартаваў у 2015 годзе пра рэкордны ўзровень электаральнай падтрымкі АП — 83,5%.


Да новага сярэднявечча

Ва ўмовах імітацыйнай (электаральнай) дэмакратыі палітычная адказнасць можа быць толькі імітацыйнай. Гэтая выснова справядлівая як для АП, так і для яго апанентаў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ў сучаснай Беларусі працэс міфатворчасці падсілкоўваецца адначасова зверху і знізу.

«Выдумляць прасцей, чым даследаваць. Верыць прасцей, чым ведаць. У грамадстве міфаў і веры могуць падняцца і квітнець тыя, каму ў сучасным свеце няма на што спадзявацца», — сцвярджае эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў. Таму прыведзеныя ў табліцы вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах не прымаюць ні АП, ні яго палітычныя апаненты.

Нічога нечаканага ў гэтым няма. Калі на побытавым узроўні кожны задаволены сваім розумам, але ніхто не задаволены сваім заробкам, то на ўзроўні, які прынята ў нас лі­чыць палітычным, знайсці задаволеных сваім электаральных рэйтынгам тым больш няпроста.

Крайнімі, як заўсёды, аказваюцца незалежныя сацыёлагі, якія атрымліваюць свае вынікі «на каленках». Пра гэта шмат і пераканаўча распавядаў цяпер ужо экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі, заслужаны дзеяч навукі Ігар Катляроў. Той самы Катляроў, які на падставе шматгадовых даследаванняў высветліў, што «беларускай нацыянальнай свядомасці ўласцівая ідэя патрыятызму як найвышэйшай каштоўнасці».

Але калі і тыя, каго прынята лічыць элітай, і контрэліты рашуча адмаўляюць рацыянальнасць, што тады казаць пра грамадства? Пазбаўленае арыенціраў, яно лёгка згаджаецца трымацца далей ад сучаснасці і крочыць да новага сярэднявечча.